Патрыёт, ці проста…ідыёт?
Беластоцкая Пракуратура правярае, ці ў мінулую суботу падчас святкавання ўгодкаў Нацыянальна-радыкальнага лагеру ( ONR) мела месца прапаганда фашызму, альбо знявага на нацыянальнай глебе. Пакуль, за выступленне ў беластоцкай катэдры, ксяндзу Яцэку Мэндляру цалкам забаронена публічна выступаць.
Пра само існаванне ксяндза Яцэка Мэндлера я не даведаўся б, калі б не ягоная суботняя прамова ў беластоцкай катэдры, «фарным» касцёле. Я ў гэтай багаслужбе не ўдзельнічаў, бо што я там як «не-паляк» і «не-каталік» меў бы рабіць. Аказваецца, што гэты маладзенькі святар з′яўляецца душпастырам-капэлянам Нацыянальна-радыкальнага лагеру (ONR) У межах святкавання 82-й гадавіны заснавання нацыяналістычнага руху ксёндз Яцэк шпурнуў прамову: «Нуль талерантнасці для ахопленай з′едлівым ракам Польшчы і палякаў. Гэты рак патрабуе хіміятэрапіі ў выглядзе бяскампраміснага, нацыянальна-каталіцкага радыкалізму».
Паколькі ягоны выступ, затым шэсце некалькіх сотняў нацыяналістаў ды канцэрт гурту «Нордыка» выклікалі шырокі рэзананс у грамадстве, Ордэн Айцоў Місіянераў, да якога святар належыць, забараніў яму выступаць публічна і ў электронных мэдыях, арганізоўваць з′езды, сустрэчы ці пілігрымкі. Адным словам, нуль публічнай дзейнасці — заявіў афіцыйна прадстаўнік Ордэну, ксёндз Крыспін Банко. Ён дадаў, што Ордэн да якога належыць ксёндз Мэндлер не падтрымліваў і не падтрымлівае любых нацыяналістычных рухаў. З прычыны непрадуманага дазволу на Імшу ў беластоцкай Катэдры за адмысловай заявай выступіла беластоцкая Курыя. Яна папрасіла прабачэння ва ўсіх, каго абразіла дэманстрацыя нацыяналістаў у галоўным храме Мітраполіі. Справу абяцаў высветліць таксама омбудсмэн Адам Боднар. Сваё непрыманне поглядаў, якія супярэчаць хрысціянскай веры выказаў сам старшыня Канфэрэнцыі Польскага Эпіскапатау Арцыбіскуп Станіслаў Гондэцкі.
Аказваецца, што за свае ранейшыя выступленні, малады ксёндз быў паступова ізаляваны і маргіналізаваны. Ён удзельнічаў у дэманстрацыях накіраваных супраць ісламскіх імігрантаў. Часта гаварыў пра гісторыю, пра ворагаў Польшчы ў выглядзе расейскіх цароў, бальшавікоў, немцаў, камуністаў, мусульманаў і арабаў. Адказам на спробы разлажэння народу ён абвясціў нацыянальна-каталіцкі радыкалізм. Не зважаючы на палымяныя прамовы маладога святара, З Вроцлава яго перанеслі ў Закапанэ. Паколькі ён не спыняў сваю актыўнасць, тады быў сасланы ў закрыты кляштар. Аднак, будучы амаль у зняволенні, ён у сеціве публікаваў свае тэксты ў рубрыцы «Нацыяналіст у сутане». Ён далей пашыраў свае погляды, якія выказаў з нагоды Дня Незалежнасці 11 лістапада: «Ворагі Айчыны і Касцёла шалеюць бачаы вялікую армію патрыётаў, нацыяналістаў і заўзятараў, якія маюць Бога, гонар і Радзіму ў сэрцы і гатовыя за гэта ахвяраваць сваім жыццём…Не можам дазволіць, каб левая ідэалогія знішчыла Касцёл і польскі народ…Мы — ваюючы Касцёл, мы змагары за вялікую Польшчу…Мы будучыня вялікай, каталіцкай Польшчы».
Ясна, што ксёндз Яцэк не замоўкне. Ягоная папулярнасць будзе расці, бо ён становіцца змагаром за праўду, за веру і за Радзіму, якой пагражае еўрапейская секулярызацыя. У свае няцэлыя 30 гадоў я гэтак як і ксёндз Яцэк выступаў з прамовамі, якія не падабаліся начальству, але яны тычыліся майго непрымання камунізму. Аднак, я не падтрымліваю ксяндза Яцэка, бо ён для прыкладу не разумее, што ў Святой Зямлі, многія арабы з′яўляюцца хрысціянамі. Ён шмат чаго не разумее. Калі ён кажа, што «Nie lewacka. nie laicka, tylko Polska – katolicka», дык якое месца ён адводзіць мне: польскаму грамадзяніну, але праваслаўнаму беларусу?..