Сорак гадоў беспрацоўя
Напярэдадні сённяшняй дэбаты са сваім контра-кандыдатам на выбарах прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі агучыў цікавую ініцыятыву датычную пенсіяў. Ён паведаміў, што прэзідэнцкая канцэлярыя падрыхтавала законапрект, які прадугледжвае крытэрый 40 гадоў працы пры выхадзе на пенсію.
“Сёння ці заўтра я перашлю законапраект у Сойм. Ён прадугледжвае крытэрый 40-гадовага стажу працы як элемент выхаду на пенсію,” – паведаміў прэзідэнт падчас сустрэчы ў Бельведэры з прадстаўнікамі буйнога прафсаюзу (ОPZZ) і Саюзу Польскага Настаўніцтва. Камароўскі абмяркоўваў пытанне працягласці працы з прафсаюзнымі актывістамі. Ён паведаміў, што ў бліжэйшы час сваю думку наконт законапраекту, датычнага грамадскага дыялогу, выкажа Пастаянная камісія Рады Міністраў. “Я задаволены тым, што спрычыніўся да аднаўлення грамадскага дыялогу. Гэта было заўсёды асноўным элемэнтам нашых сустрэч. Гэта шлях да далейшых, сумесных дзеянняў у сферах важных для працоўных і для прафсаюзаў,” – сказаў Камароўскі. Прэзідэнт прыгадаў таксама агучаную тыдзень раней праграму “Першая праца”. З пачаткам новага году яна прадугледжвае гарантыі занятасці для 100 тысяч маладых людзей. “Гэта будзе шмат каштаваць, але грошы на гэта будуць паходзіць з Фонду Працы і з еўрапейскіх крыніц. Гэта элемэнт стратэгіі “Добры старт для маладых”, адрасаваны выпускнікам школ, якія у свае 30 гадоў не знаходзяць працы, альбо працуюць паводле так званых “смеццевых” дамоваў.
Аднак асаблівую цікаўнасць і падтрымку з боку прафсаюзу выклікаў законапрект, датычны выхаду на пенсію пасля 40 гадоў працы. “Зараз у шмат каго няма ні здароўя, ні магчымасці для працы. Працаўнік не пойдзе на пенсію, калі ў яго будзе здароўе, праца і заробак. Кожны хоча працаваць, рэалізаваць сябе,” – заявіў старшыня прафсаюзу ОПЗЗ Ян Гуз. Прафсаюз даўно выступаў за падвышэнне заробкаў у бюджэтнай сферы, за ўстанаўленне мінімальнай стаўкі за гадзіну працы, за магчымасць выхаду на пенсію пасля 35 гадоў працы для жанчын і 40 для мужчын. Прафсаюз патрабуе зменшыць падаткі для тых, хто зарабляе найменей і ліквідаваць “смеццевыя” дамовы.
Прапанова стажу працы гучыць вельмі пераканаўча, справядліва і разумна. Калі чалавек пасля ВНУ у свае 25 гадоў пачне працаваць, дык у 65 гадоў у яго будзе якраз 40 гадоў працы. Калі без вышэйшай адукацыі ён пачне раней працаваць, дык гэта будзе цяжэйшая, мабыць фізічная праца. Тады таксама будзе слушна, калі ён раней выйдзе на пенсію. Аднак Саюз Левых Сілаў адразу заявіў, што прэзідэнт скраў іхную ідэю, агучаную пару гадоў таму. Тады ўрад адкінуў гэтую прапанову як цалкам нерэальную. Узнікае лагічнае пытанне: чаму тады яна была дрэнная, а цяпер мае быць добрая? Ды-й наагул. Усё гэта заслугоўвала б увагі і павагі, калі б не рабілася тры дні да вырашальнага туру выбараў. Абодва кандыдаты ўсяляк падлізваюцца да выбаршчыкаў. Контр-кандыдат Камароўскага – Анджэй Дуда наагул абяцае ўсім і ўсё, не турбуючыся тым, што гэта нерэальнае. Людзі разумеюць, што і дзейсны прэзідэнт меў 5 гадоў на тое, каб заняцца балючымі праблемамі людзей. Грамадства старэе, гэта факт. Людзі статыстычна жывуць даўжэй, таму выхад на пенсію адтэрмінаваны да 67-мі гадоў. Аднак людзі пытаюць: “Што з таго, што я выйду на пенсію пазней, калі ў мяне няма працы ў мае 40-50-60 гадоў? Працы няма нават для маладых, здаровых, адукаваных, дык адкуль яна знойдзецца для мяне, старога і хворага? Тое самае тычыцца і “смеццевых” дамоваў. Яны даюць магчымасць сякой такой працы, але без узносаў у пенсійны фонд. Інакш кажучы, гэта праца для тых, якія думаюць пра цяперашнюю хвіліну, а не пра пенсію. Думаю, што большасць палякаў разумеюць, што гэта выбарчая агітацыя і нерэальныя нават такія памяркоўныя абяцанні. А за каго яны прагаласуюць, паглядзім у нядзелю.