Надзвычай падазроны супраціў
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў супраць міжнароднага расследвання катастрофы малайзійскага самалёту 17 ліпеня мінулага году. У размове з прэм’ерам Галандыі Маркам Рутэ Пуцін заявіў, што стварэнне міжнароднага трыбуналу ён лічыць заўчасным і контрпрадуктыўным.
Згодна паведамленню прэс-службы Крамля, “стварэнне міжнароднага Трыбуналу для прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, адказных за знішчэнне малайзійскага авіялайнера, – празмерна спешнае. Дзеля гэтага патрэбная актыўная праца для заканчэння міжнароднага расследавання, якое павінна быць дбайным і аб’ектыўным, мець незалежны і ўсебаковы характар – у поўнай адпаведнасці з пунктамі рэзалюцыі 2166 Рады Бяспекі ААН, прынятай 21 ліпеня 2014 года з ініцыятывы Расеі. Пры гэтым прэс-служба Крамля звярнула ўвагу на недапушчальнасць распаўсюду медыйных, неправераных чутак, якія маюць яўна палітызаваны характар. Інакш кажучы, да заканчэння следства, ніхто не мае права выказваць ніякіх гіпотэзаў, варыянтаў, сваіх высноваў, пакуль нейкая найвышэйшая інстанцыя не заявіць, што малайзійскі самалёт хутчэй збілі марсіяне, ці іншы іншапланетнікі, толькі не расейская ракета пад вядомай назвай “Бук”. У свой час Пуцін гаварыў, што ўзбраенне спецназаўацаў, вядомых пад назвай “зялёных чалавечкаў”, можна набыць у любой краме, але ракетаў “Бук” альбо ім падобных не купіце ў ніводнай краме.
Расейскія афіцыйныя асобы паслядоўна супраціўляюцца міжнароднаму расследванню авіякатастрофы. 14 ліпеня пра “заўчаснасць і контрадуктыўнасць” следства без удзелу расейскага боку заявіла расейскае Міністэрства замежных справаў. “Контрпрадуктыўнасць” у сэнсе памылковага вердыкту яшчэ неяк можна патлумачыць, але “заўчаснасць” не паддаецца ніякаму разумнаму вытлумачэнню. У выніку катастрофы “Боінга 777” , які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала Лумпур, загінулі 298 чалавыек, найбольш грамадзян Галандыі. Сваякі загіблых, авіякампанія і ўрады шэрагу краін маюць права ведаць пра сапраўдныя прычыны катастрофы. Згодна папярэднім вынікам следства, самалёт быў збіты ракетай, выпушчанай з наземнага комплексу супрацьпаветранай абароны “Бук”. Авіялайнер мог быць збіты ўкраінскай авіяцыяй, толькі яе там не было. Тэрыторыя, кантраляваная сепаратыстамі, ахоплівае каля 100 кіламетраў. Самалёт мог быць збіты выключна з тэрыторыі кантраляванай сепаратыстамі. Хто запусціў ракету, гэта павінна быць прадметам следства. Таксама і тое, як такая зброя з’явілася ў руках сепаратыстаў. У краме яе не набылі. Такія ўстаноўкі маглі быць толькі пастаўленыя сепаратыстам Расеяй на выпадак атакаў з боку ўкраінскай авіяцыі. Ніхто разумны не кажа, што малайзійскі самалёт збілі наўмысна. Гэта не было б выгадна нікому: ні Расеі, ні Украіне, ні сепаратыстам. Гэта магла быць звычайная памылка альбо непрафесіналізм. На экранах радараў убачылі нераспазнаны самалёт непадалёку расейскай мяжы. Першая думка магла быць такая, што гэта нейкі чарговы траспартны ўкраінскі самалёт. Таму і запусцілі ракету, не падазраючы і не здагадваючы, якую зрабілі памылку. Пасля расейскія медыя плялі, што гэта ўкраінцы спрабавалі збіць самалёт з Пуцінам, які як раз у той час вяртаўся з Еўропы. Усё гэта лухта. Хутчэй за ўсё Расея наўмысна не збівала пасажырскі смалёт, але яна нясе ўскосную адказнасць за гэты трагічны інцыдэнт. Вось таму гэтак упарта супраціўляецца нават міжнароднаму расследванню гэтага здарэння. А гэты супраціў якраз падаецца надзвычай пазароным.