Масква не давярае нават саюзнікам
З сённяшняга дня Расея ўводзіць узмоцнены кантроль тавараў, якія паступаюць з Беларусі і цераз Беларусь. Гэтым самым аказалася, што ў Беларусі заўчасна ўзрадаваліся магчымасцю скарыстаць у сваіх інтарэсах расейскія санкцыі на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з заходнееўрапейскіх краін.
Яшчэ пару дзён таму незалежныя беларускія медыі паведамлялі, што “кантрабанда прыносіць Беларусі вялізныя прыбыткі”. Першапачаткова здавалася, што Расея заплюшчыць вочы на факт, што ў Беларусі не ловяць крэветак і не вырошчваюць бананы, абы толькі захаваць від, што расейскія санкцыі, уведзеныя ў адказ на заходнія санкцыі, – дзейнічаюць. Аднак днямі такія спадзяванні развеяў кіраўнік Федэральнай службы па ветэрынарнаму і фітасанітарнаму нагляду Сяргей Данкверт. “Дапускаецца толькі транзіт цераз тэрыторыю Расейскай прадукцыі, якая прайшла цераз пункты пропуску на расейскай мяжы. Акрамя таго будуць створаныя мабільныя групы Мытнай службы, якія будуць дапамагаць Россельгаснагляду змагацца з кантрабанднымі пастаўкамі тавараў з Беларусі ў Расею.
Справа ў тым, што нібыта накіроўваныя ў Казахастан і далей тавары і прадукты разгружаліся і заставаліся ў Расеі. Вось у мінулыя выходныя стала вядома, што на кантрольна-прапускнум пункце ў Невельскім раёне расейскія мытнікі затрымалі і адправілі назад у Беларусь 20 тон мукі, якую везлі ў Тамбоў. Расейскае ведамства патлумачыла гэты крок адсутнасцю фітасанітарнага сертыфікату, што з’яўляецца парушэннем правілаў устаноўленых у рамках Мытнага Саюзу. “Ні адзін кілаграм мяса, ні адзін яблык не павінен паступаць без праверкі ў Расею цераз Казахстан і Беларусь”, – заявіў Россельгаснагляд. У ведамстве паведамілі, што кантрабандным шляхам трапляюць у Расеі прадукты амаль з усіх краін Еўразвязу, а таксама ЗША і Канады. У Расеі найбольш прэтэнзіяў да Беларусі. Толькі ў лістападзе выяўлена 7,5 тысяч тон нелегальна ўвезеных мясных вырабаў. Апрача таго выяўлена 11 тысяч тон расліных прадуктаў: яблык, грушаў, баклажанаў. На мінулым тыдні была затрыманая партыя 20 тон кураціны з ЗША, якая накіроўвалася ў Омск цераз Казахстан. Аказалася, што ў кантрабандыстаў самым папулярным прадуктам стала саланіна. Яна паступае з Польшчы і Нямеччыны і служыць для вырабу каўбас. У выніку санкцыяў у Расеі адчуваецца дэфіцыт саланіны і яе цана амаль зраўнялася з цаною мяса. Буйны рээкспарт супярэчыць абяцанню самога Лукашэнкі, які яшчэ ў жніўні гаварыў, што “Белерусь выконвае свае абавязацельствы перад Расеяй, не санкцыянуе рээкспарт і не падтрымлівае яго”. Затое іншая пазіцыя ў Казахстана. “Аб забароне транзіту тавараў, якія Казахстан імпартуе з Еўразвязу не можа быць і гаворкі. Мы праводзім сваю незалежную экспартную ды імпартную палітыку і ніякія абмежаванні Казахстану не павінны тычыцца,”- заявіла віцэ-міністр нацыянальнай эканомікі Мадзіна Абылкасымава.
Найноўшае рашэнне Россельгаснагляду сведчыць аб узаемным недаверы паміж партнёрамі па Мытным Саюзе і ўзмацняе гэты недавер. Выглядае, што той промысел, на які ва ўмовах санкцыяў вельмі спадзяваліся беларускія ўлады і загадзя лічылі прыбыткі, будзе працягвацца, толькі ў меншых памерах. Справа ў тым, што нялёгка адрозніць дазволеную, перапрацаваную ў Беларусі заходнюю прадукцыю, ад тае, якая проста наванава ўпакаваная. Ахвярамі такога ўзмоцненага кантролю з боку расейскіх мытнікаў могуць стаць добрасумленныя беларускія экспарцёры. Яны ўздымуць пытанне: дык навошта нам такі Саюз, які будаваўся на ўзаемным даверы і роўнапраўі, аднак мы ў ім падапарадкаваны капрызам Крамля і сталі заложнікамі яго палітыкі. Ужо на самым старце гэта вялікі ўдар па будучым Еўразійскім Эканамічным Саюзе. Беларусь і Казахстан не захочуць адчуваць на сабе негатыўныя, эканамічныя наступствы палітыкі Крамля, на якую яны не маюць уплыву. У цэлым атрымліваецца, што мелі рацыяю тыя, якія прарочылі Еўразійскаму Саюзу не самую лепшую будучыню. З крызісам даверу у рамках “тройкі” маем дачыненне ўжо цяпер.