Нацызм і камунізм: абое рабое



Міжнародныя медыі актыўна каментуюць учорашнюю “прамую лінію” расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У цэлым ён нікога нічым не здзівіў, але яго погляд на некаторыя справы сустрэўся з поўным непрыманнем, у прыватнасці перакідванне ўсяе віны на іншых, толькі не на сябе.

У сувязі з набліжэннем Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Пуцін ахвоча адказаў на пытанні, датычныя скажэнняў гісторыі. Расейскія ўлады не раз вінавацілі Захад і асобных палітыкаў ці гісторыкаў у спробе «перапісаць гісторыю». Кожная згадка пра тое, што існавала цэлая міжнародная кааліцыя, што быў заходні, усходні і паўдзённы фронт, расейцаў раздражняе. Яны лічаць, што  вырашальны ўклад у перамогу над фашызмам належыць Савецкаму Саюзу і мужнай Чырвонай Арміі. Колькі дапамаглі ім зброяй, сыравінай і харчамі Злучаныя Штаты, колькі пралілі крыві заходнія саюзнікі расейцаў мала цікавіць. Гэтую праўду яны памяншаюць і замоўчваюць. Роўна як і тое, што савецкія салдаты рабавалі ўсё, што папала: ад цэлых заводаў, да твораў мастацтва. Яны масава гвалтавалі нямецкіх і не толькі нямецкіх жанчын на вызваленых імі тэрыторыях. Пра гэтую ганебную з’яву гавораць многія ветэраны, але іх не дапускаюць да голасу, альбо абзываюць нацысцкімі служкамі. Чырвонаармейцы паводзілі сябе як варвары і дзікуны. Яны маглі грэцца пры кастры, у які кідалі антычную мэблю і карціны. Нават ва ўспамінах маіх бацькоў, або творчасці Сакрата Яновіча адчуваецца тое пагардлівае стаўленне простых, незаможмных сялян да тае “доблеснай” савецкай арміі. “Бязгалоў’е і галадранства” – лаяліся і плявалі звычайныя, працавітыя і дбайныя пра зямлю і жывёлу гаспадары.

У Расеі пры Пуціне фармуецца адзіны, правільны погляд на гісторыю. Расейцаў у прыватнасці абурыў украінскі закон пра дэкамунізацыю і зраўнанне нацызму і камунізму. Пуцін лічыць, што гэта абсалютна розныя рэчы і нельга ставіць паміж імі знак роўнасці. Па словах расейскага прэзідэнта, «нацысты прама, адкрыта і публічна абвясцілі адной з мэтаў сваёй палітыкі знішчэнне цэлых этнасаў — яўрэяў, цыган, славян. Пры ўсёй пачварнасці сталінскага рэжыму, пры ўсіх рэпрэсіях, нават пры ўсіх высылках цэлых народаў усё ж такі мэты поўнага знішчэння іх  сталінскі рэжым ніколі перад сабою не ставіў,” – заявіў Пуцін. Ён катэгарычна супраць таго, каб аднолькава асуджаць адных і другіх.

Сапраўды, нацысты паставілі перад сабою мэту знішчэнне габрэяў, цыганоў, і затым паняволенне ды рабскую эксплуатацыю іншых, нібыта горшых нацыяў, у тым ліку славян. У рамках барацьбы за расавую чысціню і здароўе, яны знішчалі гомасэксуалістаў, псіхічна хворых і калек. Гісторык Андрэй Зубаў прызнае, што сапраўды бальшавікі і камуністычны рэжым, не казалі і не планавалі знішчэння цэлых народаў. Затое яны планава і сістэматычна зьнішчалі ідэалагічных праціўнікаў, класавых ворагаў, цэлыя сацыяльныя слаі і групы: арыстакрытыю, капіталістаў, інтэлігэнтаў, афіцэраў, святароў, купцоў і настаўнікаў. Знішчалі самых вартасных, разумных, творчых і перспектыўных людзей, і што самае галоўнае – сваіх. Гітлер ставіўся нашмат лепей нават да сваіх габрэяў. Першыя канцлагеры прыдумалі не нацысты, але бальшавікі пры Леніне. Сталін толькі пераняў, удасканаліў і пашырыў ленінскую злачынную палітыку. Хай абодва будуць праклятыя разам з тымі, хто іх апраўдвае.

12 красавіка Папа Францішак назваў злачынствы сталінізму адной з самых вялікіх трагедый XX стагоддзя, у адным шэрагу са злачынствамі нацызму і генацыдам армян. Па-мойму, часта ўжыванае ў Беларусі паняцце “сталінізм”, гэта свайго роду эўфемізм, змякчэнне з дапамогай абмяжавання да аднаго перыяду злачынстваў камунізму. Тымчасам увесь камунізм у сваёй практыцы быў нечалавечны, крыважэрны і злачынны. Ён нават у сваёй ідэалогіі не быў справядлівы, бо роўнасць гультая і працавітага, не з’яўляецца справядлівай. Расейцы павінны нарэшце расплюшчыць вочы і назваць гістарычныя факты сваімі імёнамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ