Пасланнік хрысціянскіх новамучанікаў
З афіцыйным візітам у Польшчы з 16 жніўня знаходзіцца Патрыярх Антыяхійскі і ўсяго Усходу Ян Х. Учора, у храме Святога Духа ў Беластоку ён заклікаў падтрымаць тых, што сталі ахвярамі вайны, у прыватнасці хрысціян на Блізкім Усходзе. Сёння, ён наведаў Дабравешчанскі манастыр у Супраслі, затым накіраваўся ў Варшаву адкуль паляціць у Бейрут.
Антыяхійскі Патрыярхат – адзін з 4-х старажытных Усходніх Патрыярхатаў побач з Канстанцінопальскім, Ерусалімскім і Александрыйскім, паводле традыцыі, быў заснаваны як царква у 37 годзе у Антыяхіі апосталамі Пятром і Паўлам. Патрыярхатам Царква стала ў палове V-га стагоддзя, а ў афіцыйным дыптыху праваслаўных цэркваў яна займае 3-е месца. Гістарычная сядзіба Патрыярха знаходзіцца ў Дамаску, аднак у сувязі з вайной часова яго рэзідэнцыя перанесена ў сталіцу Лібану-Бейрут. У колькасным сэнсе гэта невялікая Царква. У яе 22 епархіі, больш як 400 парафій і 2 мільёны вернікаў па усім свеце. У юрысдыкцыі Антыяхійскага Патрыярхату праваслаўныя грэкі і арабы ў Сірыі, Ліване, Іраку, Кувейце, Аб’яднаных арабскіх эміратах, Бахрэйне, а таксама ў Еўропе, абедзвюх Амерыках і Аўстраліі. Асабліва драматычная сітуацыя вернікаў гэтай Царквы на Блізкім Усходзе: у Сірыі і Іраку. Там яны становяцца аб’ектам жорсткага пераследу і фізічнай расправы з боку мусульманскай большасці. Дарэчы хрысціяне ўсіх самых старажытных, усходніх цэркваў гінуць пакутніцкай смерцю за веру, альбо падаюцца ў эміграцыю. Ісламісты знішчылі сотні хрысціянскіх храмаў і манастыроў. Тыя хрысціяне, што яшчэ засталіся на Блізкім Усходзе, ужо загінулі, з’ехалі альбо плануюць ратавацца ўцёкамі. Спярша яны намагаюцца затрымацца як мага бліжэй родных мясцін, у прыватнасці на тэрыторыі кантраляваных курдамі альбо ў Ліван.
Некаторыя з’язджаюць у Еўропу альбо Амерыку. Гэткім чынам Царква, якая выдала такіх выдатных іерархаў і святых, як: Іларыён Вялікі, Іаан Златавуст і Ян Дамаскін, губляе грунт пад нагамі на сваёй гістарычнай Радзіме. Іерархі заклікаюць міжнародную супольнасць дапамагчы ў вырашэнні канфлікту і ў стрыманні гэтага зыходу хрысціян з іх зямлі, дзе яны былі перш, чым там з’явіліся мусульмане.
“Я прыбыў сюды са шматпакутнай, сірыйскай зямлі, каб разам з Вамі засведчыць пра адзінства нашых цэркваў і маліцца за жаданы дар міру для біблейскай сірыйскай зямлі і ўсяго Усходу”, – заявіў патрыярх пасля прыбыцця ў аўторак у Варшаву. У гэты сам дзень адбылася цырымонія надання яму ганаровага дактарату Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Драматычнай з’яўляецца сітуацыя не проста праваслаўных, але ўсіх хрысціян, усіх дэнамінацый. Таму і малітвам за мір на Блізкім Усходзе быў прысвечаны ўвесь візіт Яна Х у Польшчу, у прыватнасці на Грабарцы падчас свята Прэабражэння. Пра гэта, на другі дзень пасля прыбыцця ў Варшаву патрыярх гаварыў з прэзідэнтам Польшчы – Анджэем Дудам. Кіраўнік Польшчы выказаў салідарнасць з хрысціянамі на Блізкім Усходзе і паведаміў, што Польшча актыўна ўключылася ў міжнародную акцыю дапамогі хрысціянам у Сірыі і Іраку. Патрыярх Ян заявіў, што хоць і пад уладай тыранаў, аднак раней мусульмане і хрысціяне жылі мірна. Таму неабходна пакласці канец крызісу і тэрарызму на Блізкім Усходзе. Ва ўсіх праваслаўных храмах Польшчы праводзіўся збор сродкаў на дапамогу хрысціянам Блізкага Усходу, пастве Патрыярха Яна.
Падчас свайго візіту ў Польшчу Патрыярх Ян спрабаваў прадставіць рэальную, не палітызаваную сітуацыю на Блізкім Усходзе. Гэта погляд неаднойчы вельмі далёкі ад таго, які дэманструюць палітыкі занятыя сваімі геапалітычнымі стратэгіямі. У сваіх выступленнях ён падкрэсліваў той сумны факт, што гэта вайна ў Іраку, “арабская вясна” і ўмяшанне Захаду ў звяржэнне дыктатараў без аніякай дальнабачнасці і разумення сутнасці тамтэйшых праблем, стала першапрычынай усіх далейшых бед. Хрысціяне ды іншыя меншасці сталі закладнікамі вялікай палітыкі і яе галоўнымі ахвярамі. І мабыць галоўнае, Захад надалей праводзіць палітыку і дзеянні, ад якіх хрысціянам у калысцы хрысціянства не становіцца лягчэй.