Малебен за імпартазамяшчэнне



Як паведаміла расейскае выданне “Известие”, пасля Вялікадня ў праваслаўных храмах Масквы пачнуць маліцца за фермераў ды развіццё імпартазамяшчэння. На думку многіх публіцыстаў і аглядальнікаў, гэтым самым у сваім рабалепным стаўленні да палітыкі дзяржавы некаторыя святары пераступілі мяжу смешнасці.

Каментаваць гэтую навіну у Вялікую пятніцу даволі няёмка, але ж і з’явілася яна ў Вялікі чацвер. Намер праводзіць у храмах малебны ў дапамогу фермерам і развіццю імпартазамяшчэння пацвердзіў намеснік старшыні Сінадальнага аддзелу па ўзаемадзеянні Царквы і грамадства Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) а. Раман Багдасараў. Ён паведаміў, што саму назву малебну, дні яго служэння і перыядычнасць вызначыць той жа Сінадальны аддзел. Айцец Раман паведаміў, што хутчэй за ўсё не будзе скарыстоўвацца такая дакладная фармулёўка як “ імпартазамяшчэнне”, але “ў падтрымку сялянства”, якое спакон вякоў было апірышчам Святой Русі. “Мы спадзяёмся, што малебны дапамогуць земляробам, якія хочуць мірна працаваць”, – кажа Раман Багдасараў. Святар абураны тым, што дзяржава падтрымлівае буйныя сельска-гаспадарчыя прадпрыемствы. Тымчасам, па яго словах, гэта дробныя фермеры “спрабуюць падняць нашу расейскую сельскую гаспадарку, атрымаць добры ўраджай і, як вынік, паспрыяць працэсу імпартазамяшчэння ў краіне». Тут варта дадаць, што з пачатку сакавіка ў храме Свяціцеля Мікалая ў Маскве моляцца пра Божую дапамогу іпатэчным пазычальнікам. Настаяцелем храму з’яўляецца не абы хто, а сам старшыня Аддзелу па ўзаемадзеянні Царквы і грамадства Маскоўскай Патрыярхіі а. Усевалад Чаплін.

У студзені сёлета кіраўнік аддзелу знешніх царкоўных зносінаў РПЦ, можна сказаць, міністр замежных справаў, Мітрапаліт Іларыён заявіў, што Царква не падтрымлівае які-небудзь з бакоў канфлікту ва Украіне. “Царква заўсёды на баку таго, хто пакутуе,” – сказаў Мітрапаліт. На вялікі жаль, гэтак лічыць ён, але не многія святары і вернікі. Вось у адказ на пытанне венікаў: як маліцца за “Новарасею і апалчэнцаў”? вядомы духаўнік а. Мікалай Курняўка прапанаваў чытаць у храмах псалтыр, апалчэнцам даваць іконку Божай Маці. Апалчэнцы, паводле а. Міклая, “не павінны распуснічаць, брыдкасловіць, п’янстваваць, красці і марадзёрстваваць, тады яны дойдуць да самога Кіеву. Манах раіць выконваць гэтае малітоўнае правіла ва ўсіх гарадах Новарасеі, і тады будзе звергнутая ўлада забойцаў, якія цяпер кіруюць у Кіеве. Айцец Мікалай напісаў адмысловую малітву, у якой ёсць словы: “Даруй Божа і злітуйся над ваярамі-апалчэнцамі… якія ўсталі на абарону Новарасеі, дамоў нашых, маці, жонак і дзяцей сваіх, і дапамажы ім у цяжкой справе, каб перамагчы смяротнага ворага і выгнаць забойцаў ад улады”. Такая ж пазіцыя, ідэалізацыя і гераізацыя баевікоў Данбасу і паліванне брудам украінскую ўладу і армію, можна знайсці не проста ў дзяржаўных СМІ, але ў царкоўных парталах, такіх як “Інформ-рэлігія” ці “Праваслаўны взгляд”. Там не паведамляецца пра апалчэнца-бандзюгу з батальёну “Азоў” Арсенія Паўлава, мянушка “Матарола”, якія сам прызнаўся, што забіў 15 украінскіх палонных. У тэлефоонай размове ён брыдка лаючыся заявіў: “хачу – забіваю, хачу – не”. Расейцы не глядзяць такіх фільмаў, як здекваліся над захопленымі ў палон абаронцамі данецкага лётнішча і безліч падобных інцыдэнтаў.

Вяртаючыся да малітвы за “імпартазамяшчэнне”, я хачу сказаць сваім расейскім братам у веры: “не смяшыце людзей і самі сябе не выстаўляйце на пасмешышча”. У праваслаўным малітваслове ўжо ёсць гатовы малебн у час засухі і залеваў ды ўсялякіх катаклізмаў. У першых словах Святой Літургіі ў екцяніі ёсць просьба “а благорастворэніі воздкхов і о ізобіліі пладоў зямных”. Не выдумляйце “імпартазамяшчэння” ні “Новарасеі”, бо гэта нецаркоўныя, а палітычныя тэрміны. Не маліцеся за “воіна Ігара ( Стралкова) ні за бандзюгу “Матаролу”.  Бог такой малітвы не пачуе. І галоўнае: “не выносце прысуду, хто добры, а хто дрэнны на вайне, а маліцеся проста за ўміратварэнне і змякчэнне сэрцаў”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ