Пыха – корань усіх грахоў
У нядзелю 26 красавіка дзяржаўнае расейскае тэлебачанне паказала дакументальны фільм “ Прэзідэнт” з нагоды 15-й гадавіны прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна. Ён выступіў з шэрагам вялікадзяржаўных заяваў і сярод іншага назваў вяртанне Крыму у склад Расеі “актам гістарычнай справядлівасці”.
У амаль двухгадзінным фільме, знятым вядучым каментатарам тэлеканалу “ Расія”-Уладзімрам Салаўёвым, Пуцін распавёў пра самыя драматачныя і самыя станоўчыя моманты свайго прэзідэнцтва. Сярод гэтых першых ён назваў вайну у Чачні, гібель атамнай падводнай лодкі “ Курск”, тэракты у тэатры на Дуброўцы у 2002 годзе і затым напад тэрарыстаў на школу у Беслане два гады пазней.
У фільме Пуцін гаварыў, што адносна Крыму ён паступіў правільна, паколькі яго далучэнне да Расеі было актам гістарычнай справядлівасці. Ён патлумачыў, што у сваіх рашэннях кіраваўся тым, чаго хочуць самі жыхары Крыму. “Калі людзі хочуць вярнуцца у Расею, калі не хочуць жыць пад уладай нэанацыстаў, крайніх нацыяналістаў і бандэраўцаў, дык мы не маем права пакінуць іх на волю лёсу,”- сказаў расейскі прэзідэнт. Шмат увагі Пуцін прысвяціў Захаду і яго спрадвечнай, каварнай, падрыўной дзейнасці. Расейскі прэзідэнт дадаў, што рэакцыя Захаду на падзеі вакол Украіны ставіла перад сабою мэту паўстрыманне разьвіцця Расеі. “ Гэта палітыка вядомая стагоддзямі. У мяне складваецца уражанне, што Захад любіць Расею толькі тады, калі яна слабая і трэба ёй пасылаць гуманітарную дапамогу,”- сказаў Пуцін.
Ён паведаміў, што ужо у пачатку свайго кіравання разведвальныя службы фіксавалі супрацоўніцтва спецслужбаў ЗША з паўночна-каўказскімі тэрарыстамі. Пуцін сказаў, што у лісце прэзідэнту ЗША ён папярэджваў таго пра небяспеку такой палітыкі. “ У ніякім выпадку нідзе і ніколі нельга скарыстоўваць тэрарыстаў у сваіх бягучых альбо геапалітычных мэтах, бо падтрыманыя у адным месцы яны паднімуць галовы ў іншым і удараць па сваіх спонсарах”. Па словах Пуціна, прэзідэнт ЗША абяцаў строга пакараць сваіх падначаленых. Аднак 10 дзён пазней ФСБ атрымала з Вашынгтону ліст , у якім гаварылася: “ Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць зносіны з усімі апазіцыйнымі сіламі у Расеі бо лічым, што маем на гэта права,”- паведаміў Пуцін.
Ясна, што знешняя падтрымка чачэнскіх сепаратыстаў нічым не адрозніваецца ад знешняй падтрымкі ўкраінскіх сепаратыстаў. Калі Расея падтрымлівае ўкраінскіх сепаратыстаў, дык ЗША могуць падтрымліваць чачэнскіх сепаратыстаў. Чым горшае імкненне да незалежнасці адных і другіх? Варта дадаць, што чачэнцы – гэта народ цалкам адметны ад расейскага ў культурным, моўным і рэлійныным сэнсе. Чачня, як і астатнія каўказскія рэспублікі, увайшлі ў склад Расейскай імперыі ў 1864 годзе пасля 30-гадовай “Каўказскай вайны”. Ніводзін з суб’ектаў Расейскай Федэрацыі не далучыўся да яе інакш як у выніку захопніцкіх войнаў. Чаму Расея не хоча даць Чачні незалежнасці? Бо тады пасыпалася б уся Федэрацыя, якая трымаецца на вайсковай сіле.
Калі Расея абараняе свае межы, дык чаму не мае такога права Україна? Расея на паперы абяцала гарантаваць ёй тэрытарыяльную цэласнасць, аднак парушыла сваё абяцанне. У свой час канцлер ФРГ Ангела Меркель заявіла, што яна не пазнае свайго расейскага калегу, што Уладзімір Пуцін жыве ў нейкім сваім ілюзорным свеце. Насуперак ясным доказам ён бессаромна хлусіць, што не мае ніякага дачыненьня да вайны на Усходзе Украіны. У палон трапляюць салдаты з канкрэтных, вайсковых частак з усяе Расеі па Уладзівасток, а той далей бы папугай паўтарае сваё, што там няма ніякіх расейскіх салдат ды зброі. Ці гэтак паводзіць сябе сур’ёзны палітык? Хто яму будзе верыць у будучыні і як наагул можна мець справу з чалавекам, які апантаны ідэяй велічы і выключнасці Расеі, калі гэтая краіна адыгрывае сякую-такую ролю ў свеце таму, што гэта ядзерная дзяржава. Калі б не ядзерны патэнцыял, ніхто яе не баяўся б, а калі б не нафта і газ, ніхто не меў бы чым з ёю гандляваць. Калі краіна абапіраецца на грубую сілу, гэта не прыдае ёй гонару. Калі не на высокіх тэхналогіях, а на сыравіне, дык яна аўтаматычна трапляе у разрад “бананавых рэспублік”.
Калі ад напышлівай прамовы расейскаму прэзідэнту стала лягчэй, дык і добра. Слава Богу. Затое краіну і грамадзян такія погляды павінны насцярожваць.