Пуцін угнявіў джыхадыстаў
“Ісламская дзяржава” заклікала сваіх прыхільнікаў да пачатку “свяшчэннай вайны” супраць Расеі. Як паведаміла агенцтва Reuters, у нядзелю на YouTube з’явіўся 10-хвілінны ролік з адмысловым пасланнем да прыхільнікаў “Ісламскай дзяржавы”.
“Слухай, Пуцін. Прыйдзем у Расею і заб’ем Вас у Вашых дамах. Браты, пачынайце джыхад, ваюйце і забівайце іх”, – гаворыць ананімны голас на фоне кадра з мужчынамі падчас вучэнняў у пустыні. Reuters падкрэслівае, што праверка аўтэнтычнасці матэрыялу пакуль немагчымая, але відэазварот быў змешчаны на серверы, якім карыстаецца “Ісламская дзяржава”. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што перабольшванне праблемы не мае сэнсу, аднак запэўніў, што будуць прадпрынятыя меры бяспекі. “Па меры таго, як паспяховай становіцца барацьба з тэрарыстычнымі арганізацыямі, як тэрырысты вымушаныя падціскаць хвост, тады выкарыстоўваецца такая тактыка запалохвання. Гэта нармальная практыка”, – заявіў Пяскоў. Падчас сустрэчы з журналістамі ён падкрэсліў, што не трэба звяртаць асаблівай увагі на такія пагрозы, але варта быць асцярожнымі. “Прэзідэнт пра ўсё інфармуецца”, – дадаў прэс-сакратар Крамля.
Напэўна, гэтую пагрозу нельга перабольшваць, але і нельга яе праігнараваць. Тым болей, што гэта першая такая непасрэдная пагроза на адрас Расеі з моманту яе ваеннага ўмяшання ў Сірыі. Прэзідэнт Пуцін не лічыць, што гэтая аперацыя павялічвае небяспеку тэрактаў. “Звычайная нянавісць штурхае ісламіскіх экстрэмістаў да вайны з Расеяй”, – заявіў Пуцін. Па яго словах, у выніку авіяўдараў у Сірыі, пагроза тэрактаў супраць Расеі не ўзрасла і не зменшылася… Кажучы пра мэтазгоднасць умяшання ў сірыйскі канфлікт ён заявіў: “Пяцьдзясят гадоў таму ленінградская вуліца навучыла мяне, што калі рыхтуецца драка, трэба ўдарыць першым”. Пуцін нагадаў, што ў мінулым Расея не раз была аб’ектам тэрактаў.
Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргей Іваноў удакладніў, што на баку джыхадыстаў у Сірыі ваюе прыблізна 2,5 тысячы грамадзян Расеі. “Лепей знішчыць іх там на месцы, чым чакаць, пакуль вернуцца дадому”, – дадаў ён. Тым часам Захад лічыць, што барацьба з ісламістамі не з’яўляецца галоўнай мэтай расейскіх авіяўдараў. Іх значная частка накіраваная супраць памяркоўнай апазіцыі, якая змагаецца з урадавымі сіламі прэзідэнта Башара Асада. Расея выдатна дапамагла ўрадавым сілам, якія блізкія да захопу стратэгічнага горада Алепа. Аднак у выніку расейскіх налётаў гінуць таксама цывільныя жыхары. Бамбаванне Сірыі дадало Пуціну прыхільнікаў сярод расейцаў, бо яны любяць усё, што сведчыць пра сілу, веліч і значэнне краіны. Яго рэйтынг у грамадстве ўзрос да небывалых у іншых краінах высотаў. Ажно да 90%, на 10% болей чым пасля захопу Крыму. Для параўнання, яшчэ да пачатку ваенных авантураў, у 2012 годзе Пуціна падтрымлівалі не цэлыя 60% расейцаў. Для нікога не сакрэт, што далучаючыся да кааліцыі супраць ісламскага тэрарызму ў Сірыі Пуцін хоча стаць для Захаду партнёрам. Для яго гэта спосаб выхаду з міжнароднай ізаляцыі ў якой ён апынуўся пасля захопу Крыму і вайны ў Данбасе. Як піша брытанскі дзённік “Financial Times”, ваенная аперацыя ў Сірыі – гэта таксама спроба адцягнуць увагу Захаду ад Украіны, а увагу сваіх грамадзян – ад гаспадарчай рэцэсіі і зніжэння ўзроўню жыцця. Аднак вайна непазбежна цягне за сабой страты. Вось у панядзелак 1 жніўня, у правінцыі Ідліб быў збіты расейскі верталёт. Загінулі 5 расейскіх вайскоўцаў. Дагэтуль у Сірыі загінулі 14 расейскіх вайскоўцаў і праўдападобна на гэтым страты не скончацца. Калі з Сірыі, як у свой час з Аўганістана, пачнуць ляцець “чорныя цюльпаны” з трунамі расейскіх жаўнераў, тады Пуцін і расейцы ўбачаць і спазнаюць на сабе горшае аблічча гэтай вайны. А да пагрозаў тэрактаў таксама трэба ставіцца ўсур’ёз. У Расеі хапае сваіх экстрэмістаў, якія могуць ударыць у любы момант у найменш спадзяваным месцы і часе.