Мабыць доўга не будуць братамі



Згодна найноўшым апытанням, усё большая колькасць украінцаў выступае за інтэграцыю ў еўрапейскія структуры. Большасць апытаных украінцаў выказваюцца за далучэнне краіны да НАТА, за выхад з СНД і нават за ўвядзенне візавага рэжыму з Расеяй.

Яшчэ цалкам нядаўна падчас “прамой лініі” Уладзімір Пуцін назваў расейцаў і украінцаў адным народам. Ён многа гаварыў пра пагрозу, якая зыходзіць ад НАТА і Захаду на чале з ЗША. Аднак якраз туды, на Захад, звяртаюцца не проста позіркі ўкраінскага ўраду, які расейская прапаганда абзывае “фашысцкім” і “бандэраўскім”. Пасля адхілення ад улады Віктара Януковіча, новы ўкраінскі ўрад падпісаў Дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам. Яе гандлёвая частка пакуль не ўступіла ў сілу пад ціскам з боку Масквы. Што тычыцца сяброўства ў НАТА, дык пра гэта гаварылася як пра нешта больш аддаленае. У красавіку летась падчас свайго візыту ў Францыю прэзідэнт Парашэнка заявіў, што пытанне далучэння Украіны да альянсу будзе вырашацца на ўсеукраінскім рэферэндуме. Калі ён гаварыў гэтыя словы, колькасць праціўнікаў сяброўства ў НАТА перавышала колькасць прыхільнікаў. Аднак за апошні год настроі ўкраінцаў памяняліся. Паводле апытання, праведзенага ў сакавіку цэнтрам Разумкова, калі б такі рэферэндум праводзіўся, больш як 43% прагаласавалі б “за”, а толькі больш за 31% “супраць” далучэння да НАТА. Праўда, апытанне не праводзілася ў Крыме і на тэрыторыях захопленых сепаратыстамі.

“Україна разглядае сяброўства ў НАТА як адзіную гарантыю абароны дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны,” – заявіў два тыдні таму сакратар Рады Нацыянальнай Бяспекі і Абароны Аляксандр Турчынаў. У пачатку красавіка таксама прэм’ер Арсень Яцэнюк паведаміў, што Кіеў падпіша з НАТА два дакументы. Адзін, гэта мемарандум, датычны сувязі ды інфрмацыі, а другі – пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы падтрымкі, у прыватнасці, у вайскова-тэхнічнай сферы . „Україна хоча супрацоўнічаць з НАТА ў рамках праграмы “Партнёрства дзеля міру”,- паведаміў Яцэнюк. У чым дакладна будзе палягаць тое супрацоўніцтва Украіны з НАТА пакуль не удакладняецца. У любым выпадку гэта непрыемная навіна для Расеі. Яна нічога гэтак не баіцца, як Украіны ў шэрагах НАТА. Аднак, што важна адзначыць, гэтага хоча не толькі “фашысцкая хунта” ў Кіеве, але народ, шэраговыя ўкраінцы. Няўжо ўсе яны “бандэраўцы”?

Калі, як кажа Уладзімір Пуцін, расейцы і ўкраінцы – адзіны народ, дык гэта слабое адзінства. Згодна апытанню, ажно 75% украінцаў негатыўна адносяцца да самога прэзідэнта Расеі. Амаль кожны другі украінец ( 47%) выступаюць за ўвядзенне візавага рэжыму з Расеяй, а супраць – амаль 41%. У большасці таксама прыхільнікі выхаду Украіны з СНД. Больш украінцаў (амаль 59%) станоўча ставяцца да Еўразвязу, затое амаль 70% негатыўна да расейскага ўраду і кожны чацвёрты крайне негатыўна нават да грамадзян Расеі.

Змена настрояў украінцаў – лагічны вынік захопу Крыму і расейскай агрэсіі ў Данбасе. Людзі ведаюць, што на іх не напалі немцы ці амерыканцы, але нібыта свае, родныя браты, нібыта той самы народ. Але ж калі брат нападае на брата, дык ён не брат, але сволач. Таму і з’явілася песня “мы ніколі не будзем братамі”. З другога боку, гаворкі пра НАТА я лічу такімі ж непатрэбнымі, як у свой час моўны закон, а пасля закон аб дэкамунізацыі і ўсхваленні УПА. На якога чорта Украіне раздражняць Расею, калі Украіну не хутка прымуць у НАТА? Навошта называць героямі УПА, калі гэта раздражняе палякаў? Навошта правакаваць ветэранаў зраўнаваннем камунізму з нацызмам і забараняць камуністычную сімволіку дарагую не толькі для ветэранаў. Дэкамунізацыю спярша трэба праводзіць у галовах людзей. Гэта трэба было рабіць адразу пасля атрымання незалежнасці у 91-м годзе. Україна стаіць перад праблемай захавання дзяржаўнасці, выжывання. Яна павінна ступаць нібыта па замінаваным полі: асцярожна і абачліва. Любыя вынікі апытанняў публікаваць можна, але прэзідэнту, ураду і парламенту з некаторымі рашэннямі, нават поўнасцю правільнымі і слушнымі, варта паўстрымацца да лепшых часоў. Гэта ў прыватнасці тычыцца і НАТА.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ