Незразумелая змена пасады



Радаслаў Сікорскі, былы міністр замежных справаў Польшчы, афіцыйна стаў спікерам польскага Сойму. На пасадзе міністра яго замяніў Гжэгаж Схетына, дасведчаны і ўплывовы у сваёй партыі, але дагэтуль маргіналізаваны палітык. Гэтыя дзве асобы выклікаюць найбольш рознагалоссяў і пытанняў пра сэнс гэтых зменаў.

Спікер Сойму ў Польшчы лічыцца другой пасля прэзідэнта асобай у дзяржаве, аднак прызначэнне на гэтую пасаду не ўсімі ўспрыймаецца як павышэнне. 51-гадовы Сікорскі займаў пасаду міністра замежных справаў цягам 7 гадоў і за гэты час стаў аўтарытэтным палітыкам на еўрапейскай, палітычнай сцэне. Змена на пасадзе прэм’ера і невялікія перастаноўкі ва ўрадзе былі наступствам таго, што лідар кіруючай партыі “Грамадзянская Плятформа” і прэм’ер Дональд Туск атрымаў прэстыжную пасаду у Брусэлі: стаў старшынём Рады Еўразвязу.

За прызначэнне Сікорскага на гэтую пасаду аддалі галасы 233 дэпутаты пры 220 неабходных для прыняцця рашэння. Супраць Сікорскага прагаласавалі 143 дэпутаты і 62 устрымаліся ад галасавання, у прыватнасці Саюз Левых сілаў. «Дзякую фракцыям, якія не вылучылі іншага кандыдата на пасаду старшыні Сойму. Дзякую тым, хто за мяне прагаласаваў і тым, хто яшчэ не паверыў у маю кандыдатуру. Я хачу заслужыць ваш давер дзеяннямі, а не прамовамі», — сказаў новапрызначаны старшыня галоўнай заканадаўчай палаты польскага парламенту. Ён звярнуў увагу, што дзейнасць Сойму палякі ацэньваюць найгорш з усіх дзяржаўных органаў. Гэта праўда, бо складваеца ўражаньне, што дэрутаты не займаюцца прыняццем законаў, але бясконцай грызнёю, узаемным паліваннем брудам, узаемнымі абвінавачваннямі. Сікорскі прызнаў, што бясконцыя спэчкі, унутраная вайна кіруючых партыяй з апазіцыяй надакучылі грамадзянам, не выклікаюць даверу да Сойму і гэта трэба змяніць.

«Нам варта задумацца над тым, што атмасфера супрацьстаяння не спрыяе заканадаўчай працы, не дадае нам папулярнасці. Падчас кожнага свайго выступу мы павінны паказваць, што знаходзімся тут, каб вырашаць, а не ствараць праблемы», — адзначыў Сікорскі, і дадаў, што давяраюць Сейму ўсяго 18% палякаў. Для параўнання, прэзідэнта падтрымліваюць тры чвэрці палякаў. “Да канца дзйнасці Сойму гэтага скліканьня мы павінны салідарна падтрымаць два прыярытэты, пра якія гаварыў прэзыдэнт Камароўскі, – умацаваць польскую сям’ю і абарончыя здольнасьці,”- заявіў новы маршалак Сойму.

Апазіцыя з самага пачатку была супраць прызначэння Сікорскага на гэтую пасаду. Дэпутат ад “ Права і справядлівасьці” Кшыштаф Шчэрскі кпіў з гэтага прызначэння і заявіў, што Сікорскі трапіў у Сойм, бо яго не хацелі ні ва ўрадзе, ні ў НАТО, ні ў Еўразвязе. Ён прыгадаў ранейшыя выказванні Сікорскага, што апазіцыю трэба “дарэзаць і знішчыць”. “ Сікорскі ўскладніць працу Сойму заміж таго, каб быць гарантам стабільнасьці,”- адзначыў Шчэрскі.

Многія палітыкі і аглядальнікі падкрэсліваюць няпросты характар Сікорскага, схільнасць да спрэчак і вострых выказванняў, аднак якім ён будзе спікерам парламенту, яшчэ ніхто ня ведае. Затое адно можна сказаць з упэўненасцю: ён быў кампетэнтным, ангажаваным, з яснымі поглядамі і вялікім досведам міністрам замежных справаў. Гэта ён разам з прэм’ерам Тускам тлумачылі заходнім партнёрам небяспеку, якая плыве з боку Расеі і неабходнасць дапамагчы Украіне. Гэта можа азначаць, што Польшча перастане быць адвакатам Украіны, паставіць на ёй крыжык. Новы польскі ўрад робіць уражанне сфармаванага з думкай пра згуртаванне кіруючай партыі і перамогу на наступных выбарах. Калі б сітуацыя ў свеце была стабільнай і мірнай, гэта мела б сэнс. У гэтай сітуацыі адхіленне ад пасады дасведчанага міністра замежных справаў падаецца як мінімум незразумелым.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ