Свята руйнавання сцяны
У нядзелю, 9 лістапада, у Нямеччыне завяршыліся трохдзённыя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя “Берлінскай сцяны”. Канцлер ФРГ Ангеля Меркель заявіла, што гэтая эпахальная падзея ў гісторыі Нямеччыны не была б магчымая без ранейшых падзеяў у іншых краінах усходняга блоку.
Сама сцяна – гэта цэлая сістэма ўмацаванняў у выглядзе высокай, бетоннай агароджы, траншэяў, заслонаў з калючага дроту і мінаў. Яна мела 156 кіламетраў даўжыні і на мове ўсходненямецкай прапаганды зваўся “антыфашысцкім абарончым валам”. Яна аддзяллаў Усходні Берлін ад Заходняга і праіснавала з 13 жніўня 1961 году да 9 лістапада 1989-га году. “Берлінская сцяна” была адным з самых вядомых сімваляў “халоднай вайны” і падзелу Нямеччыны. Падчас спробаў нелегальнага пераходу цераз сцяну на тэрыторыю Заходняга Берліну былі застрэленыя, паводле розных ацэнак, ад 136 да 238 чалавек. Да ліквідацыі сцяны спрычыніліся масавыя дэманстрацыі ўвосень 89-га году, што атрымала назву “мірнай рэвалюцыі” і патрабавання свабоды перамяшчэння ўсходніх немцаў. Вялікая колькасць немцаў пачала пакідаць краіну без дазволу ўладаў, пры дапамозе амбасадаў іншых краін усходняга блоку. У выніку шэрагу непаразуменняў кіраўніцтва камуністычнай Нямеччыны дало згоду на свабоднае перамяшчэнне сваіх грамадзянаў. Да 30 чэрвеня 90-га году адкрывалі ўсё новыя памежныя пераходы. 13 чэрвеня пачалі разбіраць сцяну, а 1 ліпеня разам з падпісаннем “валютнага саюзу” памежны кантроль паміж дзвумя часткамі Нямеччыны быў поўнасцю скасаваны. Усходнія немцы масава хлынулі ў Заходні Берлін і ФРГ. Іх віталі з неверагодным энтузіязмам, які, праўда, з часам выветрыўся. Само ўз’яднанне Нямеччыны стала фактам у выніку дамовы, падпісанай у Маскве 12 верасьня 90-га году лідерамі „шасцёркі”: абедзвюх Нямеччынаў, ЗША, Савецкага Саюзу, Вялікай Брытаніі і Францыі. Гісторыкі згодна прыпісваюць вырашальную ролю прэзідэнту СССР Міхаілу Гарбачову. Без яго згоды ўз’яднанне можа і адбылося б, аднак зацягнулася б на гады. Паводле неафіцыйных звестак, ФРГ заплаціла за гэтую згоду вялізную суму, якую аднак ніхто ніколі не называў.
Гарбачоў быў ганаровым госцем трохдзённых урачыстасцяў у Берліне. Некалькісот чалавек сабраных ля аднаго з былых памежных пераходаў прывіталі яго апладысментамі. “Я ганаруся тым, што маю свой уклад у тое, што зараз можам жыць гэтак як жывем,” – заявіў ён і дадаў, што “пакуль немцы і расейцы разумеюць адны адных і застаюцца сябрамі, у Еўропе пануе мір”. Нядаўна Гарбачоў непрыемна здзівіў заходнюю грамадскасць падтрымліваючы палітыку Пуціна і захоп Крыму.
Нездарма гаворыцца, што ў поспеху шмат бацькоў. Прамаўляючы на Плошчы Святога Пятра Папа Францішак заявіў, што “падзенне Берлінскай сцяны не было б магчымае без Яна Паўла Другога. “Падзенне сцяны адбылося раптоўна, але гэта стала магчымым дзякуючы доўгаму і карпатліваму змаганню многіх людзей, якія за гэта маліліся, змагаліся і пакутавалі неаднойчы аддаючы сваё жыццё”. Папа Францішак заклікаў усіх людзей добрай волі да супрацоўніцтва, каб пашыралася “культура згоды”, якая здольная разбурыць усе існуючыя сцены і падзелы.
Палякі маюць прэтэнзіі да Захаду, што той надае празмернае значэнне падзенню “Берлінскай сцяны”. Па-мойму, яны слушна лічыць што большая заслуга належыць “Салідарнасці”. Часткова слушнасць гэтых прэтэнзіяў пацвердзіла і Ангеля Меркель. “ Немцы ніколі не забудуць, што незалежніцкія, антыкамуністычныя рухі праклалі шлях да самага шчаслівага перыяду ў іхнай гісторыі”. Яна згадала чэхаславацкую “ Хартыя 77”, польскую “ Салідарнасць”, савецкую перабудову і рашэнне вугорскіх уладаў аб адкрыцці межаў.
У любым выпадку, разам з падзеннем Берлінскай сцяны з’явілася самая магутная краіна ў Еўропе. Шкада толькі, што гэты гаспадарчы велікан застаецца палітычным карлікам. Немцы павінны нарэшце пачаць адыгрываць на міжнароднай арэне належную іх патэнцыялу ролю.