Незалежнасць, азмрочаная скандалам



Напярэдадні сённяшняга cвята Незалежнасці партыя „Права і справядлівасць” выдаліла са сваіх шэрагаў трох вядомых дэпутатаў, у тым ліку прэс-сакратара партыі і чалавека набліжанага да лідара партыі. Яшчэ адна партыя „Саюз левых сілаў” падала ў пракуратуру заяву аб магчымасці крымінальнага злачынства з боку трох дэпутатаў.

Пра гэтую скандальную гісторыю польскія медыі трубяць ужо цягам некалькіх дзён. Тры дэпутаты: Адам Гофман, Марыюш Камінскі і Адам Рагацкі накіраваліся ў Мадрыт на пасяджэнне Камісіі юрыдычных спраў і правоў чалавека Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. На выдаткі звязаныя з падарожжам аўтамабілямі з касы Сойма яны ўзялі значную суму грошай, аднак пару дзён раней замовілі для сябе і для жонак квіткі на танны авіярэйс. Пасяджэнне дэпутатаў цалкам не цікавіла, бо яны ўсяго толькі зарэгістраваліся, але ў дыскусіі не ўдзельнічалі. Затое вяртаючыся з гэтай экскурсіі жонкі дэпутатаў усчалі драку на борце самалёта, бо вырашылі распіць уласны алкаголь. Кіраўніцтва партыі адрэагавала адразу: спярша прыпыніла іх сяброўства ў партыі а затым цалкам выдаліла іх са сваіх шэрагаў. „Для нас гэтая справа закрытыя. Спадзяюся, што бліжэйшыя дні пройдуць на дэбатах пра самаўрады, пра малыя Радзімы – заявіў на пасяджэнні Палітычнага камітэта “Права і справядлівасці” Марцін Масталерак, які пасля Гофмана будзе выконваць абавязкі прэс-сакратара партыі. Пры гэтым ён дадаў, што “ўсе павінны ўбачыць розніцу ў стаўленні да падобных скандалаў у лідара партыі Яраслава Качынскага і былога ды цяперашняга прэм’ераў: Дональда Туска і Эвы Копач. Паглядзіце, як яны паставіліся да скандала, да афёры з „Amber Gold”, праслухоўвання размоваў палітыкаў. Маўляў, у нас высока паднятая планка маральных патрабаванняў. У нас цалкам іншыя стандарты, не прамінуў пахваліцца новы прэс-сакратар. За некалькі дзён да выбараў найбуйнейшая апазіцыйная партыя паспрабавала паказаць, што яна патрабавальная да іншых, але строгая таксама ў дачыненні да сваіх сяброў. На сераду спікер Сойма Радаслаў Сікорскі склікаў пасяджэнне Канвента сеньёраў у справе праверкі замежных паездак дэпутатаў, паколькі ўсе разумеюць, што злоўжыванні з іх боку былі і раней. “Існуе такі прынцып, што калі адчувае спакусу, каб крытыкаваць іншых а сябе выдаваць за эталон маралі, дык такая кампрамітацыя асабліва кідаецца ў вочы. Гэта гісторыя пацвярджае факт, што пыха папярэднічае падзенню”, – заявіў прэзідэнт Камароўскі. Пры гэтым ён заклікаў не рабіць спешных высноваў і не казаць, што ўсе палітыкі карумпаваныя і несумленныя, бо гэта было б крыўдным абагульненнем. У любым выпадку ён напэўна меў на ўвазе Адама Гофмана, які заўсёды крытыкаваў іншых, затое не раз сам сябе асмяшыў. Дагэтуль, яго шэф – Яраслаў Качынскі быў для яго надзвычай спагадлівы, аднак зараз дэпутат яўна перабраў меру і можа нашкодзіць самой партыі. Адсюль і такая рэакцыя кіраўніцтва партыі. Паказаць, што мы лепшыя за тых, што пры ўладзе, бо мы верныя сваім ідэалам, не апраўдваем і не замоўчваем яўнага зла, а выкараняем яго і ў гэтым наша перавага.

16 лістапада ў Польшчы адбудуцца мясцовыя выбары. Для людзей, якія выбіраюць войта, бурмістра, радных, значыць людзей вядомых, якія пры гэтым вырашаюць штодзённыя праблемы, напрыклад, пабудова дарог, мастоў і г.д, гэта павінны быць самыя важныя выбары. Магчыма, з прычыны гэтага скандалу „Права і справядлівасць” ізноў іх прайграе, але што са шчодрых абяцанняў нам дадуць пераможцы? Ды нічога, акрамя таго, што могуць зрабіць. У пераможцаў рэальныя магчымасці такія ж, як і ў прайграўшых. Лозунг „мільярды для самаўрадаў” лічу самым крывадушным, бо гэтым людзям трэба заявіць: гэта не вашы мільярды, не ваша заслуга, і маючы іх любы будзе імі распараджацца. Усё ж скандал вакол трох бяздумных дэпутатаў можа мець немалое значэнне.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ