Перадвыбарчы фэстываль абяцанняў



У сераду 27 жніўня распачалося першае пасля летніх канікулаў 3-дзённае паседжанне польскага Сойму. Прэм’ер Дональд Туск прадставіў планы ўраду на бліжэйшыя месяцы. Ён абяцаў шэраг ільготаў розным слаям грамадства, што ўспрымаецца як пачатак кампаніі перад мясцовымі выбарамі прызначанымі на 16 лістапада.

Прэм’ер абяцаў змены, якія маюць станоўча адчуць мільёны палякаў. Пенсіянеры маюць атрымаць падвышкі паводле новага прынцыпу, хаця гэта вельмі сімбалічныя падвышкі. Нібыта на істотную дапамогу могуць разлічваць шматдзетныя сем’і. Туск хоча павялічыць ільготы і змену спосабу падаткаабкладання, якія ў выпадку шматдзетных сем’яў дазволяць ім эканоміць нават пару тысяч злотых у год. Прэм’ер дадаў, што ў бліжэйшыя 7 гадоў вялікія грошы з еўрапейскага бюджэту, прыблізна па 15 мільярдаў злотых, атрымае кожнае з ваяводстваў. “Калі разумна іх скарыстаем, гэта будзе болей сродкаў, чым некалі прадугледжваў “план Маршаля”-адзначыў Дональд Туск. Адносна бяспекі прэм’ер заявіў, што Польшча “крок па кроку” спрабуе дамагчыся павялічэння прысутнасці сілаў НАТО на сваёй тэрыторыі. Ён выказаў спадзяванне, што такое рашэнне будзе прынятае ў пачатку верасня на саміце НАТА ў Нюпарце. Пры гэтым прэм’ер адзначыў, што ўрад не мае грошай на значнае павялічэнне вайсковага бюджэту, бо яшчэ сплачвае набытыя ў ЗША знішчальнікі Ф-16. Падсумоўваючы прэм’ер заявіў, што як адказны палітык ён хоча найлепей і найбольш рацыянальна падзяліць тыя сродкі, якімі бюджэт валодае, дзякуючы польскім падаткаплацельшчыкам. Былі таксама выступленні і абяцанні з боку асобных міністраў ва ўрадзе Туска. Міністэрства Нацыянальнай Адукацыі мае працаваць над бясплатнымі падручнікамі для другіх і трэціх класаў пачатковых школаў. Міністр Вышэйшай Адукацыі абяцае значныя падвышкі для ўніверсітэцкіх выкладчыкаў. Міністр Аховы Здароў’я абяцаў лепшую апеку для анкалагічна хворых, скарачэнне чэргаў да лекараў, стварэнне Інстытуту Прастарэлых і інфарматызацыю службы аховы здароў’я. У сваю чаргу Міністр Юстыцыі абяцаў, што нарэшце ў Польшчы нармальна запрацуюць суды.

Апазіцыйным палітыкам было адведзена на выступленні ўсяго па 10 хвілінаў. Аднак яны і так амаль у адзін голас назвалі выступленні прэм’ера і яго міністраў “перадвыбарчым фэстывалем абяцанняў”. Яны, як правіла, з’яўляюцца перад выбарамі, а пасля выбараў звычайна закідаюцца. Найбольш з’едлівыя каментары можна прачытаць на інтэрнэт-форумах. Людзі цямяць, што ўсё гэта лухта, але ведаюць, што апазіцыя таксама не мае ніякіх разумных прапановаў. Тыя , што цяпер крытыкуюць уладу, самі ўжо былі пры уладзе.

Для мяне самай яркай ілюстрацыяй стану дзяржаўных структураў з’яўляецца той скандал з праслухоўваннем палітыкаў. Міністр адказны за ўнутраныя справы, у тым ліку за сакрэтныя службы прызнае, што “дзяржава не працуе”. Хоць і брыдка лаючыся ён усё-ж сказаў праўду. Бюракратычная дзяржава існуе сама для сябе, для сваіх людзей, для цёплых пасадаў, для прывілеяў, якія дае ўлада. Адна структура дублюе іншую, а тая займаецца яшчэ іншай і ўсе яны – непатрэбныя. Гэта паразіты. Бо як можна растлумачыць палякам, што нехта свабодна праслухоўвае і запісвае міністраў, дэпутатаў, старшыню Нацбанку і то як гаворыцца “пад носам” самых спецслужбаў. Паўстае лагічнае пытанне: ці гэтыя раздзьмутыя службы не ўмеюць запэўніць прыватнасці высокім чыноўнікам, ці яны самі замешаныя ў гэтае праслухоўванне. Адзін сцэнар горшы за другі.

Можна не ісці на чарговыя выбары 16 лістапада, але-ж нехта і так будзе абраны і без нас. І што галоўнае: можаце быць упэўненыя, што той новы не будзе лепшы за старога.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ