Сапраўдная “пятая калона”



Украінскія ўлады прадпрынялі надзвычайныя крокі ў дачыненні да Камуністычнай партыі Украіны. Міністэрства юстыцыі заклікала Акружны адміністрацыйны суд Кіеву забараніць дзейнасць гэтай партыі найперш з прычыны яе антыканстытуцыйных дзеенняў.

Ужо ў траўні Міністэрства юстыцыі накіравала ў Генеральную пракуратуру і Службу бяспекі запыт аб расследванні дзейнасці партыі камуністаў. У чэрвені СБУ перадала матэрыяла следства ў Міністэрства юстыцыі. “Па выніках вялікай колькасці доказаў адносна супрацьзаконнай дзейнасці КПУ мною прынятае, падпісанае і накіраванае ў Акружны адміністрацыйны суд рашэнне аб ліквідацыі кампартыі,” – паведаміў на брыфінгу міністр юстыцыі Павел Пятрэнка. Па яго словах, база доказаў, гэта больш як 100 старонак тэксту, а таксама відэа- аўдыёматэрыялы. Міністр патлумачыў, што зыск абумоўлены парушэннямі кампаратыяй дзейнага заканадаўства ў частцы антыканстытуцыйнай дзейнасці, падтрымкі баевікоў і сепаратыстаў на Усходзе Украіны, падтрымкі камуністамі вайсковай агрэсіі і захопу Расеяй Крыму, заклікаў да змены тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнай улады Украіны, арганізацыі і правядзення сепаратысцкіх мітынгаў. Абвінавачанні на адрас камуністаў тычацца таксама фінансавання і забяспячэння, у тым ліку зброяй, тэрарыстычных арганізацыяў на ўсходзе Украіны, падтрымкі псеўда-рэферэндумаў аб незалежнасці самаабвешчаных Данецкай і Луганскай “народных” рэспублік, актыўнага ўдзелу ў ваенных дзееннях супраць украінскіх узброеных сіл. “Усе гэтыя факты былі зафіксаваныя Украінскай Службай Бяспекі, органамі Пракуратуры ў рамках цэлага шэрагу крымінальных справаў,” – паведаміў міністр юстыцыі. Пятрэнка ўпэўнены, што даказная база вельмі сур’ёзная і Кампартыя Украіны павінна быць ліквідаваная. Ён таксама запэўніў, што судовы працэс будзе максімальна адкрыты і празрысты, каб грамадства магло даведацца пра злачынствы КПУ.

Кампартыя Украіны даўжэйшы час падтрымлівала карумпаваны, злачынны рэжым Януковіча, што дыскрэдытуе яе з маральнага пункту погляду. Пасля краху гэтага рэжыму яна дзейнічала як сапраўдная “пятая калона” і адкрыта падтрымлівала сепаратыстаў. Аб гэтым у прыватнасці заявіў намеснік старшыні Днепрапятроўскай абладміністрацыі Барыс Філатаў. “КПУ – гэта цалкам і поўнасцю пятая калона. Нават з Партыяй Рэгіёнаў можна было працаваць, хаця яна ўжо аджыла свой век. Вы бачылі вынікі дзеенняў Добкіна і Тыгіпка. Але з КПУ працаваць было бяссэнсоўна на любым узроўні,” – адзначыў намеснік алігарха Ігара Каламойскага. Філатаў распавёў, што калі сепаратыстам патрэбны быў жывы шчыт, менавіта камуністы хадзілі па хатах, збіралі пенсіянераў, распавядалі ім, што бараніць ДНР – гэта святы абавязак. Ставіць людзей пад кулі, скарыстоўваючы іх узрост, незразуменне сітуацыі і наіўнасць, гэта крайняя подласць,” – заявіў Філатаў. Зрэшты, не сакрэт, што сератыстаў падтрымлівае таксама расейская кампартыя. Аб гэтым сведчыць падзячны ліст самаабвешчанага кіраўніка “Луганскай Народнай Рэспублікі” Генадзю Зюганаву. У ім гаворыцца: „Прыйміце словы ўдзячнасці за гуманітарную дапамогу і фінансавую падтрымку,” – гаворыцца ў лісце на адрас Зюганава.

Фракцыя камуністаў у Вярхоўнай Радзе Украіны невялікая. Пасля таго, як днямі яе пакінуў дэпутат Раман Шугалей, яна налічвае 23 чалавекі. На 450 усіх дэпутатаў гэта невялікая, палітычная сіла. Калі аднак ёсць доказы яўнага здрадніцтва, дзейнасці накіраванай супраць сваёй дзяржавы, такая партыя не мае права на існаванне. Дэлегалізацыя ва ўмовах поўнай празрыстасці і адкрытасці, гэта не проста права, але і абавязак дзяржавы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ