Польшча: лямантаванне і галасаванне



У Польшчы працягваюцца дэбаты наконт будучаых рэферэндумаў. Апазіцыя дамаглася ад прэзідэнта Анджэя Дуды вынясення на ўсенароднае галасаванне трох дадатковых пытанняў, аднак Сялянская партыя і самі сяляне, а таксама шэраг палітыкаў і экспертаў заклікаюць цалкам адмовіцца ад рэферэндумаў, а зэканомленыя грошы перадаць сялянам у якасці кампенасацыі стратаў нанесеных засухай.

Першы рэферэндум абвясціў былы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі ў час выбарчай кампаніі, як рэакцыю на папулярнасць лозунгу пра аднамандатныя выбарчыя акругі. Апрача адказу на гэтае пытанне Камароўскі прапанаваў палякам адказаць яшчэ на два пытанні: ці падтрымліваюць яны фінансаванне палітычных партый з дзяржаўнага бюджэту і ці сумненні ў падатковых справах павінны вырашацца на карысць грамадзяніна. Права і справядлівасць хацела дадаць яшчэ тры пытанні датычныя паніжэння пенсійнага ўзросту, абавязковага пачатку школьнай вучобы у 6 гадоў і статусу дзяржаўных лясоў. У чацвер вечарам у кароткім пасланні да народу заявіў, што ён, адказваючы на волю 6-ці мільёнаў грамадзян, прапануе Сенату ухваліць правядзенне дадатковага, другога рэферэндуму, разам з парламенцкімі выбарамі у Сейм 25 кастрычніка. Палякі павінны будуць адказаць на тры пытанні прапанаваныя партыяў Права і справядлівасць. Пытанні прапанаваныя іншымі партыямі – праігнараваліся. Адны эксперты кажуць, што гэта неканстытуцыйнае рашэнне, іншыя, што прэзідэнт пайшоў на паваду сваёй партыі, а іншыя, што проста паставіў у складанай сітуацыі кіруючую кааліцыю: што б яна не зрабіла, і так гэта абернецца супраць яе. Сенат можа адкінуць прэзідэнцкую ініцыятыву, але тады скажуць: во, бачыце, як яны паважаюць волю грамадзян! Яшчэ іншыя палітыкі і эксперты кажуць, што гэта абсалютны прэцэдэнт, бо ў польскім заканадаўстве не існуе выбараў спалучаных з рэферэндумам. Апрача вялікіх коштаў, будзе вельмі цяжка арганізацыйна правесці выбары разам з рэферэндумам.

Аднак Сялянская партыя (PSL) лічыць рэферэндумы марнатраўствам сродкаў. Замест гэтага тыя 180 мільёнаў злотых лепш перадаць сялянам пацярпелым ад сёлетняй засухі. Яна якраз у найбольшай ступені закранула Падляшша. Паводле экспэрта ў сельскагаспадарчых справах – Віктара Шумілевіча, сітуацыя ў сельскай гаспадарцы за апошнія 25 гадоў трансфармацыі яшчэ ніколі не была такой складанай. Сялянская партыя заклікала ўрад неадкладна прыступіць да ацэнкі стратаў і вылучыць сродкі на падтрымку сялян. Старшыня Асацыяцыі сялянскіх арганізацыяў Уладзіслаў Сэрафін лічыць, што ў цяпершняй сітуацыі трэба ўвесці стан прыроднага катаклізму, што дасць юрыдычную падставу для экстраннай дапамогі з боку дзяржавы. Сэрафін кажа, што страты ідуць ужо на мільярды злотых і сяляне павінны атрымаць як мінімум 500 злотых на гектар зямельных участкаў.

Аднак тут з’віліся сур’ёзная перашкоды. Паводле юрыдычнага вызначэння, стан засухі можа быць уведзены, калі страты ў сельскай гаспадарцы складаюць 30%, тым часам пакуль сёлета яны даходзяць да 10%. Эксперты з урадавага сельскагаспадарчага інстытуту даказваюць, што засуха не закранула ўсю краіну, а толькі некаторыя рэгіёны. Акрамя таго, вырашальнае для пасеваў надвор’е ў траўні і пачатку чэрвеня было спрыяльнае – даказваюць чыноўнікі са сваіх кабінетаў з кандыцыянерамі. Аднак сяляне самі бачаць, што адбываецца. У некаторых рэгіёнах дажджу не было ўжо 2 месяцы а спякота – працягваецца, лямантуюць эксперты. Не чакаючы афіцыйнага падліку стратаў самі сяляне ведаюць, што тыя страты ў некаторых пасевах складуць да 50%. З прычыны нястачы корму на 20% зменшыцца малочная прадукцыя, падаражэюць многія прадукты, у тым ліку хлеб і бульба. “Мы патрабуем ад ураду увядзення стану прыроднага катаклізму, а ўрад усяго толькі сымулюе дапамогу”, – загаласілі сяляне. Урад усяляк абараняецца ад надзвычайнага становішча, прапануе паўсродкі ў выглядзе сацыяльнай дапамогі: 1000-2000 злотых на адну гаспадарку, бо стан прыроднага катаклізму азначае адмену не толькі рэферэндуму, але і восеньскіх, парламенцкіх выбараў. З другога боку, без афіцыйнага, надзвычайнага становішча, нельга запусціць буйнамаштабную дапамогу сялянам.

Па-мойму, калі закон пярэчыць здароваму сэнсу, яго трэба тэрмінова змяніць. Якое суцяшэнне для падляшскага селяніна, што засуха не ахапіла іншыя ваяводствы? Чаму ён мае быць закладнікам палітыкі? Рэферэндум абсалютна нікому не патрэбны, паколькі некаторыя пытанні ўвогуле не маюць сэнсу, альбо іх вырашыць новы ўрад. 6-гадовае дзіця не мусіць ісці ў школу, калі на просьбу бацькоў гэтак вырашыць педыятр. Дзяржаўныя лясы абароненыя ад прыватызацыі законам, а паніжэнне пенсійнага ўзросту абернецца заўважным скарачэннем пэнсій. Хто возьме на сябе адказнасць за гэта?

Думаю, што цяперашні польскі ўрад павінен зрабіць тое, што можа зрабіць, але найперш не перашкаджаць прагнай улады апазіцыі рэалізаваць свае абяцанні. Менавіта, хай абяцанні рэалізуе і прэзідэнт і апазіцыя, якая праўдападобна ўвосень прыйдзе да ўлады, хаця гэта не на 100%. Пасля рэалізацыі хаця б аднаго абяцання, Польшча стане падобнай да Грэцыі. Пакуль на яе падобная толькі гарачынёй. Дык вось, у межах сваіх рабочых выязных пасяджэнняў урад павінен прыехаць у Беласток, затым з’ездзіць на палі і паглядзець, як выглядае сітуацыя на месцы. Калі няма закону, які дазваляў бы уключыць экстраную дапамогу ў некаторых рэгіёнах, дык трэба такі закон хутка прыняць. На тое і ёсць заканадаўцы. Замест узаемнай грызні і палівання брудам кожны павінен заняцца сваёй справай. А найперш, кожны чыноўнік ці дэпутат найперш павінен уключыць мазгі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ