Палітыка авансаў
На завяршэнне свайго візіту ў Менск парламенцкая дэлегацыя Польшчы на чале з віце-спікерам Сойму Рышардам Тэрлецкім сустрэлся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў. Бакі абмеркавалі ў першую чаргу змену стаўлення Еўразвязу да беларускіх уладаў, а таксама пытанне, ці Польшча будзе надалей падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
Шчыра кажучы, калі польская дэлегацыя спярша сустрэлася з афіцыйнымі прадстанікамі, дык з’явілася думка, ці знойдзецца ў яе час і жаданне сустрэцца з апазіцыяй. Аказалася, што акрамя сустрэч са старшынямі абедзвюх палатаў Нацыянальнага Сходу і намесніцай кіраўніка МЗС-у Аленай Купычыной, усё ж сустрэча з прадстаўнікамі дэмсілаў адбылася. Больш таго, можна сказаць, што яны пачулі тое, што вельмі хацелі пачуць: яны не будць цалкам забытыя і праігнараваныя. Беларускі бок прадстаўлялі: Юрась Губарэвіч, Уладзімір Някляеў, Леў Марголін, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч і Аляксей Янукевіч. Пра тэматыку сустрэчы распавёў лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Па яго словах, кантакты на палітычным узроўні паміж Еўразвязам і Беларуссю адбываюцца і пашыраюцца авансам, спадзяючыся на тое, што дыялог прывядзе да сістэмных зменаў у Беларусі. Рышарда Тэрлецкага вельмі цікавіла стаўленне беларускіх дэмсілаў да такой палітыкі Еўразвязу.
„Ён дастаткова сумленна казаў, што на сёння яны бачаць менавіта гэты варыянт найбольш эфэктыўным для ўмацавання сувязяў, пашырэння прысутнасці Еўропы ў Беларусі”, — адзначыў Янукевіч. Інакш кажучы: у Варшаве і Бруселі зразумелі, што палітыка ізаляцыі і санкцыяў не прымусіла Лукашэнку да ніякіх саступак, дык можа больш эфэктыўнай будзе курс накіраваны на дыялог. У час сустрэчы, з боку беларускіх апазіцыйных палітыкаў прагучала думка, што дыялог з Беларуссю павінен быць абумоўлены адпаведнасцю выбараў у Беларусі агульнапрызнаным стандартам АБСЕ”, — сказаў палітык. Гэта трапная заўвага, бо польскі Сойм абіраецца цалкам інакш чым беларускі парламент. Хто б не перамог на выбарах у Польшчы, ніхто ніколі не аспрэчваў легітымнасці гэтых выбараў. З кішэнным псеўда-парламентам у Беларусі не можа на роўных супрацоўнічаць ніводзін парламент у любой краіне Еўразвязу.
Як і можна было чакаць, прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў вельмі цікавіла пытанне, якое будзе стаўленне з боку Еўропы, у прыватнасці Польшчы, да іх. Беларускай апазіцыі важна, каб кантакты з афіцыйным Менскам не прывялі да зрыву кантактаў з грамадзянскай супольнасцю. „Менавіта грамадзянская супольнасць з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Неабходна, каб падтрымка любых праектаў, у першую чаргу інфармацыйных, якія ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, не скарачалася, а павялічвалася”, — адзначыў Аляксей Янукевіч. З гэтым можна паспрачацца. Дэмсілы з’яўляюцца хутчэй прыхільнікамі, чым гарантамі незалежнасці Беларусі, а гэта дзве розныя рэчы. На сустрэчы абмяркоўвалася і пытанне польскай падтрымкі беларускіх дэмсілаў. Сустаршыня БХД Павел Севярынец узняў пытанне упартай і паслядоўнай нерэгістрацыі БХД Мінюстам. Ён выказаў занепакоенасць у сувязі з магчымым прызнаннем парламенцкіх выбараў 11 верасня. „Польская дзяржава, вядома, свабодна выбірае, з кім развіваць адносіны, але аб’ектыўна галоўныя партнёры Польшчы ў Беларусі — гэта тыя, хто абараняе дэмакратыю і свабоду, а не тыя, хто яе топча”, — заявіў Севярынец.
Ці будзе з польскага боку падтрымка дэмакратыі ў Беларусі, у прыватнасці фінансаванне інфармацыйных праектаў, не вядома. Мабыць соймавая дэлегацыя не атрымала інструкцыяў, датычных гэтага пытання. Рышард Тарлецкі запэўніў, што калі ён ці яго калегі будуць наведваць Беларусь, то акрамя чыноўнікаў яны абавязкова будуць сустракацца і з прадстаўнікамі дэмсілаў. Што гэта будзе азначаць на практыцы – пакуль невядома. Здаецца, пытанне канкрэтнай дапамогі беларускай апазіцыі будзе вырашацца на вышэйшым узроўні.