“Незалежная, але несвабодная”



Сёння, 25 сакавіка, у дэмакратычных сілаў Беларусі і беларускіх патрыётаў нацыянальнае свята – “ Дзень Волі”, 98-я гадавіна абвяшчэння БНР, незалежнай беларускай дзяржавы. У сёлетнім пасланні старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла адзначыла, што, на вялікі жаль, ужо цягам чвэрць стагоддзя Беларусь “незалежная, але несвабодная”.

Па словах старшыні Рады БНР, 25 сакавіка 1918-га адбыўся цуд: паняволены, зняможаны вайной беларускі народ заявіў, што „з гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай“ …дзякуючы рашучасці нашых продкаў у 1918-м годзе, дзякуючы жыццяздольнасці кожнага з нас – Беларусь жыве, – заявіла Івонка Сурвіла. Краіна і народ жывуць, незважаючы на ўсе жахі ХХ стагоддзя, войны, генацыд, выгнанне, на ўсе спробы знішчэння мовы, культуры, веры і пачуцця годнасці… І вось ужо чвэрць стагоддзя наш край незалежны — але ўсё яшчэ несвабодны… Жадаю вам сёння мужнасці і вытрываласці. Мы яшчэ пабачымся ў вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў. Жыве Беларусь!” – заявіла да сёлетняга Дня Волі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

«Незалежныя але несвабодныя», вось мабыць тая ключавая фраза яе сёлетняга паслання. Такое сапраўды магчымае. У гісторыі было і зараз ёсць шмат краін, якія палітычна незалежныя, нават вельмі непадатлівыя на ўсе знешнія ўплывы, але там няма і гутаркі пра аніякую свабоду. Такім быў Савецкі і Саюз і самым яркім сучасным прыкладам з’яўляецца Паўночная Карэя. Аб той несвабодзе, ці лепш сказаць – няпоўнай свабодзе, можна гаварыць у выпадку Беларусі. Кожны год дэмакратычныя сілы і партыі просяць дазволу на шэсце і мітынг з нагоды Дня Волі. Дазваляюць пераважна збірацца на плошчы Бангалор, што аднак заяўнік акцыі лічаць прыніжальным. Былы палітвязень Мікола Статкевіч прапанаваў сабрацца у 17 гадзін у парку Янкі Купалы, ускласці кветкі да помніка, а затым прайсці да Акадэміі Навук. На думку Статкевіча, улады робяць вялікую памылку, ігнаруючы Дзень Волі  і не даючы дазволу на яго адзначэнне ў самым цэнтры горада. На думку Статкевіча, сімвалічна было б яго адзначаць у самых знакавых месцах. Зрэшты БХД заклікала прадстаўнікоў уладаў далучыцца да акцыі, што, вядома, нерэальна. Затое намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што дазволеная Менгарвыканкам акцыя пачнецца з 18-й гадзіны каля кінатэатру «Кастрычнік». Надпісы на плакатах і транспарантах будуць адпавядаць асноўнай тэме — гэта эканамічная і палітычная незалежнасць Беларусі, пагроза з боку Расеі, неабходнасць выхаду Беларусі з саюзаў на постсавецкай прасторы. Аднак, па яго словах, удзельнікі акцыі не збіраюцца ісці паводле падказкі ўладаў да плошчы Бангалор. «На саму плошчу Бангалор не пойдзем, спынімся і разыдземся на падыходзе да яе», – заявіў Кастусёў.

Як адбудуцца сённяшнія акцыі – паглядзім. Сам фармат акцыі ці некалькіх акцыяў мне падаецца другарадным. Сёння ў каталікоў і пратэстантаў Вялікая Пятніца, час смутку і жалобы. Не выключана, што гэта паўплывае таксама на колькасць удзельнікаў акцыі. Улічваючы пасіўнасць і зняверанасць беларускага грамадства, як кажа Івонка Сурвіла, гэта «цуд», што людзям увогуле хочацца адзначаць падзеі амаль стогадовай даўніны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ