Прапаганда-кій з двума канцамі



У Магілёве стартавала інфармацыйная кампанія “Грамадскі кантроль”. Прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацыяў і прафсаюзаў Магілёва падрыхтавалі калектыўны зварот у дырэкцыю тэлевяшчання з закікам спыніць вяшчанне расейскіх тэлеканалаў з прычыны распальвання імі нацыянальнай варажнечы.

Ініцыятыва магіляўчан супала з вынікамі найноўшага аптытання, праведзенага Незалежным Інстытутам Сацыяльных і Эканамічных Даследаванняў (НІСЭПД) з сядзібай у Вільні. З яго вынікае, што ў час, калі беларускія ўлады звузілі да мінімуму ўплыў недзяржаўных СМІ, іх месца занялі расейскія медыя. Па словах аднаго з ініцытараў кампаніі “Грамадскі кантроль” Уладзіміра Шанцава, расейскія тэлеканалы не паведамляюць пра Расею, але засяроджваюцца на Украіне. “Гэтая інфармацыя далёка не праўдзівая, скажае факты і з’яўляецца нічым іншым, як дзяржаўнай расейскай прапагандай, якая паклёпнічае на нашых суседзяў-украінцаў,” – кажа Шанцаў.

Чэрвеньскае апытанне НІСЭПД пацвердзіла паспяховасць расейскай прапаганды і падатлівасць беларускага грамадства на яе. Пра гэта сведчыць той факт, што пераважная большасць беларусаў, дзве траціны, успрымаюць падзеі ва Украіне гэтак, як іх прадстаўляюць расейскія прапагандысты. І так: Майдан, адхіленне ад улады Януковіча, далучэнне Крыма да Расеі, узброены сепаратысцкі рух на ўсходзе Украіны са зразуменнем успрымаюць да 65% беларусаў. Гэта меней, чым у выпадку расейцаў, але і так даволі многа.

Апытанне разбурыла адзін важны міф, нібыта ў эпоху інтэрнэту людзі менш залежныя ад інфармацыі, пададзенай па тэлебачанні. Аказваецца, што не. Інтэрнэт дае магчымасць доступу да альтэрнатыўнай інфармцыі, але і расейцы, і беларусы лянуюцца яе шукаць. Ім не хочацца думаць. Найлепей і найпрасцей успрымаецца і западае ў памяць адна яркая карцінка з ашаламляльнай інфармацыяй, якая хоць і непраўдзівая, але падзеная з усімі прыкметамі лагічнасці і верагоднасці. Вось таму, паводле сацыялагічнага цэнтра Левады, 67% расейцаў лічаць, што за сітуацыю ва Украіне адказваюць украінскія нацыяналісты, “ бандэраўцы”, 6% вінавацяць мафіёзныя структуры і толькі 2% расейцаў ускладаюць віну на Расею. У выпадку Беларусі ўласна беларускія медыя мала інфармавалі беларусаў пра падзеі ва Украіне. Сам кіраўнік дзяржавы пару разоў заікнуўся пра тэрытарыльную цэласнасць Украіны, але не загадваў адключыць расейскія тэлеканалы. Не было патрэбы, бо тыя прадумана не чапалі самога Лукашэнку, не крытыкавалі яго, дык і не было неабходнасці адключаць іх. У выніку беларусам бесперашкодна “прамывае мазгі” расейская прапаганда. Па словах медыяэксперта Андрэя Паротнікава, інфармацыйная вайна адбываецца паэтапна. Спярша ідзе «распальванне варожасці» ў дачыненні да «верагоднага праціўніка»: навешванне ярлыкоў, стварэнне негатыўнага вобразу. Потым пачынаецца «навуковападобны» працэс адмаўлення нацыі ў ідэнтычнасці і стварэння «фэйкавых» ідэнтычнасцяў, потым прапаганда ўзмацняецца да «абароны нашых ад ворагаў» нават з дапамогай адкрытай вайны.

Скарыстоўванне прапаганды – гэта ўзаемна небяспечная зброя. Яна небяспечная нават у высакародных мэтах, для прыкладу, дзеля згуртаванасці грамадства перад абліччам рэальнай знешняй пагрозы. Рэч у тым, што ваенны гоман некалі суцішыцца, але словы застануцца, і абуджаныя прадузятасці яшчэ доўга будуць фармаваць чалавечыя пазіцыі. Расейская прапаганда на дзесяцігоддзі перасварыла расейцаў і ўкраінцаў, разбураючы міф славянскага братэрства. Яна таксама зрабіла мядзвежую паслугу Беларусі, бо аслабіла ў беларусаў інстынкт самазахавання. Яна падрыхтавала псіхалагічны грунт пад страту незалежнасці ў карысць Расеі. Гэта вынік таго, што ў Беларусі бяздумна пляжаць незалежныя СМІ за крытыку Лукашэнкі, хаця яны спрыялі суверэнітэту Беларусі. У любым выпадку для Беларусі больш выгадна поўнасцю лібералізаваць медыя, чым пакінуць іх сам-насам з расейскай прапагандай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ