Украіна не будзе фінансаваць ЛНР і ДНР
Рада Нацыянальнай Бяспекі Абароны Украіны прыняла важныя рашэнні. Яна абвясціла пра спыненне фінасавання тэрыторыяў, кантраляваных сепаратысамі, адмену спецыяльнага статусу для рэгіёна і ўмацаванне абарончых здольнасцяў краіны.
Позна ўвечары намеснік сакратара Рады Аляксандр Лытвыненка паведаміў, што Рада даручыла заканадаўцам неадкладна адмяніць закон, які надзяляў шырокімі паўнамоцтвамі ўлады тэрыторыяў пад акупацыяй сепаратыстаў. „Украінская дзяржава гарантуе жыхарам данецкай і луганскай абласцей гуманітарную дапамогу. Людзі, які там жывуць і не змаглі з’ехаць, не вінаватыя, што апынуліся ў такой сітуацыі. Аднак Украіна не будзе фінансаваць тых непрызнаваных структураў: ЛНР і ДНР. Ён не патлумачыў, якія канкрэтныя крокі будуць прынятыя Кіевам у дачыненні да збунтавнага рэгіёна. Украінскія ўлады і раней заяўлялі, што самаабвешчаныя ўлады на ўсходзе Украіны не плацяць за электрычнасць, газ і цяпло. Лытвыненка дадаў, што Кіеў надалей выказваецца за мірнае ўрэгуляванне канфлікту ў Данбасе, але будзе таксама рыхтавацца да абароны ў выпадку эскалацыі канфлікту. “Мірнае развіццё сітуацыі можна запэўніць толькі шляхам умацоўвання абарончых здольнасцяў,” – дадаў ён.
Скліканае 4 лістапада паседжання Рады Нацыянальнай Бяспекі і Абароны доўжылася 5 гадзін і было найперш прысвечанае абмеркаванню псеўдавыбараў, якія ў нядзелю адбыліся ў Данбасе. Адкрываючы сустрэчу, Парашэнка заявіў, што краіна павінна быць гатова на найгоршы сцэнар развіцця сітуацыі на Усходзе. “Былі сфармаваныя новыя вайсковыя падраздзяленні, якія змогуць адбіць магчымы наступ у напрамку Марыупаля, Бердзянска, Харкава, на поўнач ад Луганска і на днепрапятроўскую вобласць. Прэзідэнт не выключыў, што Рада прыме рашэнне пра ўвядзенне сур’ёзных гаспадарчых абмежаванняў у дачыненні да тэрыторыяў, апанаваных сепаратыстамі, а таксама большы кантроль за ўездам і выездам з гэтага рэгіёна. Украінскія ўлады лічаць, што нядзельныя выбары парушаюць мірныя дамоўленасці, дасягнутыя ў верасні ў Менску. Іх выконваюць толькі два бакі: Украіна і АБСЕ.
Рашэнне Кіева пра спыненне фінансавання збунтаваных рэгіёнаў падаецца лагічным і слушным. Яшчэ задоўга да выбараў іх лідары заяўлялі, што “ўкраінскія законы не распаўсюджваюцца на іх”. Яны не прызнаюць юрыздыкцыі Кіева. Аднак такое рашэнне – кій з двума канцамі. Гэта ўскоснае прызнанне незалежнасці часткі Данбаса, што “вы ўжо не нашы”. Хто ж тады мае ўтрымліваць гэты рэгіён? Хаця ўсе ведаюць, што ўсю гэту кашу заварыла Расея, аднак афіцыйна яна кажа, што не мае ніякага дачынення да канфлікту. Узнікае дзіўная і драматычная сітуацыя, найперш для цывільнага насельніцтва, бо саміх тэрарыстаў і наёмнікаў пракормяць іхныя спонсары. Але як утрымаць: запэўніць ваду, газ, электрычнасць і харчы пары мільёнам чалавек?
У інтэрв’ю для нямецкага выданьня “Більд” міністр замежных справаў Украіны Павал Клімкін заявіў, што “гэта ўкраінскія тэрыторыі і мы іх адаб’ем з рук сепаратыстаў”. Ён заклікаў Захад узмацніць санкцыі супраць Расеі, якая парушыла менскія дамоўленасці і прызнала вынікі нядзельных псеўдавыбараў. Вытурыць з Данбаса ўсе ўзброеныя фармаванні было б найлепшым выйсцем, аднак гэта была б параза Расеі і яе праекта “Новарасеі”. Ці Пуцін можа сабе дазволіць такую паразу? Хутчэй за ўсё – не, і таму хутчэй можна чакаць эскалацыі вайны, чым вызвалення Данбаса.