“Вольная амерыканка”
Учора, 9 кастрычніка, у Saint Louis у штаце Missouri (ЗША) адбыліся другія прэзідэнцкія дэбаты: Хілары Клінтан і Дональда Трампа. Яны прайшлі пасля вельмі няўдалага для Трампа мінулага тыдня. Акрамя яго падазроных фінансава-дзелавых спраў ён зноў не стрымаў языка і наплёў шмат чаго не на сваю карысць.
Другія дэбаты былі падобныя на першыя. Паўтары гадзіны дэбаты вялі двое вядомых тэлежурналістаў з CNN і ABC. Гэтым разам у аўдыторыі засядалі адабраныя Інстытутам Гэлапа выбаршчыкі, якія яшчэ не вырашылі за каго будуць галасаваць. У адрозненні ад першых дэбатаў пытанні ў асноўным задавалі менавіта яны.
Незважаючы на бяссонніцу і факт, што маю тэлеканал CNN, саіх дэбатаў я не глядзеў, аднак прачытаў іх друкаваную версію. Такога брутальнага, нават хамскага паядынку, на мяжы прыстойнасці, у гісторыі прэзідэнцкіх дэбатаў у ЗША яшчэ не было. Яны нават не падалі адзін адному рукі і адразу пайшлі ў атаку. Трамп заявіў, што калі ён стане прэзідэнтам, то пасадзіць Хілары Клінтан за краты. Яна атакавала яго ўзгадваючы зняважлівыя выказванні на адрас жанчын. У выніку, справакавала Трампа на агрэсію і той не быў у стане сэнсоўна адказаць на ніводнае пытанне датычнае важных спраў. Трамп вярнуўся да сваёй старой рыторыкі: што яго суперніца слабая фізычна і палітчна, каб стаць прэзідэнтам, што яна бясконца хлусіць, ды і не можа пахваліцца ніякімі ранейшымі поспехамі. У цэлым, адмыслоўцы лічаць, што ні Трамп, ні Клінтан не могуць адзначаць сваю перамогу. Хутчэй за ўсё яны засталіся ў сваіх „траншэях”.
Калі нават контр-кандыдаты згулялі ў нічыю, то мяркую, што ў горшай сітуацыі апынуўся Трамп. Аказалася, што з 95-га года ён ухіляўся ад уплаты падаткаў. Затым западозрыў сваю канкурэнтку ў сужонскай здрадзе і высмейваў яе фізічныя недамаганні. Пасля стала вядома, што Трамп здаваў у арэнду ў Нью-Ёрку свой будынак іранскаму банку, які падазраецца ў сувязях з тэрарыстамі. Больш за тое, падчас дэбатаў кандыдатаў у віцэ-прэзідэнты напарнік Трампа – Майк Пэнс аказаўся лепшым за самога Трампа і да таго ж прадставіў іншую, чым Трамп, пазіцыю ў многіх пытаннях. Медыі змясцілі шэраг непрыемных для Трампа артыкулаў. Іх агульная выснова такая, што калі б такі чалавек стаў прэзідэнтам, то ён змарнаваў бы ўсе дасягненні эканамічнай палітыкі апошніх дзесяцігоддзяў. З прычыны яго прымітыўнай хамаватасці, мабыць упершыню ў гісторыі ад свайго кандыдата адварочваюцца ўплывовыя аднапартыйцы, бо яны лічаць, што Трамп яўна перабраў меру. Ідзе пра яго выказванне з 2005 года дзе Трамп хваліцца сваім грубым стаўленнем да замужняй жанчыны. У выніку, за гэта яго моцна асудзілі вядучыя палітыкі ад Рэспубліканскай партыі, у прыватнасці сенатар Джон Мак-Кейн. Былая дзяржсакратар, таксама рэспубліканка – Каналіза Райс абурана заявіла: “Хопіць. Дональд Трамп не павінен быць прэзідэнтам. Гэта ўвогуле небывалая сітуацыя, каб аднапратыйцы адварочваліся ад свайго кандыдата. У той жа час Трамп заявіў: “У ніякім разе я не адмоўлюся ад гонкі. Я ніколі не падвяду маіх прыхільнікаў”.
Сітуацыя проста неверагодная. Такіх выбараў у ЗША я не памятаю гадоў 30, калі пачаў імі цікавіцца. Кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі пачало роспачна шукаць спосаб, як замяніць свайго каныдадата іншым за няцэлы месяц да выбараў. Але ж, гэта проста немагчыма. З другога боку, без падтрымкі мясцовых структур сваёй партыі Трамп не можа перамагчы. Фантастыка. Проста нейкія дзівосы.