Няўжо усё паўсюль дрэнна?



У Польшчы адзначаецца “Дзень Добрай Навіны” (DDN). На першы погляд, гэта сумнеўнае свята і слабая падстава для святкаваньня, аднак – толькі на першы погляд. Калі паглыбіцца у яго сутнасць, дык аказваецца, што яно надзвычай важнае, асабліва для нашай інфармацыйнай эпохі.

Свята было абвешчанае дакладна 15 гадоў таму, 8 верасня 2001 года ў Варшаве мастацка-літаратурным “Салонам 101” на чале з Малгажатай Бахэнскай. Гэта была польская рэакцыя на “Маніфест 2000” культурнага ведамства ААН-ЮНЭСКА. У пракламацыі, урачыстым абгрунтаванні свята чытаем наступныя словы: “кажуць, што мы жывем у эпоху заняпаду, дэкадэнцтва, сцірання маральнай чуласці, у час грамадскага расславення. Драма, сэнсацыя, гвалт і паталогія становяцца асноўным таварам нашай эпохі. Спажыўцы бясконца ненасычаныя. Насычаныя кашмарам. Яны шукаюць моцных перажывнняў, прагнуць войстрых уражанняў. Няўжо забыліся, што разбурэнне і драма, гэта не канчатковае і галоўнае светаўспрыманне? – гаворыцца ў пракламацыі. Мэтай “Дня Добрай Навіны” з’яўляецца ўцягванне медый у фармаванне аблічча рэальнасці прыязнага чалавеку, прапагандаванне Польшчы і палякаў як людзей дабразычлівых, творчых, якія шукаюць сапраўдных узроаў і аўтарытэтаў”.

У самым пачатку адзначэння “Дня Добрай Навіны” быў выдадзены надзвычайны зборнік названы “Кнігай Трэцяга Тысячагоддзя”. У ім змешчаны выказванні самых выдатных навукоўцаў, духоўных лідараў, бізнесоўцаў, грамдскіх дзеячоў, артыстаў, мастакоў, архітэктараў і палітыкаў. У ёй знайшліся выказванні такіх людзей, як славутая акторка Брыжыт Бардо, пісьменьнік, лаўрэат Нобелеўскай Прэміі Паўла Каэльё, духоўны лідар тыбэтцаў Далай Лама, прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс ды іншыя. Кніга была задуманая як пасланне для новага тысячагоддзя. Яна спасылалася на платонскую тэорыю трыадзінства дабра, праўды і прыгажосці і мела прапагандаваць станоўчы вобраз свету. Чатыры гады таму, кніга была змешчана ў Александрыйскай Бібліятэцы. Ініцыятары ўстанаўлення “Дня Добрай Навіны” заклікаюць усіх людзей стварыць сваю кнігу, свой асабісты дзённік у якім яны будуць штодня запісваць прынамсі адну станоўчую падзею, канструктыўную, аптымістычную думку, здарэнне ці уражанне.

Думаю, што “Дзень Добрай Навіны”, гэта ў ніякім разе не маргінальнае свята, альбо прынамсі такім яно не павінна быць. Асабліва для людзей звязаных з медыямі і журналістыкай. Вось я асабіста звязаны са сваім пісаным, друкаваным і гавораным амаль паўстагоддзя, ці як мінімум 45-47 гадоў. З 70-х гадоў я з жахам назіраю здзічэнне медый. Яны ўсё больш і больш эпаціруюць чытачоў і гледачоў негатыўнымі, трывожнымі, шакавальнымі навінамі. Вайна, замахі, тэрор, смерць, кроў, злачынствы, вычварэнствы лічацца топ-ньюсамі. Станоўчая падзея для іх не цікавая. Гэта не навіна. Гэтак фармаваная рэчаіснасць выглядае як свет поўны зла, пазбаўлены чалавечай дабрыні, узаемнай павагі і падставаў для радасці. Паслухайце любы выпуск навінаў на любым тэлеканале, і вы мне прызнаеце рацыю. Прызвычаеныя да такога прадстаўлення свету людзі ўжо не чакаюць паведамленняў пра дабро, ахвярнасць, зычлівасць, міласэрнасць, прыгажосць. Мэдыі знявечылі чалавечую псіхіку і шкалу каштоўнасцяў. Гэта вельмі небяспечная з’ява.

Персанальна скажу, што будучы па сваёй натуры песімістам, я усё ж заўсёды быў праціўнікам сенсацыйнай журналістыкі. Я лічу, што ў нашым не самым лепшым свеце ёсць безліч дабра, праўды, справядлівасці і прыгажосці. У сённяшню раніцу хачу вас парадаваць прынамсі адной добрай навіной: у нашым рэгіёне будзе прыемнае, вераснёвае надвор’е.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ