Панамар – за “рускі свет” змагар



Беларуская Праваслаўная Царква дыстанцыявалася ад пагрозлівых заяваў віцебскага царкоўнага работніка на адрас беларускіх чыноўнікаў. Прэс-сакратар Менскага Епархіяльнага упраўлення пратаярэй Сяргей Лепін заявіў, што віцебскі панамар не можа выказваць пазіцыю праваслаўнага духавенства ні тым болей – пазіцыю ўсяе Царквы.

Анатоль Шлыкаў з’яўляецца панамаром у адной з віцебскіх цэркваў. Гэта свецкая асоба, якая прыслугоўвае святару, выконваючы простыя функцыі. Па словах айца Сергія, віцебскі панамар аніяк не афіцыйная асоба для БПЦ, таму не мае значэння, што ён думае і кажа. Праўда, “шкада, што існуюць такія пункты погляду,» – дадаў прэс-сакратар Менскага епархіяльнага упраўлення. Шлыкаў апублікаваў на праваслаўных сайтах “пісьмовае папярэджанне беларускім чыноўнікам”. У яго абурэнне выклікала папярэджанне, вынесенае Міністэрствам Інфармацыі выданню Віцебскай епархіі “Наша Праваслаў’е”. У адным з ранейшых нумароў выдання была надрукаваная гутарка з грамадзянкай Нямеччыны Маргарытай Зайдлер. Яна ваюе на баку сепаратыстаў на Ўсходзе Ўкраіны і заклікае праваслаўных узяць удзел у гэтай вайне.

На артыкул звярнуў увагу актывіст «Маладой Беларусі» Аляксандар Галавань. Разам з іншымі праваслаўнымі вернікамі ён звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай праверыць выпускі газеты «Наша Правослаў’е» на адпаведнасць заканадаўству Беларусі. Міністэрства вынесла газеце папярэджанне. Аднак яе галоўны рэдактар Андрэй Герашчанкаў заявіў, што папярэджанне не тычылася зместу публікацыяў. «Гэта зусім фармальнае папярэджанне. Яно тычыцца таго, што заснавальнік не накіраваў у патрэбны тэрмін інфармацыю ў Міністэрства інфармацыі. Ніякіх падстаў для папярэджання не было,» – заявіў Герашчанкаў.

Затое панамара Шлыкава ён назваў «праваслаўным дзеячом, у якога актыўная пазіцыя. Ён падтрымлівае Данбас і блізкі да поглядаў Наваросіі». Заяву Шлыкава ён назваў разумным папярэджаннем беларускіх уладаў, каб тыя сваёй пазіцыяй не дапусцілі таго, што адбываецца на Данбасе”. Аднак пісьмовы зварот віцебскага панамара надзвычай радыкальны. Ён напісаў, што «беларускія чыноўнікі за грошы амерыканскага Дзярждэпу фактычна сталі на абарону кіеўскай хунты». Панамар называе беларускіх чыноўнікаў ворагамі «рускага свету». Ад імя праваслаўных вернікаў ён кажа, што «мы зробім так, як і жыхары Данбасу». «Мы выйдзем на вуліцы, каб разагнаць дзярждэпаўскі майдан», — піша панамар. Анатоль Шлыкаў кажа, што праваслаўныя хрысціяне «рыхтуюцца да антымайдану», таксама ідзе збор подпісаў у абарону праваслаўнай газеты. «Калі раптам беларускаму прэзідэнту па нейкіх прычынах ня ўдасца ўтрымаць у краіне сітуацыю пад кантролем то мы, праваслаўныя хрысціяне, ня будзем абыякава назіраць за падзеямі, што адбываюцца. Мы зробім гэтак жа, як і жыхары Данбасу. Але ў адрозненне ад іх, мы ня будзем абмяжоўвацца адной або дзвюма абласцямі — мы вызвалім усю Беларусь ад майданшчыкаў», — ад імя праваслаўных вернікаў напісаў Шлыкаў.

Памятаю, што пасля з’яўлення ў сацыяльных сетках таго скандальнага артыкулу, я патэлефанаваў прэс-сакратару Віцебскай епархіі. Той сказаў, што артыкулу не чытаў, але папрасіў паўстрымацца з інфармцыяй пра гэта. Маўляў, « вы ж ведаеце, што і ў духавенства і вернікаў ёсць свая пазіцыя датычная падзеяў ва Украіне. Адны падтрымліваюць адзін бок канфлікту, а другія – іншы». Гэта сапраўды так. Мне самому здаралыся размаўляць з двума святарамі Наваградскай епархіі, якія цвердзілі, што «людзі за даляры ехалі дзяжурыць на кіеўскі Майдан ». Аднак у яшчэ горшай сітуацыі апынулася Украінская Праваслаўная Царква. Днямі духавенства Ковельскага дэканату заклікала ўлады не дапусціць правакацыяў з боку некананічнага Кіеўскага Патрыярхату, які абвінавачвае УПЦ у дзяржаўнай здрадзе і падтрымцы сепаратыстаў. Царква робіць якраз адваротнае, але на хвалі такіх чутак і прамаскоўскай пазіцыі асобных святароў некалькі парафіяў сапраўды выйшлі са складу УПЦ Маскоўскага Патрыярхату.

Калі б расходзілася толькі пра віцебскага панамара, дык не было б праблемы. Аднак яго пазіцыю падзяляюць і многія святары. Кіраўніцтва Царквы павінна заняць пазіцыю ў гэтай справе. А што тычыцца дзяржавы, дык « шлыкавы» – гэта прадукт расейскай прапаганды. Заміж таго, каб пераследваць незалежныя выданні, трэба перакрыць у Беларусі ўсе расейскія прапагандысцкія тэлеканалы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ