У Гайнаўцы ўславілі злачынцу



26 лютага ў Гайнаўцы адбыўся «ІІ Гайнаўскі Марш Выклятых жаўнераў».Акцыю пад лозунгам «Гонар і слава героям» арганізавалі: «Нацыянальна-радыкальны лягер» ( ONR) і «Нацыянальная Гайнаўка». Маніфестацыя і контрманіфэстацыя абышліся без інцыдэнтаў, аднак пакінулі прыкрае ўражанне на жыхарах Гайнаўкі.

Нацыянальны Дзень Памяці Выклятых Жаўнераў выпадае на 1 сакавіка. Яго ўстанавіў у 2011 годзе польскі Сейм дзеля ўшанавання памяці «герояў антыкамуністычнага падполля, якія сталі на абарону незалежнасці польскай дзяржавы, што змагаліся за права на самастойнасць і ажыццяўленне дэмакратычных памкненняў польскага грамадства, якія са зброяй у руках альбо іншым чынам супраціўляліся савецкай агрэсіі і сілавому навязванню камуністычнага рэжыму». З прычыны выходнага дня, мноства самых розных мерапрыемстваў адбылося па ўсёй краіне якраз у суботу і нядзелю. Вось у рамках гэтага агульнанацыянальнага святкавання і прайшоў ўжо «ІІ Гайнаўскі Марш выклятых жаўнераў». Удзельнікі неслі нацыянальныя сцягі, сімвалы ONR і «Усяпольскай Моладзі». Яны выкрыквалі лозунг: «Выклятая Армія — Гайнаўка пра вас памятае», «Раз сярпам, раз молатам — чырвоную галоту», «Слава вашай памяці выклятыя жаўнеры», «Ідзе новае пакаленне — нясе гораду адраджэнне», а таксама: «Буры, Буры — наш герой».

Адбылася таксама контрманіфестацыя актывістаў KOD (Камітэт абароны дэмакратыі», «Анціфы» і руха «Грамадзяне Рэчы Паспалітай». Яны, а таксама жыхары Гайнаўкі свісталі выкрыквалі лозунг: «Фашысты, няма згоды на нацыяналізм», «Мая Радзіма — чалавечнасць», «Буры — не наш герой». У адказ маладзёны гарланілі, што «Гэта прапаганда родам са сталінскіх часоў». Паліцыя адгарадзіла адных ад другіх пазбягаючы сутычак.

Гайнаўскі Марш адбыўся не зважаючы на пратэсты, яго правакацыйны характар і забарону з боку гарадской управы. Управа і бурмістр Гайнаўкі абгрунтоўвалі забарону тым, што ў прыватнасці асоба «Бурага», капітана Рамуальда Райса выклікае спрэчныя пачуцці. Ён адказны за смерць у 1946 годзе 79-ці жыхароў рэгіёна і для многіх, як дарэчы і для Інстытута нацыянальнай памяці, ён аніякі не герой, а забойца цывільнага насельніцтва, уключна з дзецьмі. Апроч таго, улады хваляваў той факт, што акцыя была запланаваная каля Сабору Святой Тройцы, якраз у пару вячэрняй богаслужбы ў «Нядзелю даравання правінаў». Калі суды дзвюх інстанцыяў, акружны і апеляцыйны дазволілі марш, богаслужба была перанесеная на ранейшую гадзіну. Цікава, што пасля гэтага нацыяналісты змянілі маршрут і не пайшлі пад Сабор.

Дарэчы, падчас урачыстасці ў Аўгустове, віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі Яраслаў Зелінскі з крыўдай гаварыў, што дзяржаўнае свята ў гонар «выклятых жаўнераў» не даходзіць да грамадскай свядомасці. «Тут павінны быць натоўпы, але іх няма, а пра герояў гэтай Падляшскай зямлі трэба гаварыць яшчэ мацней і гучней. Гэта наш абавязак».

Учора ўвечары я пачуў на розных тэлеканалах шэраг каментарыяў на тэму «выклятых жаўнераў». Там гучэлі пераканаўчыя аргументы, што не ўсе яны былі героямі, а некаторыя звычайнымі бандзюгамі. Былі сапраўдныя героі але былі і такія, якія рабавалі, забівалі «не-палякаў» і «не-католікаў». Гэта павінны ведаць бязмозглыя апалагеты «Бурага». Іхняя правакацыйная акцыя якраз у Гайнаўцы, пад вокнамі сведак злачынстваў 1946 года альбо іх нашчадкаў, гэта плявок у іхныя душы. Вось удава па «Бурым», асуджаным на смерць, атрымала кампенсацыю, але сваякі яго ахвяр — ані гроша. З боку Сейма не было нават заявы пра салідарнасць з нявіннымі людзьмі. спаленымі альбо забітымі толькі за тое, што былі праваслаўнымі беларусамі. Калі б падполле змагалася з камуністычнай, сталінскай уладай, дык гэта яшчэ неяк можна зразумець, але дзіцё не мае поглядаў і не можа быць савецкім агентам. Калі дзяржава ўхваляе і дазваляе акцыі падобныя той, што прайшла ў Гайнаўцы, дык напрошваецца пытанне: у якой мы жывем дзяржаве?

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ