Перадвыбарчыя жарсці ў ЗША
У Злучаных Штатах працягваецца перадвыбарчая кампанія. Кіраўнік выбарчага штабу дэмакратычнай кандыдаткі – Хілары Клінтан – Рабі Мук заявіў, што расейскія хакеры спрабуюць умяшацца ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША, падтрымліваючы Дональда Трампа і ўсяляк перашкадажаючы яго канкурэнтцы. Пытанне электроннай пошты Камітэту Дэмакратычнай Партыі стала ледзь не розыгрышнай картай гэтых выбараў. Для пабочнага назіральніка за амерыканскімі выбарамі гэта можа падацца неістотным. Маўляў, ну і што там такое здарылася? Аказалася, што дзеячы Кангрэсу Дэмакратычнай Партыі яўна спрыялі Хілары Клінтан са шкодай для яе канкурэнта –Бэрні Сандэрса. У адным з е-мэйлаў дзеячка Дэмакратычнай партыі кпіць з Сандэрса і яго прыхільнікаў называючы іх “праклятымі хлусамі”. Такія абвінавачанні не засталіся без рэакцыі з боку прыхільнікаў Сандэрса. Хаця партыя папрасіла прабачэння ў Бэрні Сандэрса, аднак гэта не задаволіла яго прыхільнікаў. Яны адчуваюць сябе пакрыўджанымі і падманутымі. На лістападаўскіх выбарах яны могуць не падтрымаць адзіную кандыдатку ад Дэмакратычнай Партыі -Хілары Клінтан. Гэта азначае нешта, чаго яны самі не хочуць: перамогу рэспубліканскага кандыдата –Дональда Трампа.
Узлом у серверы Дэмакратычнай Партыі стаў прадметам расследвання з боку Эф-Бі-Ай. “Мы да гэтага ставімся вельмі сур’ёзна,”- заявілі ў Фэдэральным Бюро Расследванняў. Кіраўнік выбарчай камапніі Хілары Клінтан – Рабі Мук абвінаваціў у хакерскай атацы Расею. Маўляў, для нікога не сакрэт, што ў Крамлі мараць і чакаюць выбарчай перамогі Дональда Трампа. Гэты мільярдер, хаця і без палітычнай дальнабачнасці заявіў, што з Пуцінам ён падзеліць сферы ўплываў. Гэта значыць, што Амерыка не будзе нікога абараняць, хто стане аб’ектам агресіі з боку Расеі. Сцэнар проста – жудасны. Паводле аптынняў, Трамп карыстаецца на 3% большай падтрымкай у грамадстве, чым яго канкурэнтка. Аднак пакуль, маючы толькі ўскосныя доказы расейскіх хітрыкаў, Белы Дом заявіў, што не будзе заўчасна сцвярджаць – хто стаіць за кібератакай, „бо гэта могуць вельмі розныя людзі і арганізацыі, не выключаючы Расеі”.
Зараз, дэмакраты проста вылазяць са скуры, каб адвярнуць некарысны для іх трэнд. На з’ездзе дэмакратаў у штаце Філадэльфія з палымянай прамовай выступіла “першая дама” – Мішэль Абама. “Я – з ёю,” – заявіла жонка прэзідэнта. «Хілары на працягу ўсяго свайго жыцця ніколі не здавалася…. дзякуючы ёй, мае дочкі цяпер успрымаюць той факт, што жанчына можа стаць прэзідэнтам ЗША, як нешта само сабой зразумелае», – працягнула першая дама. Яна раскрытыкавала Дональда Трампа, што той звяртаецца да «мовы нянавісці». «Калі нехта праяўляе жорсткасць або паводзіць сябе груба, мы не апускаемся да іх узроўню», – сказала яна аб суперніку Клінтан. Незадоўга да выступу Абамы партыя дэмакратаў прыняла перадвыбарчую платформу. Сярод прыярытэтаў партыі названыя: правы ЛГБТ-супольнасці, гэта значыць сэксуальных меншасцяў, барацьба з глабальным пацяпленнем, павышэнне даступнасці вышэйшай адукацыі, барацьба з беднасцю і адстойванне правоў зняволеных.
Калі правы геяў і лесбіянак названыя на першым месцы, дык няхай Хілары Клінтан не здзіўляецца, што ў лістападзе яна прайграе на выбарах. У свеце назіраецца туга за кансерватыўнымі каштоўнасцямі, за простым адказам на розныя маральныя пытанні: так – так, не – не. Калі Клінтаніха гэтага не зразумела, дык яе апярэдзіць чалавек, у якога ёсць прынамсі хоць нешта арыгінальнае і шчырае.