Слушныя словы лаўрэаткі
Нобелеўская Прэмія ў галіне літаратуры для Святланы Алексіевіч выклікала ў Беларусі, зразумела, шырокі рэзанас і неверагодны ўсплёск агульна-нацыянальнай радасці. Пісьменніцу павіншаваў нават прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Відавочна, далося гэта яму з цяжкасцю, калі ўлічыць тое, што пісьменніца сказала падчас прэс-канфэрэнцыі.
Адказы Нобелеўскай лаўрэаткі на пытанні журналістаў – гэта своеасаблівы аўтапартрэт пісьменніцы. Не кожны яе адказ аднолькава ўражвае глыбінёй ці арыгінальнасцю думкі, але некаторыя з іх -проста пэрліны. Найперш яна паказала, што жывучы трохі на ўзбочыне жыцця, у сваім мікракосмасе, яна добра разбіраецца і добра разумее, што адбываецца і ў Беларусі і як мінімум – у суседніх краінах.
Сваімі настаўнікамі і ўзорамі яна назвала Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Гэта добрыя настаўнікі. Выбар аўтарытэтаў многае гаворыць пра чалавека. Дарэчы, Лукашэнка гэта ведаў, і ўсяляк устаўляў Алексіевіч палкі у колы. «Беларуская ўлада робіць выгляд, што мяне няма. Мяне не друкуюць, я не магу нідзе выступаць. Беларускае тэлебачаньне, не памятаю, каб мне званіла», – заявіла Алексіевіч. Пісьменніца прызнала, што цяперашняя Беларусь – таталітарная краіна, у якой надалей кіруюць людзі савецкага складу. Сумленным і разумным людзям тут няма месца. На выбары Алексіевіч не збіраецца ісці, хаця яна салідарная з Таццянай Караткевіч. «Не пайду на выбары, бо мы ж з вамі ведаем, хто пераможа. Мы ведаем, што пераможа Лукашэнка. Напэўна, у яго будзе 76%. Я так думаю. Ён паглядзіць на настроі грамадства і прыкіне, колькі можна». За тры дні да заканчэння выбараў. Ад такіх слоў Лукашэнка і Ярмошына павінны пачырванець ад сораму, але яны не ведаюць такога пачуцця.
Шмат непрыемнага сказала Алексіевіч і на адрас сучаснай, пуцінскай Расеі. «Я люблю добры, гуманітарны „русский мир“ з літаратурай, балетам, музыкай… але не люблю „мир“ Берыі, Сталіна, Пуціна, Шойгу. Гэта не мой свет». Па яе словах, расейцы перажываюць усплёск страшнага, бяздумнага нацыналізму і ваеншчыны. Расейцам гэтак прамылі мазгі, што 86% людзей рады таму, як забівалі людзей у Данецку, і смяюцца над гэтымі „хахламі“. Увесь Савет Фэдэрацыі, без аніводнага голасу супраць, без аніякага абмеркавання бы пры Сталіне, галасуе за ваенную аперацыю ў Сырыі. Дык нават у Савецкія часы, былі галасы супраць вайны ў Аўганістане. «Сорамна, сорамна за тое, што адбываецца». Становішча ў Крыме і Украіне яна назвала «расейскай акупацыяй». Па яе словах, ні ў беларусаў, ні ў расейцаў няма сапраўдных антызаходніх настрояў. На надуманых ворагаў іх нацкоўваюць цяперашнія палітыкі, але і яны не вечныя. Тым не менш, пісьменніца лічыць, што яна «не барыкадны чалавек», яна супраць рэвалюцыяў і пралівання крыві. Ёй бліжэйшы гандзізм, і беларусам трэба знайсці яго сваю форму.
Шкада, што гэтыя словы дойдуць усяго толькі да адзінак і на практыцы яны нічога не зменяць. Шкада, бо гэта голас спакойны, узважаны, пазбаўлены якой-небудзь заўзятасці і фанатызму. У Маскве ўжо заявілі, што Алексіевіч слаба паінфармаваная. А ці лепей за яе бывалую ў свеце, паінфармаваныя тыя 90% расейцаў, якія бы бяздумныя авечкі бягуць за адным бараном у прорву. У свой час людзі абагаўлялі Гітлера і Сталіна. Чаму сучасныя паўтараюць тыя самыя памылкі. Мабыць трэба болей часу, каб выветрылася тое рабскае і савецкае мысленне.