Марш выратавання гонару
У нядзелю 21 верасня амаль 30 тысяч чалавек пратэставалі у цэнтры Масквы супраць агрэсіўнай паліткі Расеі ў дачыненні да Украіны. Гэта найбуйнейшы пратэст супраць палітыкі Крамля з часу ваеннага ўмяшання Расеі ў справы Украіны. Падобныя маршы адбыліся у іншых гарадах Расеі, а таксама за мяжою.
Арганізатарамі акцыі, якая адбылася з дазволу ўладаў, былі дэмакратычныя партыі і рухі: “Яблык”, “ Салідарнасць”, “Рэспубліканская партыя Расеі-Парнас”, “ Партыя 5 снежня” і “ Партыя прагрэсу”. Марш пачаўся са спазненем, паколькі яго спрабавалі сарваць правакатары, прыхільнікі ЛНР і ДНР пад сцягамі так званай “ Наваросіі”і сваіх новаабвешчаных “рэспублік”. Яны разгарнулі плакаты: «Марш міру — марш саўдзельнікаў фашыстаў» і ахрысцілі дэманстрацыю “ Маршам здраднікаў”. Сярод дэманстрантаў былі вядомыя апазіцыйныя палітыкі: Барыс Нямцоў, Міхаіл Касьянаў, Юры Рыжоў, журналісты, грамадзянскія актывісты: Дзьмітры Быкаў, Аляксандра Рыклін. Многія прыйшлі на антываенны марш у нацыянальных украінскіх строях, у вянках. Арганізатары раздавалі ўсім жадаючым украінскія сцягі. Людзі часцей за ўсё казалі, што не хочуць вайны з братэрскім народам, не жадаюць асацыяваць сябе з расейскай агрэсіўнай уладай. „Мы можам і мы павінны спыніць братазабойчую вайну на Усходзе Украіны. Тры тысячы загіблых расейцаў і ўкраінцаў- гэта страшная цана для абодвух народаў. Досыць хлусні і распальвання нянавісці. Трэба паўстрымаць партыю вайны,”- заявіў яшчэ да пачатку дэманстрацыі Барыс Нямцоў.
Прапускаючы цераз праходы з выкрывальнікамі металу, паліцыя кантралявала і змест транспарантаў, канфіскуючы некаторыя з іх, у прыватнасці плакат з надпісам: “ Вайна ва Украіне – ганьбай Расеі”. Тым ня меней чутны былі воклічы: “ Украіне – мір”, “ Расеі – свабода”, “ Украіна – мы з табою”, “ Расейцы не хочуць вайны”, “ Расея без Пуціна”, “ Украіна – без Пуціна”, “ Расея – гэта мы,”- скандзіравалі ўдзельнікі акцыі. Дэманстранты разгаранулі антываенныя транспаранты. «Хопіць хлусіць і ваяваць» “ ,“Не – вайне супраць Украіна”, “ Рукі далоў ад Украіны”, — гучалі галоўныя лозунгі «Маршу міру» ў Маскве, які праходзіў па Бульварным кальцы, пачаўся з Пушкінскай плошчы і скончыўся на праспекце Сахарава.
Падобныя, хаця і меней маштабныя мітынгі, адбыліся ў іншых расейскіх гарадах: Санкт-Пецярбургу, Екацерынбургу, Саратаве, Пярмі, Навасібірску, Томску, Краснаярску і Барнауле. Многія трымалі здымкі расейскіх салдат, загіблых у Данбасе. “ Вярніце нашу армію з водпуску” віднеў напіс на адным з плакатаў. Гэта рэакцыя на афіцыйную інфармацыю, нібыта расейскіх салдатаў прымушаюць браць выходныя і затым іх пасылаюць ва Украіну. Удзельнікі маршу выпусцілі белых галубоў — сімвал міру. Маніфестацыя завяршылася прыняццем рэзалюцыі. У ёй гучыць перасцярога, што ў Расеі імкліва фармуецца фашыстоўскі рух, падобны да рэжымаў Мусуліні і Франка у Італіі і Гішпаніі. ” Мы грамадзяне Расеі, патрыёты сваёй Радзімы, якія вызнаем запісаныя у Канстытуцыі дэмакратычныя каштоўнасці і лічым недапушчальнай і шкоднай для нашай краіны і народу злачынную агрэсію супраць суседняй, суверэннай дзяржавы”. У рэзалюцыі заклікалася пакласці канец “агрэсіўнай аванцюры, адклікаць з Украіны расейскіх вайскоўцаў, перастаць маральна і матэрыяльна падтрымліваць сепаратыстаў у Данбасе, скасаваць контрсанкцыі супраць заходніх краін, спыніць гандлёвую і газавую вайну з Украінай”. “Мы перакананыя, што усе арганізатары вайны ва Украіне павінны адказаць за гэта перад расейскімі і міжнароднымі трыбуналамі”.
Дзяржаўныя расейскія СМІ амаль праігнаравалі марш, памяншаючы колькасць яго ўдзельнікаў і называючы яго “няўдалай спробай згуртаваць раздробненую апазіцыю”. Маўляў, мір ва Украіне і без маршу падтрымлівае большасць расейцаў, аднак сімпатыі большасці расейцаў на баку жыхароў Данбасу і гэта іх лічыць ахвярамі украінскай агрэсіі. У любым выпадку, марш паказаў, што не ва ўсіх расейцаў прамытыя прапагандай мазгі, што ёсць людзі, якія не падтрымліваюць палітыкі Крамля і якія цвяроза ацэньваюць сітуацыю. У гэтым сэнсе можна лічыць марш якраз удалым. Ён засведчыў, што ў Расеі яшчэ засталіся людзі, якія ўмеюць самастойна думаць і не вераць усяму, што ім заяўляюць з тэлеэкранаў. А вось, што тычыцца шырокага рэзанансу у грамадстве, дык яго хутчэй за ўсё не будзе.