У абарону Незалежнасці Беларусі



У сеціве з’явіўся праект Маніфэсту ў абарону Незалежнасці Беларусі, падрыхтаваны Таварыствам Беларускай Мовы і Радай беларускай інтэлігэнцыі. Арганізатары спрабуюць заручыцца падтрымкай з боку палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў і асобных грамадзян ды прыняць Маніфэст на Кангрэсе за Незалежнасць 21 снежня.

Аўтары Маніфэсту ды ініцыятары Кангрэсу прызнаюць, што, бадай, галоўным стымулам для іх сталі падзеі ва Украіне і рэальная страта Незалежнасці.

Першы, важны крок да страты суверэнітэту быў зроблены разам са стварэннем “саюзнай дзяржавы”. Наступны крок, гэта далучэнне Беларусі да Мытнага Саюзу і Еўразійскага эканамічнага саюзу.

На думку былога судзьдзі Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіла Пастухова, гэтае апошняе утварэнне асабліва небяспечнае. Па яго словах, цяпер «Варта чакаць увядзення агульнай валюты, якой стане, хутчэй за ўсё, расейскі рубель – вельмі хісткая і небяспечная на сёння валюта».

Аўтары Маніфэсту прапануюць палітычным партыям і грамадзянам дамагацца скасавання дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. У Маніфэсце моцна падкрэсліваецца, што Беларусь не павінна быць плацдармам для агрэсыўных дзеенняў Расеі. «Мы і наша зямля – не „шчыт“, „фарпост“ ці „буфэр“ для суседніх дзяржаваў. Разьмяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі – недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю», – заяўляюць аўтары праекту Маніфэсту ў абарону Незалежнасці. У ім змешчаны заклік да перагляду ўсіх пагадненняў і дамоваў, якія былі заключаныя з парушэннем Канстытуцыі…

Беларусь павінна быць суверэннай, без’ядзернай і нейтральнай дзяржавай. « Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць сапраўдны Маніфест і ўліцца ў агульнанацыянальную кампанію ў абарону Незалежнасці нашай краіны», – гаворыцца ў заключных словах Маніфесту.

Магчыма, Маніфэст атрымае шырокую падтрымку. З палітычных партыяў яго падтрымаў БНФ і зацікавілася ім нават пралукашэнкаўская Лібэральна-дэмакратычная партыя бацьк і сына Гайдукевічаў.

Магчыма, запланаваны на 21 снежня Кангрэс адбудзецца паспяхова і ён будзе вельмі прадстаўнічы. Аднак паўстае пытанне: ну і што з гэтага? І што далей? На рэфэрэндуме 95-га году за наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай прагаласавалі больш як 80% удзельнікаў, звыш 4-х мільёнаў беларусаў. За інтэграцыю з Расеяй амаль гэтулькі-ж. Ці Кангрэс за Незалежнасць можа разлічваць на такую падтрымку? У ніякім разе.

Нават паэт і палітык, лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Некляеў прызнае, што найноўшы «Маніфэст» мала чым адрозніваецца ад «Акту Незалежнасці Беларусі, прыняты Усебеларускім з’ездам 29 ліпеня 2000 г. у Менску.За апошнія 14 гадоў у Беларусі прайшло нямала Кангрэсаў і Сходаў, якія таксама ставілі за галоўную мэту абарону Незалежнасьці. А які іх практычны вынік? Прыблізна такі, які бывае ад абмену думак. Ніводная інцыятыва не змяніла геапалітычнага курсу краіны, нават не паўплывала на змену выбарчага заканадаўства, на інтэграцыйныя працэсы ці на адмаўленне краіны ад пабудовы атамнай АЭС. Якая можа быць гаворка пра нейтралітэт, калі Расея стварае свае вайсковыя базы ў Беларусі. Хто можа паўстрымаць гэты працэс паглынання краіны Расеяй ва ўсіх, ключавых сэнсах. Напэўна, не яшчэ адзін Кангрэс.

Увесь набор патрабаванняў, сфармуляваных у “ Маніфэсце”, гэта слушныя і правільныя пастулаты, але гэта дэ-факт утапічныя ідэі жменькі патрыяётаў. Рэалізацыя гэтых ідэяў магчымая пры змене ўлады, а змена улады магчымая пры карэннай змене выбарчай сістэмы. Калі гэтага не адбудзецца, усе падобныя ініцыятывы асуджаныя на правал.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ