Паляванне на “ваўкоў”



Вялікі ажыятаж і бурныя пратэсты выклікала планаваная акцыя расейскіх матацыклістаў. Яны маюць намер адзначыць 70-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мотапрабегам з Масквы ў Берлін цераз некалькі еўрапейскіх краін.

Пра свой намер расейскія байкеры паведамілі на сайце мотаклубу “Начныя ваўкі” 23 сакавіка. Матацыклісты хочуць рушыць з Масквы 25-га красавіка і праехаць у Берлін цераз тэрыторыю Расеі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Нямеччыны. У Беларусі яны збіраюцца наведаць Плошчу Перамогі ў Менску, Курган Славы і Хатынь. Арганізатары не чакаюць у Беларусі ніякіх непрыемнасцяў. У беларускіх мотаклубаў добрыя адносіны з расейскімі калегамі, нават калі няма поўнага адзінадумства. Затое “Начныя ваўкі” не могуць разлічваць на цёплы прыём у Польшчы. Каля 5 тысяч польскіх матацыклістаў падпісаліся пад заклікам “Не – праезду бандытаў з Расеі цераз Польшчу”. Справа ў тым, што мотаклуб прытрымліваецца нацыяналістычных поглядаў. Ён падтрымаў анексію Крыму і нават фармаваў прарасейскія парамілітарныя фармаванні на паўвостраве. “Начныя ваўкі” падтрымліваюць сепаратыстаў Данбасу, а лідар клюбу Аляксандр Залдастанаў, мянушка “Хірург”, хваліцца знаёмствам з самым Пуцінам і атрымаў ад яго высокую узнагароду “Ордэн Гонару”. У лютаўскім нумары амерыканскі часопіс “Тайм” напісаў, што клуб выкарыстоўваецца крамлёўскай прапагандай як сродак уздзеення Расеі на Усходнюю Еўропу. Рэйды і мітынгі “Начных ваўкоў” ва Украіне, у Эстоніі, Сербіі, Румыніі і Босніі служаць пашырэнню ідэяў панславізму і расейскага патрыятызму у былых савецкіх рэспубліках. З улікам гэтага польскія матацыклісты збіраюць подпісы пад петыцыяй да міністра замежных справаў Польшчы Гжэгажа Схэтыны. У ёй нагадваецца, што лідар “Начных ваўкоў” мае забароены ўезд у ЗША ў рамках санкцыяў супраць Расеі за анексію Крыму і за падбухторванне да вайны супраць Украіны”. У сацыяльных сетках з’явіліся допісы, каб затрымаць расейскіх правакатараў на мяжы альбо заблакаваць ім праезд цераз Польшчу. У адказ на пагрозлівыя заявы польскіх байкераў Аляксандр Залдастанаў заявіў, што “матапрабег усё роўна адбудзецца”. «Наш клуб заўсёды меў трохі бунтарскі характар, тым не менш ён заўсёды абапіраўся на праваслаўныя карані і гісторыю сваёй краіны. Для нас матацыкл — сімваль нашай свабоды, наша эмблема — сымваль памяці, вернасці і гонару. Мы ганарымся сваім нічым не запэцканым мінулым, сваім расейскім імем», – заявіў Залдастанаў. Па яго словах, клуб ніколі не адрачэцца ад сваіх перакананняў і каштоўнасцяў. Адной з іх лідар “Начных ваўкоў” назваў памяць пра Перамогу ў Другой усясветнай вайне. “Мы будзем рабіць сваё, і хай нам не перашкаджаюць,” – заявіў сябра Пуціна.

Толькі нехта вельмі наіўны можа лічыць, што група расейскіх матацыклістаў хоча толькі ўшанаваць памяць “Перамогі над фашызмам”. Гэта элемэнт прапагандысцкай стратэгіі Крамля. Па словах былога еўрадэпутата Паўла Коваля, “калі банда расейскіх байкераў свабодна праедзе цераз Польшчу, гэта будзе элемэнт сімвалічнага гвалту і плявок у твар палякаў”. Аднак, арганізуючы правакацыйны мотапрабег, Крэмль і ФСБ дасягнуць сваёй мэты ў любым выпадку: ці праезд адбудзецца спакойна, ці расейскіх байкераў не прапусцяць цераз мяжу, ці ён будзе сарваны антырасейскімі інцыдэнтамі ўжо на трасе. Найлепш для расейскай прапаганды было б тады, калі б адбыліся напады на расейскіх матацыклістаў. Тады Масква атрымае чарговы доказ “апантанага польскага русафобства”.

Расея паставіла Польшчу ў сітуацыю, у якой няма добрага выйсця. Аднак, па-мойму, найразумней будзе не аглядацца, што Расея можа ў адказ не пусціць палякаў у Катынь, і ўсё ж не дапусціць уезду пуцінскіх пасланнікаў на тэрыторыю Польшчы. Памежная служба можа гэта зрабіць нават пры наяўнасці візаў і без аніякіх тлумачэнняў. Няхай “Начныя ваўкі” абіраюць сабе нейкі альтэрнатыўны шлях. Хай едуць хаця б цераз Блізкі Усход, але не шляхам Чырвонай Арміі. Забараніць ім уезд будзе разумней, чым тлумачыцца з таго, што не ўдалося гарантаваць ім бяспеку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ