Новыя санкцыі ЗША і ЕЗ
Сёння павінны стаць вядомыя падрабязнасці новых, міжнародных санкцыяў супраць Расеі. Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што яго краіна будзе паглыбляць і пашыраць санкцыі ў дачыненні да фінансавых, энэргетычных і абаронных галін Расеі.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай Белым домам заяве прэзідэнта ЗША Барака Абамы. Паводле яго, гэтыя меры падвысяць палітычную ізаляцыю Расеі, а таксама эканамічныя затраты для Расеі, асабліва ў сферах, якія маюць важнае значэнне для прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і яго блізкага акружэння. Абама заявіў, што яго адміністрацыя вызначыць асаблівасці гэтых новых санкцыяў у пятніцу. Са словаў амерыканскага лідара, міжнародная супольнасць працягвае шукаць дагаворны шлях урэгулявання крызісу ва Украіне. Абама заклікаў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна працаваць з Украінай і іншымі міжнароднымі партнёрамі ў кантэксце Менскіх пагадненняў, не высоўваючы неабгрунтаваных умоў, каб дасягнуць трывалага ўрэгулявання канфлікту. Прэзідэнт ЗША нагадаў, што, калі Расея цалкам выканае свае абавязацельствы, гэтыя санкцыі могуць быць адмененыя. Калі замест гэтага Расея прадоўжыць свае агрэсіўныя дзеянні і парушэнні нормаў міжнароднага права, цана, якую яна за гэта заплаціць, будзе павялічвацца.
Паралельна з сённяшняга дня ўваходзяць у сілу санкцыі прынятыя Еўразвязам у панядзелак. Сярод еўрапейскіх краін не было адзінадумнасці. Асабліва доўга прыйшлося ўгаворваць Італію, каб і яна падтрымала санкцыі. Візавыя і фінансавыя санкцыі маюць быць пашыраныя на 24 чыноўнікі і прадпрыемствы. Гаспадарчыя санкцыі ахопліваюць забарону набыцця Расеяй сродкаў на еўрапейскіх, фінансавых рынках для нафтавых і абарончых прадпрыемстваў. Яны ў прыватнасці будуць тычыцца Газпрамбанку, а таксама Газпрамнефці, канцэрнаў Роснефці і Транснефці.
Расейскі МСЗ назваў крок з боку Еўразвязу – непрыязным і заявіў, што Масква прыйме адэкватныя захады. Па словах прэс-сакратара расейскага МЗС-у Аляксандра Лукашэвіча, такая палітыка супярэчыць інтарэсам і самога Еўразвязу. Расея ўжо рэзка скараціла пастаўкі газу некаторым краінам Еўразвязу, у тым ліку Польшчы.
Адзін з крамлёўскіх «ястрабаў» віцэ-прэм’ер Расеі Дзімітры Рагозін заявіў, што заходнія санкцыі – гэта ўвогуле стратэгічная памылка. Па яго словах, удараючы па фінансавым, гаспадарчым і нафтавым сектарах, Захад разлічвае на рост незадавальнення расейцаў зніжэннем узроўню жыцця і недаверу да кіраўніцтва краіны. Аднак, па словах Рагозіна, менавіта ў такі час выяўляюцца найлепшыя рысы расейцаў. «Санкцыі выклікаюць азлобленасць людзей, прымушаюць лепш працаваць, яны кансалідуюць людзей, гэтак уладу як і грамадства,» – лічыць ён.
Гэтыя словы не пазбаўленыя сэнсу. Калі дзяржаўная прапаганда ўмела абвінавачвае ва ўсіх бедах краіны знешняга ворага, народ гуртуецца вакол свайго кіраўніцтва. Прызвычаеныя больш да галечы, чым да раскошы расейцы адносна лёгка змірацца з недахопам некаторых тавараў, з інфляцыяй, а калі будуць перакананыя, што слушнасць на іхным баку, што яны сталі ахвярамі таго ненавістнага Захаду, то яны будуць патрабаваць узмацнення курсу ў дачыненні да знешняга ворага, нават з ужыццём зброі. У любым выпадку, на рэальныя вынікі санкцыяў прыйдзецца пачакаць.