Валенса: Упаў, але падняўся



У польскіх мэдыях і грамадстве шырокі рэзананс выклікалі дакументы датычныя супрацоўніцтва Леха Валенсы з камуністычнай службай бяспекі. Лідар „Салідарнасці” быў апраўданы Люстрацыйным судом, аднак цяперашняя знаходка праўдападобна прывядзе да аднаўлення следства і стане спробай дыскрэдытацыі былога прэзідэнта і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру.

Пажылая ўдава памерлага летась генерала Чэслава Кішчака, ці то з прычыны наіўнасці, ці карыслівасці, ці у выніку правакацыі ці проста з прычыны адсутнасці пільнасці, зрабіла падарунак ворагам Леха Валенсы. З яе падказкі ў доме генерала была знойдзена тэчка дакументаў з нявысланым лістом датаваным красавіком 96-га года. У ім генерал паведамляе, што дакументы датычаць сакрэтнага супрацоўніка камуністычных спецслужбаў пад мянушкай „Болек”, пад якой працаваў Лех Валенса. З дакументаў вынікае, што Валенса быў завербаваны з 1970 да 1976 гадоў. Гэта значыць, за чатыры гады да таго, як ён узначаліў „Салідарнасць”. Раней такія абвінавачванні Валенсу ўжо выстаўляліся. Сам ён гэтаму паслядоўна запярэчваў. Таксама люстрацыйны суд прызнаў, што гэта фальсіфікацыі, а паперы пра супрацоўніцтва былі ў пазнейшы час сфабрыкаваныя спецслужбамі, каб мець магчымасць дыскрэдытаваць апазіцыянера. У адказ на інфармацыі, што дакументы падаюцца аўтэнтычнымі, з боку палітычных апанентаў Валенсы чуваць галасы, што ён павінен выбачыцца перад палякамі, што ён ніякі не герой, а „сексот”, хлус і здраднік. Сам Валенса падчас візіту ў Венесуэлу заявіў, што гэта не могуць быць аўтэнтычныя дакументы, бо калі б існавалі праўдзівыя, не трэба было б іх падрабляць і ён гэта дакажа ў судзе.

На спробу дыскрэдытацыі Леха Валенсы адрэагавалі дзеячы першай „Салідарнасці”, у прыватнасці Уладыслаў Фрасынюк. Ён рашуча заявіў, што не зменіць думкі пра Валенсу нават у выпадку, калі акажацца, што ён супрацоўнічаў з камуністычнай службай бяспекі. „Мы жывем у краіне, якая публічна і дэманстратыўна заяўляе, што яна каталіцкая, хрысціянская і ўмее прабачаць. Калі б аказалася, што Валенса падпісаў дэкларацыю супрацоўніцтва, потым быў даносчыкам, затым адмовіўся ад гэтага, узначаліў страйк, вялікую „Салідарнасць”, то гэта доказ таго, што меў у сабе дастаткова волі, каб ад цёмных сілаў перайсці на светлы бок моцы. Выпадала б павіншаваць яго за тую незвычайную рашучасць і мужнасць, што падняўся са свайго падзення”, – заявіў Фрасынюк у праграме TVN24. „Яны (гэта значыць кіруючая эліта) хочуць выкрасліць Леха Валенсу з гісторыі Польшчы, дык давайце мы пакажам нашу салідарнасць з ім яе з чалавекам і героям, якога цяпер аплёўваюць. Няхай профіль Леха Валенсы такога, якім яго памятаем з часоў перамогі „Салідарнасці” з’явіцца на нашых профілях у Фэйсбуку”, – заявіў намеснік галоўнага рэдактара „Gazety Wyborczej”, – Яраслаў Курскі. “Гэта тэма, якая павінна аб’яднаць выдаўцоў, рэадактараў, журналістаў і нашых чытачоў. Партал „Onet” разам з „Gazeta Wyborcza” хоча стаць на варце гістарычнай праўды”, – адзначыла Мажэна Сухан, галоўная рэдактарка інфармацыйных сервісаў „Оnet”, які таксама падахвочвае да акцыі салідарнасці з Лехам Валeнсам.

„Люстрацыя”, „папкі” заўсёды для адных у Польшчы былі прыладамі шантажу і палітычнай барацьбы, а для іншых-страховачным полісам. Маўляў: не чапайце мяне, бо маю на вас паперы. Я не ведаю, ці Валенса сапраўды цягам 6 гадоў быў супрацоўнікам спецслужбаў. Можа і быў. Можа непатрэбна гэтак упарта ён запярэчвае сваёй часовай слабасці. Толькі ці гэты грэх перакрэслівае яго пазнейшыя заслугі? Знайдзіце чалавека, у якога ўся біяграфія крыштальна чыстая. Перыяд слабасці быў і ў Сакрата Яновіча, аднак ён меў мужнасць парваць са спецслужбамі за што заплаціў высокую цану. Я не ўпэўнены, што Лех Валенса павінен перад кім-небудзь каяцца, асабліва тымі, якія ніколі нічым не рызыкавалі. Я пытаюся: а няўжо ў гэтай тэчцы толькі кампрамат на Валенсу? А на іншых няма? Пакажыце мне поўнасцю ўсю тэчку, бо інакш гэта выглядае на асабістую помсту. З боку людзей, якія ніколі не зоймуць месца самага распазнавальнага паляка побач з Янам Паўлам II.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ