Ці ёсць небяспека ад малога памежнага руху?



Двое дэпутатаў польскага Сойму ад Грамадзянскай Платформы заклікалі ўрад аднавіць малы памежны рух з Калінінградскай вобласцю Расеі. Яны даказвалі, што гэта не мае нічога супольнага з вялікай палітыкай, затое выгаднае для жыхароў памежных рэгіёнаў і для эканомікі краіны.

Малы памежны рух з Калінінградскай вобласцю Расеі быў уведзены ў ліпені 2012 году. Ён ахопліваў усю Калінінградскую вобласць і частку Паморскага і Вармінска-Мазурскага ваяводстваў. Расейцы масава прыязджалі ў Польшчу, набываючы харчовыя прадукты, бытавую тэхніку, тэлевізары і тэкстыль. Палякі пераважна набывалі ў Калінградскай вобласці таньнейшае паліва і цыгарэты.

Рух быў прыпынены 4-га лютага. Рашэнне было выкліканае меркаваннямі бяспекі ў сувязі з Сусветнымі днямі Моладзі. Пасля спакойнага заканчэнне гэтага буйнамаштабнага мерапрыемства ў канцы ліпеня з Украінай малы памежны рух быў адноўлены, затое з Расеяй – не. Дэпутаты: Агнешка Памаска і Пётр Цесьлінскі прадстаўляюць якраз Паморскае і Вармінска-Мазурскае ваяводствы, якія непасрэдна мяжуюць з расейскім анклавам. Яны падрыхтавалі запыты да міністраў унутраных справаў і развіцця. Падчас канферэнцыі ў Гданьску Агнешка Памаска заявіла, што рашэнне аб неаднаўленні малога памежнага руху “незразумелае, нерацыянальнае і вельмі шкоднае”. Дэпутат Пётр Цесьлінскі назваў пазіцыю ўраду “палітычнай заўзятасцю”. Абое прыводзілі лічбы. Аказваецца, што ў 2015 годзе расейцы пакінулі ў Польшчы 286 мільёнаў злотых. У запыце да міністра Блашчака яны пытаюцца: якая гэта канкрэтнага пагроза стала прычынай прыпынення руху і якія ўмовы павінны быць выкананыя, каб ён аднавіўся. Да віцэ-прэм’ера і міністра развіцця Маравецкага яны накіравалі запыт: ці ён ведае, якія страты нясе прыпыненне памежнага руху і ці ён можа прапанаваць нейкую кампенсацыю тым прадпрымальнікам, якія страцілі свае бізнэсы і крыніцу ўтрымання. Па словах дэпутата Цесьлінскага, многія бізнэсоўцы прыстасавалі свае паслугі і прапановы якраз для патрэбаў расейскіх пакупінікоў. Таксама былы маршалак Вармінска-Мазурскага ваяводства Яцэк Протас даказваў, што прыпыненне альбо поўнае закрыццё пагоршыла б і так дрэнную эканамічную сітуацыю ваяводства з вялікім бяспрацоўем.

У адказ на аргументацыю, што гэта робіцца з меркаванняў бяспекі, Робэрт Тышкевіч, які актыўна прасоўваў ідэю малога памежнага руху з Беларуссю, заявіў: “Гэта не мае нічога супольнага з вялікай палітыкай. Гэта тыповая стральба з гарматаў па вераб’ёх ”. Ён даказваў, што малы памежны рух азначае не толькі эканамічную карысць. “Расеец альбо паляк з памежнай зоны шырынёю ў 50 кіламетраў проста не мусіць раз пораз падаваць заяўку на дарагую візу, затое ўсе правілы перасячэння мяжы ўключна з кантролем застаюцца ў сіле”. Тышкевіч выказаў здзіўленне, што ў гэтай справе маўчыць міністр замежных справах, хаця пытанне ўсходняга суседства гэта яго дзялянка. “Патрабуем, каб урад неадкладна прыняў рашэнне аб аднаўленні малога памежнага руху з Расейскай Федэрацыяй,” – заявіў Тышкевіч.

Аднак міністр унутраных справаў і адміністрацыі Мар’юш Блашчак заявіў, што “малы памежны рух будзе адноўлены тады, калі знікнуць прычыны яго прыпынення, звязаныя з бяспекай”. Таксама віцэ-міністр Яраслаў Зелінскі, выступаючы ў Беластоку заявіў: “Пра даты аднаўлення руха цяжка гаварыць. Бяспека з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю”. Гэта факт. Аднак узнікае пытанне: калі цягам 4-х гадоў да 4-га ліпеня ўсё праходзіла нармальна, калі Сусветныя Дні Моладзі прайшлі спакойна, што новае здарылася ў пытанні бяспекі? Выпадала б людзям патлумачыць. Можа ёсць нейкі сур’ёзныя падставы, пра якія людзі не ведаюць, але ім выпадае пра гэта сказаць. Гэта важнае і для жыхароў Падляшша, якія не могуць дачакацца запуску малога памежнага руху з Беларуссю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ