“Не падмяняйце Бога”



Прэзідэнт Польшчы падпісаў спрэчны закон аб штучным апладненні метадам “ін вітро”. Толькі адзін з пунктаў закону разгледзіць Канстытуцыйны суд. Аднак супраць гэтага закону заўзята выступае каталіцкі эпіскапат, а таксама ультра-правыя сілы і выглядае, што жарсці вакол гэтага закону не хутка суцішацца.

“Закон пра ін вітра быў з надзеяй чаканы большасцю палякаў, а я не з’яўляюся прэзідэнтам чалавечых сумленьняў”, – заявіў Камароўскі пасля падпісання закону, мабыць, апошняга за 5 гадоў ягонага прэзідэнцтва.

“Я з’яўляюся прэзідэнтам грамадзян з рознымі светапоглядамі, рознай рэлігійная і палітычнай арыентацыяй. Я – прыхільнік кампрамісу. Я абавязаны дбаць пра канстытуцыйнасць законаў”, – заявіў Камароўскі. Законапраект аб лячэнні няплоднасці метадам экстракарпаральнага апладнення быў ухвалены Соймам у чэрвені, а Сэнат не ўнёс ніякіх паправак. Закон дазваляе бяздзетным сужонствам і асобам у легалізаваных саюзах пакарыстацца метадам “ін вітра”, калі не дало вынікае традыцыйнае лячэнне цягам, як мінімум, 12 месяцаў. Закон дазваляе карыстацца зародкамі ад іншых асоб, аднак забараняе іх выкарыстоўваць у іншых мэтах альбо знішчаць. Спрэчным з’яўляецца толькі пытанне, ці даўцам генетэчнага матэрыялу можа быць чалавек, які сам сведама не ў стане даць на гэта сваю згоду. Вось гэты пункт і разгледзіць Канстытуцыйны суд.

“Закон пра “ін вітра” – гэта вялікая перамога свабоды. Тут няма ніякага прымусу. Ніхто нікому нічога не навязвае, але закон дае шанец 1,5 мільёну па розных прычынах бясплодных сем’яў мець сваіх дзяцей. Тыя, хто пажадае пакарыстацца гэтым метадам атрымаюць гэтую працэдуру бясплатна”, – заявіла прэм’ер Эва Копач, якая сама з’яўляецца пра спецыяльнасці лекарам-педыятрам. Падпісанне прэзідэнтам закону віталі таксама палітыкі з Саюзу Левых Сілаў. “Мы ганарымся тым, што ўдалося гэтага дасягнуць. Спадзяемся, што калі будуць кіраваць правыя сілы, яны не змогуць гэтага закону адмяніць. Ён патрэбны. Гэта для нас добры дзень”, – заявіў прадстаўнік SLD-Дар’юш Ёньскі.

Аднак падпісанне закону не спыніць бурных дэбатаў і пратэстаў боку Касьцёла і правых сілаў. Каталіцкі Касьцёл, зыходзячы з аховы чалавечага жыцця і са сьвятасці на усіх яго этапах, не дапускае штучнага апладнення. Маўляў, дзіцём бацькоў адорвае даўца жыцця – Бог і неабавязкова кожная пара мусіць мець дзяцей. Таму недапушчальныя ніякія іншымі акрамя натуральных метады зачацця. Для Касцёла гэта свайго роду падмена Бога. “Зародыш ужо з’яўляецца чалавекам на самым раннім этапе разьвіцця з усімі правамі належнымі чалавеку”, – лічыць каталіцкі Касцёл. Да эмбрыёну нельга ставіцца інструментальна, як да прадмету і не не дай Бог – гандляваць імі, абменьвацца, падбіраць паводле генэтычных якасьцяў. “Гібель зародышаў у выніку апладнення метадам “ін вітра” з’яўляецца формай аборту”, – лічыць Каталіцкі Касцёл. Гэтыя самыя аргументы, плюс нейкія ідыятызмы пра монстры, калекі, няпоўнавартасныя дзеці, якія нібыта нараджаюцца у выніку “ін вітра” скарыстоўвалі ў парламенцкай дэбаце таксама свецкія праціўнікі закону. Гадка было слухаць гэтае мудрагельстваванне людзей, якія да медыцыны ні да Царкоўнага права не маюць ніякага дачынення.

Для мяне асабіста галоўнай з’яўляецца пазіыцыя маёй, Праваслаўнай Царквы. Яна ўзважаная, разумная. Царква не супраць штучнаму апладнення пры умове, што не знішчаюцца чалавечыя эмбрыёны, бо гэта ужо жывая істота. Нашы старэйшыя, дык можа і разумнейшыя браты у веры-юдэі, увогуле не супраць біямэдычным навукам, у тым ліку “ін вітра”, бо за чалавека юдаізм лічыць толькі 40-дзённы эмбрыён. Для юдаізму значна важнейшая запаведзь: “пладзіцеся і размнажайцеся”. Калі закон аб “ін вітра” недасканалы, дык удасканальце яго. Выпраўце з улікам думкі ўсіх бакоў, у тым ліку тых, хто стаў шчаслівым бацькам і маці дзякуючы метаду “ін вітра”. Тыя, хто з прычыны цэлібату ўвогуле афіцыйна не маюць дзяцей не павінны мець вырашальнага голасу. Калі даўцам жыцця з’яўляецца Сам Бог, дык хай аб тым, хто як абавязаны нараджацца не выказваюцца Яго служыцелі, асабліва цэлібатнікі.

Паводле Евангелля, “слуга не большы за гаспадара ні вучань за Настаўніка”.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ