Польшча: жарсці вакол абортаў



Учора, у многіх гарадах Польшчы адбыліся пратэсты супраць абвастрэння антыабарцыйнага заканадаўства. З многіх краін свету плывуць словы падтрымкі ў адрас польскіх жанчын. На заўтра ў Еўрапарламенце запланаваныя дэбаты наконт правоў жанчын у Польшчы, аднак прадстаўнікі каталіцкага епіскапату і некаторыя польскія палітыкі ў зняважлівых словах асуджаюць удзельнікаў пратэстаў.

У так званым «чорным пратэсце» у дзесятках польскіх гарадоў узялі ўдзел ад пары тысяч да дзесяткаў тысяч чалавек.  Дэманстрацыі прайшлі за мяжою, дзе полькі жывуць і працуюць: у Берліне, Лондане, ды іншых гарадах. На транспарантах можна было прачытаць лозунг кшталту: «Хочам кахаць — не паміраць», «Існую, адчуваю, вырашаю», «Раз’юшаныя маткі не спыняцца перад нічымч». Былі і пагрозлівыя лозунг у адрас ураду. «Бэата, Твой урад зрынуць жанчын», «Урад не цяжарнасць. Яго можна пазбыцца». Мужчыны старэйшага ўзросту трымалі ў руках плакаты: «Я тут дзеля маіх унучак», альбо «Мае ўнучкі нараджаюцца з любові, а не з прымусу». Пра дэманстрацыі ў Польшчы ў тоне салідарнасці з імі паведамілі многія замежныя медыя. Заўтра, у Еўрапарламенце адбудзецца дэбата наконт правоў жанчын у Польшчы. Яе спрабавалі адмяніць некаторыя дэпутаты з фракцыі Кансерватараў і Рэфарматараў, аднак прадстаўніца Аб’яднаных Левых Сілаў Малін Б’ёрг заявіла: «калі гаворым пра правы чалавека, дык можам гаварыць і пра правы жынчын». Дарэчы, раней Еўрапарламент ужо займаўся антыабарцыйным заканадаўствам у Ірландыі і Іспаніі.

Тым часам польскі епіскапат, які ў сакавіку сваім заклікам да поўнай забароны абортаў выклікаў увесь гэты закалот, усяляк бэсціць удзельнікаў пратэстаў. У адказ на страйк адных жанчын біскупы заклікалі іншых жынчын прыняць удзел у малітвах «за правільнае сумленне і святло Святога Духа для ўсіх, хто вырашае пра  юрыдычную абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці». У адрозненні ад чорнай вопраткі дэманстрантак біскупы заклікалі вернікаў прыходзіць у белых строях. «Бессаромнасцю, нахабствам і Чорным Евангеллем» назваў пратэсты жанчын лодзінскі Арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі. Яго асабліва абурыла тое, што пратэст у Пятркове Трыбунальскім пачаўся ля помніка Яна Паўла ІІ. Над лёсам ненароджаных дзяцей расчуліўся варшаўскі Арцыбіскуп Гэнрык Гозэр. «Дзеці гінуць у цішыні. Ім не дадзена ўбачыць святла, адчуць любові ў жыцці. Іх забіваюць там, дзе павінна было быць самае бяспечнае месца — пад сэрцам маці». Дарэчы, цягам 20 гадоў ён быў місіянерам у Афрыцы, у прыватнасці ў Руандзе. Ад красавіка да ліпеня 94-га года ў міжпляменнай разні там былі забітыя каля мільёна чалавек. Якраз на гэты час ксёндз Гозэр з’ехаў з Руанды. Цікавае супадзенне. Я ад сябе нічога не кажу і спасылаюся на іншыя крыніцы. Вось па словах тамтэйшага ксяндза Жана Ндорымана, Гозэр не пратэставаў супраць генацыду і нават быў у добрых адносінах з прадстаўнікамі племені Хуту, якое жорстка забівала сотні тысяч прадстаўнікоу другога племені Тутсі. Як было дакладна — не ведаю і не кажу, але эксперт у пытаннях Руанды — Лінда Мавэрн таксама заявіла, што «каталіцкі касцёл падтрымліваў рэжым Хуту і не дбаў пра чалавечыя правы… Гозэр быў у добрых адносінах з забойцамі,» — заявіла яна. Калі сапраўды гэтак было, хаця я гэтага не сцвярджаю, дык Арцыбіскуп Гозэр з’яўляецца апошнім чалавекам, які мае права гаварыць пра павагу да чалавечага жыцця.

Думаю, што міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоускі таксама не павінен называць пратэстаў «забавай», бо яны не ад радасці, але ад роспачы і прадчування трагедыі.

Чым закончацца гэтыя пратэсты цяжка прагназаваць, але бяскампраміснасць па абодвух бакох не прадвяшчае нічога добрага. Мяне асабіста, які таксама за абарону жыцця, вельмі цікавіць адно пытанне: ці тыя дэпутаты, якія галасуюць за поўную забарону абортаў, тое самае будуць цвердзіць, калі крый Божа будуць згвалтаваныя іхныя жонкі, дочкі альбо ўнучкі. І ці біскупы ахвяруюць хоць частку сваіх заробкаў на народжаных калекаў альбо дзяцей ад згвалтавання. Думаю, што гэтага можна ад іх патрабаваць, бо лёгка быць добрым за чужы кошт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ