Скон сацыяльнай дзяржавы



“Бюджэт на наступны год павінен быць ашчадны. Не выпадае чакаць росту заробкаў, бо лішніх грошай у дзяржаўнай скарбонцы няма”, –  такі асноўны пасыл накіраваў беларусам кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы сябрамі Савету Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Складваецца ўражанне, што ў беларускага кіраўніцтва заўважна сапсаваны настрой. Яшчэ два-тры тыдні таму дамінавала ледзь не эйфарыя ад таго, што ў выніку заходніх санкцыяў Беларусь як саюзнік па Мытным Саюзе няблага заробіць ад экспарту сваіх альбо рээкспарту заходніх прадуктаў у Расею. Цяпер, сустракаючыся з кіраўніцтвам Палаты Прадстаўнікоў, Лукашэнка загаварыў пра ашчадны бюджэт, каб, дапрацоўваючы яго, дэпутаты “лічылі кожную капейку, бо лішніх грошай няма». Ну а калі грошай няма і не будзе, дык адпаведна не будзе і значнага павелічэння заробкаў. Лукашэнка даў зразумець, што грамадзянам трэба пачаць больш разлічваць на сябе, чым на дзяржаву. Хаця дзяржава не адмаўляецца ад сацыяльнай дапамогі насельніцтву, аднак яна “не ствараецца для таго, каб карміць кагосьці, хто не вельмі хоча на сябе працаваць. Нашы людзі, хто хоча, могуць жыць добра. Трэба паступова беларусаў схіляць да таго, што дзяржава дапаможа, але лепш разлічваць на сябе».

Неабходнасць браць справу свайго выжывання ў свае рукі беларускі кіраўнік патлумачыў “зацяжным эканамічным крызісам”. “Гэта нават не крызіс — асобныя дзяржавы нахіляюць увесь свет, каб вырашыць некаторыя праблемы,» – заявіў Лукашэнка. Ён не патлумачыў, што мае на ўвазе і як гэта толькі некаторыя дзяржавы тэрарызуюць увесь свет. Калі меў на ўвазе эканамічныя санкцыі, дык яны тычацца толькі Расеі. За наступствы расейскіх санкцыяў у адказ супраць Еўразвязу і ЗША Беларусь не мусіць хвалявацца. Аднак, паводле Лукашэнкі, чамусьці гэта Беларусь стала ахвярай разборак паміж іншымі і ёй трэба неяк выкручвацца ў гэтай сітуацыі.

Падчас згаданай сустрэчы з Саветам Палаты Прадстаўнікоў прагучэла фраза, што нават браты-расейцы рыхтуюць сінявокай саюзніцы непрыемны сюрпрыз. Расходзіцца пра так званы «падаткавы манеўр» . Гэта рэзкае зніжэнне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае падвышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў. Для Беларусі на практыцы гэта азначае, што значна ўзрасце цана на расейскую нафту. Адпаведна, узрасце і цана бензіну для спажыўцоў. Таму беларускі ўрад вядзе перамовы з Расеяй для змякчэння наступстваў згаданага манеўру для Беларусі.

У гэтай сітуацыі тое, што для беларускага кіраўніцтва самае непрымальнае, гэта адсутнасць якой-кольвек каардынацыі дзеянняў. Расейскі бюджэт на 2015 год прадугледжвае значнае зніжэнне акцызаў на нафтапрадукты, а беларускі закладваў іх павелічэнне. Вось на думку беларускага кіраўніка, калі той расейскі «падаткавы манеўр» адбудзецца, гэта прынясе Беларусі значныя страты і ўскладніць функцыянаванне эканамічнага саюзу «тройкі»: Расеі, Беларусі, Казахстана. «Мы задумалі Мытны саюз, затым Еўразійскі саюз — давайце яго пабудуем на класічных прынцыпах, без аніякіх выключэнняў і абмежаванняў…мы дамаўляліся, і гэтыя дамоўленасці трэба выконваць. Гэта наша пазіцыя», –  заявіў Лукашэнка.

З вышэй сказанага можна зрабіць наступную выснову: калі здзіўляемся, што нацыянальныя эгаізмы бяруць верх у Еўразвязе, дзе 28 краін, дык трэба памятаць, што не ў стане дамовіцца паміж сабою нават тры дзяржавы. Расея мае ўсе падставы меркаваць, што Беларусь і Казахстан недастаткова лаяльныя саюзнікі. Гэта бачна, у прыватнасці, у выпадку іншага, чым расейскае, стаўлення да Украіны і да заходніх санкцыяў. Маскву раздражняюць выкрутасы саюзнікаў, таму і адтуль паплыў сыгнал, што саюзніцкія абавязацельствы павінны прадугледжваць і страты. У любым выпадку, у Беларусі паступова канчаецца сацыяльная дзяржава.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ