Свята, ці Дзень салідарнасці?
Сёння праўладная Федэрацыя Прафсаюзаў Беларусі ( ФПБ) праводзіць па ўсёй краіне святкаванні “Дня працы”. Затое дазволу на мітынг у Менску не атрымаў Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў, які ўказвае на збядненне працоўных і рост бяспрацоўя ў Беларусі.
У афіцыйным святкаванні на Плошчы Дзяржаўнага сцягу апроч праўладнага прафсаюзу прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта і Савету міністраў. Адбылося ўганараванне лаўрэатаў прэміі ў галіне працы і ўскладанне кветак да стэлы “Менск – горад-герой”. Бліжэй да вечара ў менскім парку Перамогі дабудзецца прафсаюзная маёўка і канцэрт з удзелам фіналістаў вакальнага конкурсу “Новыя галасы для любімай краіны”. Як і штогод са Святам Працы павіншаваў беларусаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў вялікія дасягненні краіны ў самых розных галінах гаспадаркі і навукі.
Якраз з гэтым нязгодзен альтэрнатыўны Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў ( БКДП). Ён аб’ядноўвае чатыры арганізацыі і налічвае 10 тысяч працоўных. Аднак яму ўжо у 10-ы раз сталічныя ўлады не дазволілі правесці мітынг у цэнтры Менску. Падчас мітынгу планавалася ўзняць „праблемы беларускіх працоўных і незалежных прафсаюзаў”. Да “Свята Працы” БКДП прыняў адмысловую заяву. У ёй выказаў занепакоенасць пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. У заяве прафсаюз звяртае ўвагу на факт, што сотні прадпрыемстваў спыняюць працу, або пераходзяць на абмежаваны рэжым, скарачаючы тысячы рабочых месцаў. У выніку, асабліва ў рэгіёнах, беспрацоўе набывае масавы характар. Звальненні і скарочаны час працы цягне за сабою скарачэння і несвоечасовыя выплаты заробкаў. Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў параўновае цяперашні сацыяльна-эканамічны крызіс з тым, у пачатку 90-х гадоў. Яго прычыны ў камандна-адміністрацыйнай форме кіравання эканомікай, – лічыць ДКДП. Прафсаюз заклікаў урад неадкладна прыняць нарматыўна-прававыя акты, якія прывядуць да „лібералізацыі і пераходу ад камандна-адміністрацыйнай да рыначнай эканомікі”. У сакавіку прапановы наконт гэтага былі перададзены ва ўрад, аднак той праігнараваў іх.”Толькі прынцыповая змена эканамічнага курсу здольная гарантаваць краіне росквіт, рост дабрабыту народа, годную працу, годныя яе ўмовы і годную аплату”, — упэўненыя ў дэмакратычным прафаб’яднанні. У заяве перасцераецца ўрад, што цяперашняя сітуацыя прывядзе да сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. Заклікаецца таксама адмяніць прэзідэнцкія дэкрэты № 5, 3 і 29. Яны прадугледжваюць больш жорсткія патрабаванні да кіраўнікоў і работнікаў, устанаўлення збору з „дармаедаў” і кароткатэрміновых кантрактаў.
Лідар БКДП Аляксандр Ярашук мае рацыю, калі кажа, што тыя масавыя гулянні, канцэртна-забаўляльныя праграмы і спартыўныя спаборніцтвы ствараюць атмасферу свята, але гэты дзень аніяк не свята. Гэта – «Міжнародны Дзень Салідарнасці Працоўных». У беларускай сітуацыі гэты другі назоў больш да месца. Аднак заклік дэмакратычных прафсаюзаў да стварэння працоўных месцаў і адначасова да лібералізацыі эканомікі ды свабоднага рынку – гэта дзве супярэчлівыя рэчы. У Беларусі расце бяспрацоўе з прычыны непрададзенай прадукцыі. Гэта звязана з крызісам расейскай эканомікі і неканкурэнтаздольнасцю беларускіх тавараў. Аднак пераход да жорсткіх правілаў свабоднага рынку – гэта не панацэя. Ён не адразу, а ў далейшай перспектыве дае рост эканомікі. Спярша пагоршыцца становішча працоўных і павялічыцца бяспрацоўе. Стратныя прадпремствы цалкам спыняць дзейнасць. Працу страцяць сотні тысяч чалавек. Улады не праводзяць рэформаў, баючыся гэтага. Дабротаў свабоднага рынку пераканаўся прафсаюз «Салідарнасць» у Польшчы. Прафсаюзы павінны быць апошнімі, хто заклікае да свабоднага рынку. Гэткім чынам яны наклікаюць на працоўных бяду. Аднак гэта не значыць, што яны не павінны падказваць ураду канструктыўныя спосабы змякчэння крызісу.