“Выклятыя” ці “праклятыя”?
Сёння ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны Дзень Памяці Выклятых жаўнераў, герояў незалежніцкага антыкамуністычнага падполля. Па ўсёй краіне адбываецца шэраг урачыстых мерапрыемстваў на грамадскім і дзяржаўным узроўнях. Затое на Падляшшы гэты дзень успрымаецца далёка неадназначна, асабліва ў мясцовасцях, дзе жаўнеры падполля знішчалі мясцовых праваслаўных беларусаў.
Дзень памяці выклятых жаўнераў быў устаноўлены польскім Соймам 3 лютага 2011-га года. З ініцыятывай уганаравання жаўнераў незалежніцкага падполля выступіў у 2010 годзе прэзідэнт Лех Качыньскі. “Выклятымі” альбо “няскоранымі” жаўнерамі лічацца ўдзельнікі падполля, якія ў гадах 1944-1963 выступалі супраць «саветызацыі» Польшчы. Да антыкамуністычнага падполля далучыліся ў першую чаргу жаўнеры Арміі Краёвай. Галоўнымі падпольнымі арганізацыямі былі Аб’яднанне “Свабода і Незалежнасць”, а таксама Аб’яднаныя Вайсковыя і Нацыянальныя Узброеныя Сілы. Паводле гісторыкаў, да ўзброенага падполля належала каля 200 тысяч чалавек. Прыблізна 20 тысяч з іх былі забітыя ў розных месцах сіламі НКВД і польскай Службы Бяспекі. Да 1956 года ўглыб Савецкага Саюзу былі дэпартаваныя больш як 40 тысяч удзельнікаў антыкамуністычнага падполля. Дзясяткі тысяч прайшлі цераз жудасныя лагеры працы. Паводле гісторыкаў, апошні з “выклятых” жаўнераў Юзэф Франчак, мянушка “Лялек”, загінуў 21 кастрычніка 1961 года на Любліншчыне.
Па Падляшшы галоўныя ўрачыстасці пройдуць сёння ў Беластоку. Раней, 29-га лютага, беластоцкія радныя, не без гарачай спрэчкі, прынялі рэзалюцыю ў справе “выклятых жаўнераў”. У кінатэатры “Тон” адбудзецца паказ дакументальных фільмаў, падрыхтаваных Інстытутам Нацыянальнай Памяці. Апоўдні будуць ускладзеныя кветкі да памятнай дошкі на будынку кінатэатра “Тон”. Урачыстасць адбудзецца таксама каля помніка жаўнераў Арміі Краёвай. У 13.00 адбудзецца Імша ў беластоцкай катэдры, а гадзіну пазней – сустрэчы на вайсковых могілках. У 17.00 ад кінатэатра “Тон” рушыць “арганізаваны правымі сіламі Беластоцкі Марш Памяці Выклятых Жаўнераў”. Затое заўтра, у сераду, у 16:30 па вуліцы Варшаўскай, 48 можна будзець паслухаць лекцыю прафесара Пятра Нівіньскага “5-я Віленская Брыгада АК – героі сапраўдныя ці супярэчлівыя”. У 20.00 на гарадскім стадыёне адбудзецца прэзентацыя выставы “Збігнеў Рэцька “Транастка”. Герой беластоцкага падполля”.
Для большасці польскага грамадства “змаганне з камунізмам і саветызацыяй” – станоўчая з’ява. Удзельнікі гэтага змагання – героі. Аднак не для часткі жыхароў Падляшша, што стала відавочным 27 лютага ў Гайнаўцы. На яўна правакацыйныя воклічы з боку маладых прадстаўнікоў правых арганізацыяў, у прыватнасці, «Лягеры нацыянал-радыкадлаў» (ONR): “Слава героям!” – гучалі рэплікі: “Якім героям?” ці “А што, калі б яны спалілі тваю бабулю?” Рэч у тым, што ў адным шэрагу “выклятых жаўнераў” ставіцца і Рамуальд Райс “Буры”, які ў студзені і лютым са сваімі людзьмі паліў вёскі Зані, Заляшаны, Шпакі і Канцавізна. Агулам былі забіты альбо спалены 79 чалавек, у тым ліку вазакі, паслугамі якіх карысталіся жаўнеры “Бурага”. ІПН назваў гэтыя дзенні “генацыдам”. Яшчэ за гадзіну да гайнаўскага маршу ля гарадской управы ў Гайнаўцы сабралася група людзей з транспарантамі: “Буры не наш герой”, “ Вечная слава ахвярам “Бурага””.
З гістарычнага пункту погляду, антыкамуністычнае падполле дзейнічала як партызанка, бо Армія Краёвая была распушчана 19 студзеня 1945 года. Усе падпольныя арганізацыі кшталту “Рух Супраціву Арміі Краёвай”, “Нацыянальныя Узброеныя Сілы” ці “Свабода і Незалежнасць” дзейнічалі насуперак загадам свайго кіраўніцтва і ўрада ў выгнанні ў Лондане. Яны былі нелегальнымі фармаваннямі нават у вачах свайго камандавання. Аднак рэч не ў гэтым. Галоўнае, трэба, як кажуць, “адсеяць зерне ад мякіны”. Калі нават дзеянні антыкамуністычнага падполля ў цэлым былі годнымі ўсхвалення, дык напэўна не тыя, якія знішчалі беларусаў і жыдоў, бо былі сярод “выклятых жаўнераў” тыя, хто забіваў проста недастаткова патрыятычных грамадзян, непалякаў, якіх падазравалі ў прасавецкіх сімпатыях. На вялікі жаль, зараз адбываецца татальнае хваласпеўнае ўсхваленне “выклятых жаўнераў”. У цэлым, гэта добра. Але дрэнна, што гэта адбываецца без аніякага разбору і ўсялякай крытычнасці, аб’ектыўнасці. І вось гэта для многіх жыхароў Падляшша – непрымальна.