Не хочуць расплачвацца за Крым



Сёння ў Маскве пройдзе доўгачаканая і маштабная прэс-канферэнцыя Уладзіміра Пуціна. Яна супала з надзвычайнай абстаноўкай у краіне, рэзкім пагаршэннем фінансава-эканамічнай сітуацыі калі расейцы ўжо плацяць высокую цану за палітыку кіраўніцтва дзяржавы сімвалам якой стаў вокліч „Крым-наш”.

Як паведаміў прэс-сакратар Пуціна – Дзмітрый Пяскоў, юбілейная, дзясятая па ліку прэс-канферэнцыя кіраўніка дзяржавы будзе „вялікай”, у сэнсе неабмежаванасці тэмаў і часу. Пуцін збіраецца адказваць на пытанні столькі, колькі палічыць патрэбным. А што тычыцца таго, якія гэта будуць пытанні, дык вядома, што розныя, у тым ліку і непрыемныя для расейскага кіраўніка, хаця і з большага адсеяныя. Аднак несумненна асноўнымі будуць пытанні датычныя абвалу расейскага рубля і перспектыва глыбокага, эканамічнага крызісу. Не можа не прагучаць спрадвечнае пытанне: хто вінаваты? Пуціну прыйдзецца адказаць і на гэтае пытанне, хаця адказ – прадказальны. Напэўна не ён сам! Хутчэй бяздарныя чыноўнікі на чале з прэм’ерам, агульная сітуацыя ў свеце, хутчэй змова знешніх ворагаў, нават іншапланецяне, толькі не гаспадар Крамля. Не. Такога адказу напэўна не дачакаемся.

Аднак з учорашняга дня ў Расеі жыва абмяркоўваецца заява губернатара Краснадарскага края – Аляксандра Ткачова. Выступаючы на сесіі заканадаўчага органа Кубані ён у якасці першага з ліку афіцыйных асоб у дзяржаве пасмеў звязаць далучэнне Крыма і эканамічны крызіс у Расеі: „Мы збіраем плён нашых заваёваў, палітычных перамогаў нашай краіны. Гэта расплата, цана, якую эканоміка і жыхары краіны рана ці позна будуць вымушаныя раздзяліць з прэзідэнтам, з урадам, з краінай. Таму, што цудаў не бывае. Нам здавалася, што калі далучым Крым – нічога не адбудзецца. Захад і Амерыка заплюшчаць на гэта вочы, а Расея застанецца моцнай і стабільнай. Усё будзе па-ранейшаму паспяхова і добра. Але-ж калі пачытаць аналітыку і выказванні нашых замежных партнёраў, дык яны прадказвалі і на гэта разлічвалі – падарваць знутры эканамічную моц краіны. Мы ж усе пляскалі ў далоні, мы ж усе казалі, што выдатна, Крым наш. Значыць, мы павінны падзяліць не толькі гэтую адказнасць, але і гэтую ношу, гэтыя страты”, – сказаў Ткачоў.

Мяркуючы па выказваннях на інтэрнэт-форуме „Эха Масквы”, падтрымка палітыкі Крамля з боку расейцаў не такая ўжо безагаворачная і стопрацэнтная. Праўда, многія бэсцяць Ткачова. Маўляў, Сталін даўно б такіх як Ткачоў паставіў пад сценку. Яшчэ іншыя радыя былі б яго бачыць за кратамі, як здрадніка, неўдзячнага чалавека якому Пуцін дараваў не адзін грэх, які аднак цяпер, у момант пагрозы бы той пацук уцякае з карабля. Але іншыя заяўляюць, што яны не пляскалі у далоні пасля анексіі Крыма. „У маёй сям’і такіх не было. Былі толькі сорам і жах. Яны і засталіся”,  – напісаў адзін з удзельнікаў форуму.

„Не кажыце, што ўсе пляскалі. Той, хто пляскаў хай і раздзеліць цяжар перамогі. А мне, калі ласка, праіндэксуйце заробкі і дэпазіт у банку ў памеры гэтага цяжару. Я за палкоўніка не галасаваў. Ні разу”, – напісаў іншы. У рэакцыях на заяву Ткачова пераважае пытанне – чаму гэта простыя людзі павінны плаціць за рашэнні на якія яны не мелі ніякага ўплыву”. Як патрыёт я заўсёды падтрымліваў вяртанне Крыма, аднак як юрыст я разумеў, што без згоды Украіны гэта незаконна. Дык чаму гэта мы павінны раздзяліць з Пуціным адказнасць за Крым? Няўжо быў унутрырасейскі рэферэндум. Не. Дык чаму я павінен за нешта расплачвацца? Я ж не атрымліваю, як той Сечын, ніякіх дывідэндаў ад гэтай падтрымкі”, – пераканаўча напісаў яшчэ адзін інтэрнаўт.

Напэўна, гэтыя каментары ў пэўнай ступені адлюстроўваюць настроі ў расейскім грамадстве. Мабыць прыхільнікі вялікадзяржаўнай палітыкі Пуціна надалей у большасці, аднак гэта не абсалютная большасць. Вось гэтую меншасць, якая з дня ў дзень павялічваецца прыйдзецца Пуціну пераканаць, што ён мае рацыю, а яны-памыляюцца. У любым выпадку, што праблемы часовыя і варта іх перацярпець.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ