„Putin-Jugend”



У чацвер 14 траўня ў Растове-на-Доне адбыўся парад „дзіцячых войскаў”. Пяцсот дзяцей ва ўзросце ад чатырох да дзесяці гадоў у вайсковай форме прайшлі маршам перад ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Парад праводзіўся па ініцыятыве камандуючага Паўднёвай вайсковай акругі, а пра падзею паведамляе сайт Міністэрства абароны Расеі.

Удзельнікаў параду падзялілі на „падраздзяленні” з уласным сцягам, дэвізам і песняй. Дзяцей апранулі ў спецыяльна пашытую вайсковую форму розных відаў і родаў войскаў. Адкрыла парад „матарызаваная калона „дзіцячай тэхнікі”. Затым па плошчы прайшла „рота ганаровай варты”, „падраздзяленні” пяхоты, паветраных сіл і флоту. Маладыя разведчыкі і выхаванцы Другога данскога кадэцкага корпусу імя імператара Мікалая правялі паказальныя выступленні ў рукапашным баі. Камандаваў парадам камандзір батальёна брыгады кіравання Паўднёвай вайсковай акругі падпалкоўнік Вадзім Марця. Падобны парад адбыўся ў мінулым годзе, але ён быў больш сціплы: ў ім прынялі ўдзел усяго 150 дзетак.

Вайсковае абучэнне – справа патрэбная і неабходная. У нейтральнай краіне – Швейцарыі, вайсковае абучэнне праходзяць літаральна ўсе: пачынаючы ад міністра і заканчваючы беспрацоўным. Вайсковую службы таксама праходзяць амаль усе ізраільцяне. Аднак у выпадку гэтых абедзвюх краін ідзе пра абучэнне дарослых. Затое ў Расеі існуе безліч кадэцкіх і вайскова-патрыятычных клубаў. У Беларусі таксама існуюць „праваслаўныя” вайскова-патрыятычныя клубы. Аддзел Беларускага экзархату ва ўзаемадзенні з узброенымі сіламі разм з армейскім камандаваннем штогод праводзяць спаборніцтвы пад назвай „Малады ваяр”. Падчас штогадовага злёту юнакі жывуць паводле вайсковага рэгламенту. Спаборніцтвы праводзяцца ў катэгорыях: падцягванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, ваенізаваная эстафета, падыманне гіры, перацягванне канату, начны марш-кідок, паласа перашкодаў, разборка і складанне аўтамата Калашнікава і штурмавая паласа. Гэта тычыцца навучэнцаў сярэдніх школ, аднак расейцы пераплюнулі беларусаў. У іх дзетак у дашкольным узросце апранаюць у мундзіры, знаёмяць з тэхнікай рукапашнага бою, паказваюць зброю, прывучаюць да вайсковых камандаў і гэтак далей. У якой яшчэ краіне апрача Расеі такое магчыма? Заіест цацак і дзіцячых гульняў імітацыя сапраўднага войска і вайны. Ці гэта мае быць тое патрыятычнае выхаванне? Ці выхаванне дзетак трэба пачынаць з тэхнікі забівання?

Днямі, падчас прэзентацыі польскага выдання сваёй кнігі „Сэканд хэнд” у Святланы Алексіевіч адбылася цікавая сцэна. Яна закранула пытанне вайны ў Данбасе і асудзіла расейскіх журналістаў за хлусню. „Гэта бандэраўская прапаганда!” выкрыкнуў нехта з залі. „Якраз з прычыны такіх рэакцый мы пачынаем страляць адны ў адных”, – адказала пісьменніца. Яна дадала, што „расейцы ўключна з Пуцінам хочуць слухаць менавіта хлусню і нічога болей… Чырвоная імперыя адышла, але савецкі чалавек застаўся. Больш чым 100 гадоў выхоўваюць яго ў кульце вайны. І яму ніколі не жылося добра. Савецкага чалавека некалькі дзясяткаў гадоў падманвалі, а потым, пасля перабудовы, сістэматычна абкрадалі. Таму гэта вельмі жорсткі і агрэсіўны тып чалавека”, – заявіла Алексіевіч.

Пісьменніца сказала найпраўдзіўшую праўду. Расейцаў з малога выхоўваюць у кульце ваеншчыны, сілы, арміі і перамогаў. Кім стануць у дарослым жыцці дзеткі ад малога прывучаныя страляць і забіваць? Стануць дэгенератамі і бандзюгамі з прамытымі мазгамі і скрыўленай псіхікай. Такой Расеі я, некалі гарачы русафіл, не пераношу а яшчэ болей мне прыкра, калі да гэтага прыкладае руку Царква.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ