На чорта ізноў пра аборты



У нядзелю 3 красавіка ў Варшаве, а таксама іншых буйных гарадах Польшчы адбыліся бурныя дэманстрацыі супраць плану зрабіць закон аб абортах больш жорсткім. Гэта была рэакцыя на зачытванне ва ўсіх касцёлах Польшчы паведамлення Епіскапату Польшчы ў якім іерархі заклікалі ўвесці ў Польшчы поўную забарону абортаў.

У кароткім звароце Канферэнцыі Епіскапату Польшчы гаворыцца: “Жыцьцё кожнага чалавека ахоўваецца пятай запаведдзю дэкалога “Не забівай”. Вось таму пазіцыя каталікоў у гэтым пытанні ясная і нязменная: трэба ахоўваць з моманту натуральнага зачацця да натуральнай смерці жыццё кожнага чалавека. У пытанні жыцця не народжаных мы не можам абмежавацца цяперашнім кампрамісам выказаным у законе ад 7 студзеня 93-га года, які ў многіх выпадках дапускае аборт. Таму ў год Юбілею 1050-годдзя хрышчэння Польшчы звяртаемся да ўсіх людзей добрай волі, да асоб веруючых і няверуючых, каб яны прадпрынялі дзеянні накіраваныя на поўную, законную абарону жыцця не народжаных, гаварылася ў звароце. Цягам 23 гадоў у Польшчы дзейнічаў закон згодна з якім аборт быў дапушчальны ў чатырох выпадках: калі цяжарнасць пагражае жыццю і здароў’ю маці, калі плод пашкоджаны і не дае шанцаў на жыццё дзіцяці і калі цяжарнасць з’яўляецца вынікам злачынства, у прыватнасці згвалтавання ці кровазмяшэння. Улічваючы гэтыя выпадкі, эпіскапат заклікаў парламентарыяў і кіруючых асоб “каб яны выступілі з заканадаўчымі ініцыятывамі і задзейнічалі праграмы, якія гарантавалі б канкрэтную дапамогу бацькам хворых, непаўнаспраўных і пачатых у выніку згвалтавання дзяцей”.

Вось тое, што жанчына абавязана нараджаць дзіцё ў любым выпадку, без аніякага ні медычнага ні разумнага выключэння, выклікае пратэсты і гарачыя дэбаты. “Не – катаванню жанчын”, “Пекла жанчын – працягваецца”, Маё цела – мая справа”, “Не хочам каталіцкага шарыяту”, – такімі былі галоўныя лозунгі шматтысячнай, нядзельнай маніфестацыі. Сімвалам супраціву стала вешалка для вопраткі. “У мінулым даведзеныя да роспачы і пазбаўленыя правоў жанчыны з іх дапамогай спынялі цяжарнасць. Не дазволім, каб гэты жорсткі і варварскі закон аднавіўся”, – напісалі ў Фэйсбуку арганізатары акцыі.

Праведзенае апытанне паказала, што абсалютная большасць: ад 53 да 80% апытаных падтрымліваюць цяперашні, кампрамісны закон. Затое не падлягае сумневу, што патрэбная для прыняцця новага закону большасць у Сейме збярэцца. І гэта няважна, што ў выніку Польшча патрапіць у разрад усяго дзясятка краін такіх, як Ватыкан, Нікарагуа, Гватэмала, Іран і Судан, дзе аборты забароненыя поўнасцю.

Мяркую, што палякі атрымалі яшчэ адну падставу для вострага падзелу і супрацьстаяння ў вельмі далікатным, этычным пытанні. Каварнасць новага законапраекта бачу ў тым, што верніку не дадзена альтэрнатывы. Ён не можа сказаць: “Я за тое, каб забіваць”. Я асабіста, таксама лічу, што запаведзь “не забівай” актуальная ва ўсе часы. Аднак поўная забарона абортаў цягне за сабой мноства іншых наступстваў і чалавечых трагедый. Гэта ў прыватнасці адмова ад прэнатальных абследаванняў. Маўляў, навошта кантраляваць развіццё цяжарнасці, калі жанчыне і так прыйдзецца нарадзіць любое, нават самае пачварнае дзіцё? А што калі плод ужо мёртвы? А хто хаця б матэрыяльна дапаможа жанчыне, якая нарадзіла дзіцё няздольнае да жыцця? Магу сказаць з упэўненасцю: біскупы не дадуць на гэта ні аднаго свайго гроша. А што мае рабіць дзяўчына згвалтаваная, нават родным бацькам? Ці яна павінна выхоўваць дзіцё злачынца? Такіх спецыфічных сітуацый бывае болей. Вось таму той кампраміс быў разумны і не цямлю, навошта было яго чапаць. Пастулат Епіскапату ставіць у дурным становішчы саміх біскупаў як і многіх палітыкаў.

У свой час супраць таго, каб закон аб абортах зрабіць больш жорсткім, быў Яраслаў Качыньскі, яго брат-прэзідэнт Лех з першай дамай Марыяй і многія іншыя палітыкі. Што цяпер скажа лідар кіруючай партыі? Што тады памыляўся, а цяпер на яго прыйшло прасвятленне? Сітуацыя надзвычай клапатлівая і абсалютна нікому непатрэбная.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ