Перадвыбарчы двубой без сенсацыі



19 кастрычніка ўвечары, вядучыя польскія тэлеканалы і радыёстанцыі транслявалі ў жывым эфіры адмысловыя, перадвыбарчыя дэбаты паміж лідаркамі дзвюх найбуйнейшых партыяў: Эвай Копач і Бэатай Шыдла. Чакаецца, што вынік гэтай дыскусіі можа ў пэўнай ступені паўплываць на вынікі нядзельных, парламенцкіх выбараў у Польшчы.

Найперш, варта адзначыць, што ўваход і выхад Бэаты Шыдла суправаджаўся бурнай маніфестацыяй  прыхільнікаў, затое прэм’ер Эва Копач, і ўваходзіла ў студыю, і выходзіла з яе спакойна, нібы сумная, знявераная альбо задуменная. Журналістаў у студыю не пусцілі, таму дэбаты салідарна байкатавалі і фатографы. Хаця, журналісты і аналітыкі ў адзін голас назвалі гэтую праграму «дэбатамі», тэлеканалы пазбягаюць гэтай назвы, паколькі выступілі прадстаўніцы толькі дзвюх партыяў. Лідэры іншых, меншых партыяў  правядуць падобную сустрэчу 20 кастрычніка ўвечары. У любым выпадку, гэтая адмысловая, публіцыстычная праграма атрымала назву: «Бэата Шыдла — Эва Копач: Размова пра Польшчу». Лідаркі кіруючай «Грамадзянскай Платформы» і найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць» адказвалі на тры блокі пытанняў: гаспадарка і грамадства, замежная палітыка і абарона, дзяржаўны лад і палітыка. Пытанні задавалі трое вядомых журналістаў: Дарота Гаўрылюк, Крыстына Поханкэ і Пётр Красько.

«Пасля 8 гадоў скандалаў і бяздарнага кіравання «Грамадзянскай Платформы», спадарыня прэм’ер нічога ўжо Вам не скажа акрамя пустых абяцанняў. Затое, ў мяне ёсць канкрэтная праграма. Я ведаю, што рабіць, каб дзяржава сур’ёзна ставілася да грамадзян. Гэта закон пра тое, каб бацькі вырашалі, у колькі гадоў пасылаць дзяцей у школу, гэта закон аб прадпрымальніцтве, 500 злотых на кожнае дзіця і закон пра пажылых людзей. Прэзідэнт Дуда мае праграму выпраўлення Польшчы, план магчымы для рэалізацыі, калі будзе ўрад, які пойдзе гэтым самым шляхам». Гэта, па-мойму, асноўны пасыл з боку Бэаты Шыдла. Яна, бадай, пяць разоў пры самых розных пытаннях паўтарыла, што панацэяй на ўсе беды і праблемы краіны з’яўляецца згоднае супрацоўніцтва паміж прэзідэнтам і ўрадам. Інакш кажучы: калі хочаце, каб краіна развівалася і ўмацоўвалася, каб вам жылося лепей, вы павінны абраць нас, якія гарантуюць згоднае супрацоўніцтва з прэзідэнтам.

Затое, ў Эвы Копач, як прэм’ера бачная была лепшая падрыхтоўка ў сэнсе фактаў, затое меней самаупэўненасці. «Дзякуючы нам Польшча мае моцную пазіцыю ў Еўразвязе. Наша эканоміка 6-я ў Еўропе. Мы пабудавалі прыгожую краіну: знакамітую інфраструктуру, стадыёны. Мая праграма вельмі празрыстая. Моцная эканоміка і лепшыя заробкі. Польшча будзе развівацца, калі будзе захаваная фінансавая стабільнасць, калі не будзе, як у нашых апанентаў, пустых абяцанняў, калі не станецца рэпрэсіўнай,  канфесійнай дзяржавай, якая ўжо падрыхтавала новую Канстытуцыю, але саромеецца яе паказаць,» —гаварыла Эва Копач. «Я прапаную здаровы сэнс, не фанатызм, грамадзянскую Польшчу, а не канфесійную рэспубліку. Галасуйце за нас, бо мы адзіная партыя, якая можа стрымаць гэтых людзей, якіх прадстаўляе мая саперніца» — заклікала Копач. «Дык чаму многія маладыя людзі з’ехалі і далей імкнуцца з’язджаць з гэтай цудоўнай краіны» — пыталася Бэата Шыдла. «Мы маем праграму, якая іх затрымае ў краіне», —запэўнівала прадстаўніца апазіцыі.

Агулам, з найвялікшай увагай выслухаўшы дэбаты, я не даведаўся з іх нічога новага. «Мы салідныя, еўрапейскія, цывілізаваныя, прагрэсіўныя і адказныя», супраць «мы не дбаем, што скажуць у Бруселі, але слухаем голасу сваіх людзей» — прыблізна да гэтага зводзілася супрацьстаянне. На нязручныя пытанні пазбягалі адказу абедзве апаненткі і гэта раздражняла слухача і гледача. Складвалася тое самае ўражанне, як у выпадку многіх інтэрв’ю, што палітык робіць выгляд, нібы не чуе пытання, замест адказаць : так – так, не –не. У цэлым, я думаю, што абодва бакі назавуць дэбаты сваім поспехам, але, па-мойму, яны былі згуляныя ў нічыю і ніяк не паўплываюць на ўжо сфармаваныя выбарчыя прэфэрэнцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ