У госці да ворага Масквы



Заўтра з трохдзённым візытам у Грузію прыбудзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Мяркуючы па праграме візіту, ён не будзе насычаны і хутчэй за ўсё мае сімвалічнае, але важнае ў палітычным плане значэнне.

Ранг і характар візітаў кіраўнікоў дзяржаваў бывае неаднолькавы, але заўсёды мае значэніне, куды, да каго і калі яны накіроўваюцца. Дадзены візіт адбываецца ў краіну-удзельніцу праграмы Усходняга Партнёрства, якая стала аб’ектам узброенай агрэсіі з боку Расеі. Грузія абвясціла незалежнасць 9 красавіка 91-га году. Першы прэзідэнт  –Звіяд Гамсахурдзія быў адхілены ад улады шляхам дзяржаўнага перавароту, ініцыяванага расейскімі спецслужбамі. Яго пераемнікам стаў былы міністр замежных справаў Савецкага Саюзу пры Гарбачове – Эдуард Шэварднадзэ. Калі ён спрабаваў далучыць краіну да СНД, самі грузіны узчалі “рэвалюцыю ружаў” і высадзілі савецкага апаратчыка з прэзідэнцкага крэсла. У 2004 годзе яго месца заняў Міхаіл Саакашвілі. Ён адразу сутыкнуўся з праблемамі: сепаратызмам Абхазіі і Паўдзённай Асеціі. Ачуняўшы пасля ельцынскага запусцення і балагану, Расея пачала ўсё больш нахабна ўмешвацца ў грузінскія справы. Празаходні Саакашвілі для Крамля быў абсалютна непрыймальны. Асабліва, калі ўвесну 2008-га году ў Будапэшце ён заявіў аб жаданні далучыць краіну да НАТО. Тут Масква не вытрымала, і ў адказ на спробу Тбілісі вярнуць кантроль над сваімі збунтаванымі рэспублікамі ў жніўні распачала супраць Грузіі вайну. Пад яе патранатам Абхазія і Паўдзённая Асеція абвясцілі незалежнасць, якую вядома ж прызнала Расея і яшчэ пару краін прыязных Расеі.

І тут даходзім да Лукашэнкі. Ён не прызнаў незалежнасці згаданых сепаратысцкіх рэспублік колькі б на яго Расея не ціснула. Беларусь не далучылася да расейскіх візавых і гандлёвых «войнаў» супраць Грузіі. Цяпер беларускі кіраўнік прыбывае ў гэтую краіну, абрубленую з двух бакоў. Ён сустрэнецца з прэзідэнтам Георгіям Маргвелашвілі і прэм’ерам Іракліем Гарыбашвілі. Лукашэнка, што вартае падкрэслення, ускладзе вянкі да мемарыялу салдат, якія загінулі ў барацьбе за адзінства Грузіі, і да магілы невядомага салдата. Беларускі кіраўнік сустрэнецца таксама з грузінскім Патрыярхам Ільём Другім, які карыстаецца у народзе вялікім аўтарытэтам. Ён наведае аўтаномную рэспубліку – Аджарыю, адкажа на пытанні журналістаў і падпіша нейкія дакументы, пра якія пакуль мала вядома. Затое вядома, што адбудзецца беларуска-грузінскі эканамічны форум, дзеля якога Лукашэнка прывёз з сабою віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага. Як мінімум з 2008 году грузінска-беларускія адносіны сталі амаль прыязнымі. У інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу «Дождж» у траўні 2014 году беларускі кіраўнік высока ацаніў былога прэзідэнта Грузіі Саакашвілі, якога Расея проста ненавідзела. «Ніхто за Беларусь так не ваяваў на Захадзе, як Саакашвілі. Ён ім там казаў: ніякіх санкцый быць не павінна, Лукашэнка — нармальны прэзідэнт». Пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Георгія Маргвелашвілі у 2013 годзе Лукашэнка і яму накіраваў цёплае віншаванне.

Мяркую, што падчас гэтага трохдзённага візіту Лукашэнкі ў Грузію не адбудзецца нічога надзвычайнага. Гандлёвы абарот паміж краінамі ледзьве перавышае 50 мільёнаў даляраў у год. Грузія набывае ў Беларусі малочную прадукцыю, сельска-гаспадарчую тэхніку і грузавыя аўтамабілі. Затое найбольш папулярныя грузінскія тавары ў Беларусі — віны і мінеральныя воды, а таксама грузінскія, чарнаморскія курорты. Ад візіту Лукашэнкі Грузія не выцясніць Расею ў якасці галоўнага эканамічнага партнёра, але таваразварот крыху можа павялічыцца. Затое візіт напэўна з’яўляецца дэманстрацыяй палітычнай самастойнасці Лукашэнкі. У Маскве будуць уважліва сачыць за яго крокамі і словамі ў Грузіі. Магчыма там не рады, што Лукашэнка ўвогуле туды папёрся, але ж паспелі прызвычаіцца, што беларускі саюзнік – упарты. Затое, не ўгнявіўшы Маскву, беларускі кіраўнік набярэ ачкоў у Захаду, каб той яшчэ больш ласкавым вокам паглядзеў на яго, што дарэчы ўжо і адбываецца. Вось такая гульня мае месца, у тым ліку і падчас гэтага візіту на Каўказ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ