“Ты жыві, мая Мама!”



Сёння, 26 траўня, у Польшчы адзначаецца Дзень Маці. Гэта адно з найбольш вядомых, папулярных і універсальных святаў у міжнародным календары, хаця і адзначаецца ў розных краінах у розныя дні. Аднак яго пасыл аднолькавы: выказаць нашым маці сваю любоў і павагу за дар жыцця і за само мацярынства.

Вытокі свята сягаюць глыбокай антычнасці. У старажытных грэкаў і рымлян шанавалі маці-багіні, сімвалы пладавітасці і ўраджаю. Хрысціянства выціснула паганскі культ, аднак свята адрадзілася ў 17-м стагоддзі ў Англіі ў даволі празаічных абставінах. У 4-ю нядзелю Вялікага паста ў Англіі ды Ірландыі быў выходны дзень для ўсіх наёмных работнікаў. Вельмі многія дзеці і падлеткі працавалі ў дамах багатых і ў гэты дзень яны маглі наведаць бацькоў, таму дзень атрымаў назву  „нядзелі ў мамы”. У якасці падарунку дзеці везлі дамоў адмысловае печыва званае „матчыным”. Яны таксама абдароўвалі мамаў кветкамі і ласункамі ўзамен за мацярынскае блаславенне. У ЗША ў другой палове 19-га стагоддзя свята спярша атрымала назву „Дзень матчынай працы”, а затым „Дзень маці дзеля міру”. З 1914 года ў ЗША, як дарэчы ў многіх краінах свету „дзень маці” адзначаецца ў другую нядзелю траўня. У некаторых краінах яно спалучана з „Жаночым святам” 8 сакавіка. Што тычыцца Беларусі, дык „Дзень маці” прымеркаваны да праваслаўнага свята Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы 14 кастрычніка. Гэта надзвычай трапна і разумна, бо маці якраз увасабляе любоў да сваіх дзяцей, апеку і ахову. Яна нібы птушка пакрывае дзяцей-птушанят сваімі крыламі.

У які б день не адзначалася гэтае свята, яго сутнасць аднолькавая. У слове „маці” ўвесь сусвет самых узнёслых і светлых пачуццяў. Яна дорыць нам жыццё, сустракае чалавека ў першыя хвіліны з’яўлення на свет ды ідзе з ім скрозь гады. Мама – першае слова, якое вымаўляем. Клапатлівая і ласкавая яна сагравае цяплом і пяшчотай бескарыслівай мацярынскай душы. І пакуль яна жыве, пакуль сустракае нас яе ласкавая ўсмешка, пакуль можам з ёй падзяліцца праблемамі і поспехамі, мы адчуваем упэўненасць у жыцці, нябачнае, але такое важнае для кожнага пачуццё абароненасці. Без светлага, сонечнага вобраза маці немагчыма ўявіць сабе ні роднага дому, ні таго куточка, дзе мы нарадзіліся і выраслі, ні самога існавання на гэтай зямлі. А самае галоўнае, што колькі б нам ні было гадоў, пакуль гарыць у бацькоўскім доме святло сямейнага ачага, які надзейна захоўваюць матуліны рукі і душа – мы застаемся дзяцьмі. А гэта ні з чым непараўнальнае багацце. У вершы „Маці”” Ніл Гілевіч зварушліва напісаў вось гэтыя радкі:

Рукі маці! Вы ў працы не зналі прынукі, Вы насілі штогод, мазалі, як бабіны, Вы аж нылі ўвечар, матуліны рукі, Спавіваючы нас, перад сном галубіным. Сэрца маці! Наш боль быў тваім, не іначай, Сорам наш Ты насіла велізарным горам, Кропля ж кожная радасці светлай дзіцячай Напаўняла цябе, разлівалася морам… А цяпер ёй – адно б на сынка наглядзецца… Жаль і горыч, і боль мне душу працінае! Як жа позна, як позна, любімыя дзеці – Мы няўдзячнасць сваю Разумець пачынаем…

Нізкі паклон Вам нашыя маці за цяплыню і ласку, за кожную слязінку, за бяссонныя ночы і безліч трывог, што прайшлі праз Вашае сэрца. З нагоды Свята Маці выказваю найлепшыя пажаданні і віншаванні ўсім мамам з ліку нашых слухачак.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ