Туніс: яшчэ адзін урок Захаду



Больш як 20 чалавек, пераважна турыстаў з Іспаніі, Італіі, Нямеччыны і Польшчы загінула, а некалькі дзясяткаў асоб параненыя ў выніку тэракту ў этнаграфічным музеі Бардо ў цэнтры Тунісу. Урады шэрагу заходніх краін апынуліся ў агні крытыкі за мноства занядбанняў і памылак і цяпер спешна абмяркоўваюць крокі, якія дазволілі б прадухіліць падобныя тэракты ў будучыні.

Пра дакладную колькасць ахвяр і іх грамадзянства цяжка гаварыць. Гэтыя дадзеныя ўсё яшчэ ўдакладняюцца. Вядома, што сярод ахвяраў няма беларусаў, затое напэўна загінулі два палякі, а яшчэ 2 лічацца прапаўшымі без весткі. Першапачаткова тэрарысты спрабавалі пранікнуць у будынак туніскага парламента, дзе якраз абмяркоўваўся закон, датычны змагання з тэрарызмам. Калі гэта ў іх не атрымлася, яны ўварваліся ў суседні будынак музея, запоўнены замежнымі турыстамі. Нападнікі без разбору стралялі ў безабаронных людзей. Пасля трох гадзін музей быў вызвалены антытэрарыстамі, але са згаданымі вышэй стратамі. Дагэтуль ніхто не ўзяў адказнасці за замах, але многае паказвае на сувязь тэрарыстаў з “Ісламскім каліфатам”. У панядзелак медыя паведамілі, што ў баях з баевікамі ў Лібіі загінуў звязаны з каліфатам грамадзянін Тунісу Ахмед-Аль-Руісі. Праўдападобна, гэта ён адказны за смерць левых туніскіх палітыкаў у Тунісе ў 2013 годзе, што прывяло да хаосу ў гэтай краіне. Апроч таго, урадавыя сілы Тунісу знішчылі чатыры групоўкі ісламістаў, якія завербавалі агулам каля трох тысяч баевікоў і паслалі іх на дапамогу джыхадыстам з ісламскага каліфату. Аль-Руісі імкнуўся да стварэння “Ісламскага каліфату” і ў Тунісе, хаця гэтая краіна першая пачала “арабскую вясну” і першая паспяхова ды адносна без шкоды яе закончыла. Аднак менавіта з Тунісу паходзіць набольш добраахвотнікаў, якія вядуь “святую вайну” пад чорным сцягам у Іраку і Сірыі. Акрамя тых тэрарыстаў, якія абвучаныя ў баях, вярнуліся ў Туніс, амаль не існуе мяжы паміж ахопленай хаосам Лібіяй. Захад паспяхова адхіліў ад улады лібійскага дыктатара Муамара Кадафі, але толькі пагоршыў сітуацыю ў краіне і перастаў цікавіцца Лібіяй.  Не было асаблівай рэакцыі нават тады, калі перад тэлекамерамі тэрарысты забілі на адным з лібійскіх пляжаў 21-го хрысціяніна.

Зараз, у прыватнасці ў Польшчы, гаворка ідзе пра тое, наколькі трэба прыслухоўвацца да рэкамендацыяў МЗС-а і не ехаць у небяспечныя раёны. Так. Польскі МЗС перасцерагаў, што ў Тунісе небяспечна, але перасцярога не мае юрыдычнай моцы і не з’яўляецца афіцыйнай забаронай. Думаю, што справа ў іншым. Нібыта магутны саюз НАТО заяўляе, што разумее вагу праблемы, але прызнае, што сітуацыя выходзць з-пад кантролю. Некалькі заходніх краін на чале з ЗША бамбуюць пазіцыі джыхадыстаў у Сірыі ды Іраку, але без яснай стратэгіі. Сябры НАТО: Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына – далей скарачаюць выдаткі на абарону. Затое тэрарысты, якія захапілі вялікую колькасць амерыканскай зброі ў Іраку і з лібійскіх арсеналаў, амаль бесперашкодна актывізуюць сваю дзейнасць пераважна ў паўночнай Афрыцы. Іх мэта – стварыць чаговыя каліфаты. Ім дапамагаюць нават добраахвотнікі – мусульмане з пашпартамі заходніх краін. Вось гэта бадай самы яркі доказ памылковай міграцыйнай палітыкі. Еўропа, як гаворыцца, на сваёй грудзі вырасціла сабе ворагаў. Абвучаныя ў падрыхтоўцы тэрактаў і загартаваныя ў баях джахадысты, вярнуўшыся ў Вялікабрытанію ці Нямеччыну, могуць наладзіць чарговую крывавую мясарубку.

Нядаўна, кажучы пра агрэсіўныя дзеянні Расеі ва Украіне, былы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса заявіў: “Як можна супрацьстаяць Пуціну, калі ён скарыстоўвае бокс, а мы гуляем у шахматы?” Вельмі трапна сказана. Закон, правы чалавека і таму падобныя каштоўнасці нельга пашыраць на тых, хто імі пагарджае. Як напісана ў Бібліі, “нельга кідаць перлы паміж свіней”. З ворагам, які ваюе без аніякіх правілаў, трэба змагацца паводле яго правілаў, такімі ж каварнымі метадамі, паводле прынцыпу ўзаемнасці. Хай сабе гэта пярэчыць прынцыпу “не адказвай злом на зло”, “не прыпадабняйся да найгоршых”, але ў імя вышэйшага дабра часам трэба адмовіцца ад сваіх прынцыпаў. Адказваць шахматамі на удар кулаком – гэта бязглуздая стратэгія. Калі яна не будзе перагледжаная, усе будзем жыць у страху перад жменькай шаленцаў без прынцыпаў, але найперш з прычыны сваёй наіўнасці і блізарукасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ