Польшча: рушала гонка да ўлады



Пасля з’ездаў, праведзеных у мінулыя выходныя, галоўныя, палітычныя партыі Польшчы з імпэтам прыступілі да перадвыбарчай кампаніі. Ужо вядома, што выбарчую гонку ачоляць дзве жанчыны, з якіх адна, Эва Копач, з’яўляецца прэм’ерам, затое другая, Бэата Шыдла, можа заняць яе месца.

Каментатары ў адзін голас заяўляюць, што з’езд партыі “Права і Справядлівасць” быў праведзены бліскуча, у “амерыканскім стылі”. Лідар партыі Яраслаў Качынскі афіцыйна заявіў, што яго намесніца Бэата Шыдла будзе кандыдаткай на пасаду прэм’ера, калі партыя пераможа на восенскіх выбарах. Праўда, гэтага можна было спадзявацца, аднак Бэату Шыдла публічна памазаў на прэм’ера сам Качынскі. “Яна сумленная, працавітая, салідная. Маладая, але пры гэтым даспелая. У яе два сыны і, нягледзячы на мноства працы, яна спраўляецца таксама з хатнімі абавязкамі,” – хваліў сваю намесніцу Яраслаў Качынскі. Хваліў яе і прэзідэнт-элект Анджэй Дуда, бо сапраўды Бэата Шыдла добра парацавала як кіраўнічка выбарчага штабу Дуды. Адказваючы на папрок, што яна будзе толькі марынеткай у руках Яраслава Качынскага, Шыдла заявіла, што “яна мае свой розум і да таго ўмее быць упартай”. З сённяшняга дня яна рушыла ў паездку па Польшчы, каб, як кажа, слухаць палякаў, пытаць пра іхныя прблемы і беды, раіцца, як найлепей выправіць іхнае становішча. У якасці праграмных мэтаў яна назвала: паніжэнне пенсійнага ўзросту, меншыя падаткі для самых бедных і падтрымка сем’яў – дадатковыя 500 злотых у месяц на кожнае дзіцё.

Што тычыцца кіруючай “Грамадзянскай Платформы”, дык яе лідар Эва Копач найперш выбачылася за памылкі і занядбанні цягам 8 гадоў кіравання. Пры гэтым заклікала палякаў, каб не дазволілі сябе падмануць апазіцыяй, якая кажа, што краіна зруйнаваная. Прэм’ер абяцала ў першую чаргу заняцца працоўнымі месцамі, падвышэннем мінімальнага заробку, ліквідацыяй так званых “смеццевых” дамоваў. Партыя робіць стаўку на моладзь, як яна сказала, “нескарыстаную сілу партыі”. Маладым яна абяцала лягчэйшае працаўладкаванне і больш голасу ў самой партыі, уключна з месцамі на выбарчых спісах. Пры гэтым Эва Копач адзначыла, што яна не збіраецца даваць нерэальных абяцанняў, на рэалізацыю якіх ніколі не знойдуцца грошы. “Гэта будуць вельмі важныя выбары. Палякі вырашаць, ці хочуць зменаў ці запусцення, ці хочуць будаваць, ці разбураць,” – заявіла Копач і заклікала Яраслава Качынскага на дэбаты. Яна абвінаваціла яго ў тым, што той на час выбарчай кампаніі схаваўся і прыхаваў найбольш адыёзных палітыкаў: Мацарэвіча і Паўловіч, але ўсё роўна думае кіраваць і прэзідэнтам і прэм’ерам, калі ім стане Бэата Шыдла.

Бадай усе аглядальнікі звяртаюць увагу на гэты немудрагелісты, але паспяховы трук Качынскага. Ён разумее, што сам не можа балатавацца ні на пасаду прэзідэнта, ні прэм’ера, бо ў яго бадай найвялікшы так званы “негатыўны электарат”. Вось таму непапулярны Качынскі выставіў Дуду кандыдатам у прэзідэнты, а той на дзіва і нечакана для самога лідара ПіС перамог. Цяпер, за 4 месяцы да парламенцкіх выбараў, ён паўтарыў той самы рух, і ў якасьці будучага прэм’ера ад сваёй партыі назваў сваю намесніцу. І дзякуючы гэтаму “Права і справядлівасць” сапраўды ў восень можа прыйсці да ўлады. Таму палітыкі і каментатары ўзчалі вэрхал, што гэта будзе кур’ёз, бо прэзідэнт і прэм’ер будуць марыянеткамі ў руках Качынскага, а той будзе ўсімі кіраваць, за нішто не бяручы адказнасці.

Па-мойму, гэта заўчасны лямант. Не будзе ніякай трагедыі для краіны, як перасцерагае “Грамадзянская Платформа”, калі апазіцыя вернецца да ўлады. Нічога страшнага не адбудзецца, калі побач з прэзідэнтам Дудам, прэм’ерам будзе Бэата Шыдла. Не адбудзецца таксама ніякага цуду, бо яны не будуць у змозе выканаць сваіх абяцанняў. 18 чэрвеня Качынскаму споўнілася 66 гадоў. Прэзідэнту Дудзе і патэнцыйнай кіраўнічцы Сейму Шыдле 43 і 52 гады адпаведна. Будучы ў пенсійным узросце, колькі яшчэ гадоў Яраслаў Качынскі зможа быць актыўным палітыкам? палякі Ён сам прызнаў, што палякі патрабуюць “маладой змены” і што яго час мінуў. Пакуль ён неаспрэчны лідар партыі, але і на гэтай пасадзе ён не вечны. Ды і няма аніякай упэўненасці, што прэзідэнт і прэм’ер будуць яго слухаць. Хутчэй за ўсё мінімальна, альбо ўвогуле . Так што давайце супакоімся і пачакаем.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ