Мова: заданне бацькоў?



Падчас анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, міністр інфармацыі Лілія Ананіч патлумачыла аcноўныя палажэнні новага “Закону аб СМІ”. Па яе словах, у прыватнасці ўладальнікі сайтаў будуць несці адказнасць за некарэктныя каментары карыстальнікаў інтэрнэт-форумаў.

Змены і дапаўненні ў закон аб СМІ былі прынятыя Палатай Прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях 17 снежня, а ўжо на наступны дзень Саветам Рэспублікі. 20 снежня дакумент падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Што важна, дзеянне абноўленага закону аб СМІ распаўсюджваецца на інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, за выключэннем патрабавання аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Паводле абноўленага закону, адпаведны орган будзе выносіць уладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў папярэджанне, калі ў інтэрнэт-форумах, каментарах і блогах будзе змяшчацца інфармацыя, распаўсюд якой або забаронены законам, або наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, або мае непраўдзівую, абразлівую інфармацыю», — сказала Ананіч. Калі каментар будзе ўтрымліваць абразу канкрэтнага грамадзяніна, гэты чалавек можа падаць у суд на яго аўтара. «Адна адказнасць не паглынае іншую. У цяперашні час Міністэрства інфармацыі вызначае пералік нарматыўных прававых актаў, якія патрабуюць удакладнення пасля прыняцця закона аб СМІ», — падкрэсліла яна. Пры гэтым міністр дадала, што „«Закон аб СМІ» ніяк не абмяжоўвае свабоду выказвання ў інтэрнэце, калі яе ўспрыймаць з пункту гледжання грамадзяніна Беларусі, патрыёта сваёй краіны”.

Лілія Ананіч закранула таксама пытанне беларускамоўных выданняў Беларусі. Па яе словах, у краіне больш за паўтары тысячы выданняў, дзве траціны з іх недзяржаўныя, але і ў тых недзяржаўных беларускамоўных выданняў няшмат і колькасць іх не павялічваецца. Нават тыя, якія зарэгістраваныя як дзвюхмоўныя, на практыцы выходзяць толькі па-расейску. Гэта не спрыяе валоданню дзвумя дзяржаўнымі мовамі. Міністр дадала, што ўвогуле гэтыя пытанні вельмі тонкія. «Мова не патрабуе прымусу, але фармаванне культурнага асяроддзя пачынаецца з дзіцячага ўзросту, і бацькі, на мой погляд, проста абавязаны дапамагаць дзецям засвойваць мовы сваёй краіны», — дадала яна. На думку кіраўніцы Міністэрства інфармацыі, у нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі (у тым ліку у газетах «Звязда», «ЛiМ», «Культура») ёсць усё, каб асвятляць тэматыку нацыянальнай мовы, культуры, літаратуры, грамадска-палітычных працэсаў.

Што тычыцца адказнасці адміністратараў інтэрнэт-рэсурсаў за змест допісаў на інтэрнэт-форумах, дык гэта справа вельмі дэлікатная. Я б не сказаў, што ў гэтым сэнсе закон нейкі драконскі. Там сапраўды поўна брыдкаслоўя, абразлівых і зняважальных фармулёвак. Некаторых допісаў проста не павінна быць увогуле. Яны як кажуць не лезуць у ніякія вароты. Карыстаючыся ананімнасцю, людзі выпісваюць такое, што ажно брыдка чытаць. Іх не толькі можна, але і трэба выдаляць у рамках аўтацэнзуры. Калі аднак гаворка ідзе пра тэксты, якія нібыта наносяць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, дык тут можа ісці гаворка пра звычайную цэнзуру. Бог ведае, што ўлады палічаць небяспечным для сябе і дзяржаўнага ладу. Такога не павінна быць, але выглядае, што яно будзе. У цэлым застаецца пачакаць і прыглядзецца, як закон будзе працаваць, як ён будзе выконвацца і якая будзе яго інтэрпрэтацыя. А вось, што тычыцца беларускай мовы, дык за яе выкладанне адказныя не бацькі, але школа. Бацькі могуць не ведаць беларускай мовы, дык яны не прышчэпяць яе і дзецям. Значыць, гэта адказнасць дзяржавы, а яна якраз ніяк не спрыяе пашырэнню беларускай мовы і ў гэтым з Ліліяй Ананіч ніяк нельга пагадзіцца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ