Стартуе “Фестываль пяючай душы”



Сёння ў 19 гадзін у Беластоцкай Філармоніі пачнецца XXXIV Міжнародны Фестываль Царкоўнай Музыкі “Гайнаўка-2015”. Як паведаміў дырэктар Фестывалю Мікола Бушка, выступяць агулам 27 хораў з 11 краін. Яны выканаюць амаль 700 конкурсных твораў даўніх і сучасных кампазітараў.

Сёлетні Фестываль адбываецца пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Польшчы, Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны, Прэзідэнтаў Варшавы і Беластоку, Саюзу Польскіх кампазітараў і пад мастацкім патранатам Кшыштафа Пэндэрэцкага. У Фестывалі прымуць удзел 27 хораў з 11 краін: Польшчы, Беларусі, Балгарыі, Украіны, Расеі, Літвы, Эстоніі, Славаччыны, Вугоршчыны, Малдовы ды Ізраіля. З Беларусі, у прыватнасці, выступяць: жаночы хор з Оршы, дзіцячы хор “Кантарэ” са Светлагорска, хор “ Раніца” з Менску, хор  „Classic” таксама з Менску і яшчэ адзін калектыў з беларускай сталіцы – хор „Concertino” музычнага College’u.

Конкурс будзе праходзіць у 5 катэгорях: парафіяльных хораў, аматараскіх, свецкіх, дзіцяча-моладзевых, хораў музыкальных вучэльняў і прафесійных хораў. Міжнароднаму журы ўжо 32-і раз будзе старшыняваць знакаміты польскі кампазітар Рамуальд Твардоўскі, якому сёлета спаўняецца 85 гадоў. У склад журы ўваходзіць таксама выдатны знаўца царкоўнай музыкі а. Юры Шурбак, а таксама кампазітары і выканаўцы, лаўрэаты гэтага Фестывалю з Польшчы, Балгарыі, Латвіі, Расеі ды Украіны. Адкрые Фестываль інаўгурацыйны канцэрт. Леташні лаўрэат Фестывалю: хор Моладзевага Дому Культуры з Беластоку пад кіраўніцтвам Барбары Карнацкай выкананае Гімн „Gaude Mater Polonia”. Затым прагучыць сціхіра “Земле руская” ў выкананні кіеўскага хору “Сафія” пад кіраўніцтвам Аляксея Шамрыцкага. Падчас інаўгурацыйнага канцэрту, названага “Ад крыніц да сучаснасці”, прысвечанага Рамуальду Твардоўскаму, хор “Сафія” выканае прэм’ерныя творы Лесі Дычко з Украіны, Анатоля Кісялёва з Расеі і Уладзіміра Чолака з Малдовы, напісаныя адмыслова для гэтай ўрачыстасці. Прагучаць таксама дзве кампазіцыі юбіляра, у тым ліку ўпершыню “Божа, во імя Твое”. Конкурсныя слуханні будуць доўжыцца тры дні: у чацвер, пятніцу і суботу. Абвяшчэнне вынікаў, уручэнне ўзнагародаў і гала-канцэрт адбудуцца па палудні ў нядзелю 24 траўня. Па традыцыі мінулых гадоў у рамках Фестывалю адбудуцца дадатковыя мерапрыемствы: канцэрт у Еўрапейскім Цэнтры Музыкі Кшыштафа Пэндэрэцкага ў Лютаславіцах, канцэрты ў трох залах Варшавы, Х-я Дні Сакральнай Музыкі ў Белавежы, канцэрт жыдоўскай музыкі ў Тыкоціне, Міжнародная Навуковая Канферэнцыя “Царкоўная музыка: традыцыі і сучаснасьць” у Беластоку, а таксама лакальныя канцэрты ў некалькі гарадах і мясцовасцях Падляшша.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што на мінулым тыдні прайшоў падобны Фестываль пад назвай “Гайнаўскія Дні Царкоўнай Музыкі”. У абодвух мерапрыемстваў тыя самыя вытокі, хаця і нязначна яны адрозніваюцца, як адрозніваюцца дзве галіны таго самага дрэва. Памятаю сціплыя пачаткі Фестывалю ў 81-м годзе. Тады арганізатарам нават не думалася і не снілася, што з выступу некалькіх вясковых хораў народзіцца міжнародны, прэстыжны Фестываль  “пяючай душы”. За тыя 34 гады Фестываль знакаміта распрапаганадаваў па ўсім свеце царкоўную музыку і само Праваслаўе. Фестываль паслужыў стымулам для падвышэння выканаўчага ўзроўню мясцовых царкоўных парафіяльных хораў і стварэння новых хораў. Атрымалася так, што ў польска-каталіцкім асяроддзі да добрага тону належыць выступіць на фестывалі царкоўнай музыкі. Гэта стала знакам якасці. Трыццаць гадоў таму такое падавалася фантастыкай. Аднак гэта факт. Царкоўныя спевы пачалі ўключаць у свой рэпэртуар свецкія, неправаслаўныя хоры ў неправаслаўных краінах, гэтым самым міжвольна папулярызуючы царкоўную музыку і ўскосна – Праваслаўе. Ужо гэтага дастаткова, каб Фестываль усяляк прапагандаваць і падтрымліваць. Спадзяюся, што сёлетняе мерапрыемства чарговы раз адорыць слухачоў непаўторнымі духоўнымі перажываннямі і эстэтычнымі ўражаннямі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ