З Крамля бачны “натаўскі легіён”



Уладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскія ўлады не жадаюць мірнага, палітычнага ўрэгулявання канфлікту. Па словах расейскага кіраўніка, украінская армія, гэта дэ-факта натаўскі легіён, якія ставіць перад сабой геапалітычныя мэты стрымлівання Расеі.

„Кіеў скарыстаў мірную перадышку выключна для перагрупоўкі сілаў”, – заявіў расейскі кіраўнік падчас сустрэчы са студэнтамі Нацыянальнага мінеральна-сыравіннага Універсітэта „Горны” ў Санкт-Пецярбурзе. „На жаль, афіцыйныя кіеўскія ўлады адмаўляюцца ісці па шляху мірнага ўрэгулявання, не жадаюць вырашаць палітычнымі сродкамі. То спачатку праваахоўныя органы выкарысталі, потым службу бяспекі, потым армію”, – заявіў Пуцін. Ва Украіне, паводле яго слоў, адбываюцца „трагічныя падзеі, па сутнасці, ідзе грамадзянская вайна”. „І ва Украіне, па-мойму, ужо многія гэта выдатна разумеюць”, – сказаў Пуцін. На думку Пуціна, украінская армія – гэта натаўскі легіён, які пераследуе не нацыянальныя інтарэсы Украіны, а мае намер дасягнуць геапалітычных мэтаў стрымлівання Расеі. „Мы часта кажам: украінская армія, украінская армія. На самой справе, хто там ваюе? Там сапраўды часткова афіцыйныя падраздзяленні ўзброеных сілаў, але ў значнай ступені гэта так званыя „добраахвотніцкія нацыяналістычныя батальёны”, – не маргнуўшы вокам, на поўным сур’ёзе, не прадставіўшы ніякіх доказаў заявіў Пуцін.

„Цверджанне, што ва Украіне знаходзіцца „натаўскі лёгіён” – гэта абсурд. Няма ніякага „легіёна НАТА”. Адзіныя, замежныя сілы ва Украіне – гэта расейскія сілы і ў гэтым палягае праблема. Расея падтрымлівае сепаратыстаў пасылаючы ім усё болей зброі, і ў тым ліку цяжкой”, – пракаментаваў словы Пуціна шэф НАТА Енс Стольтэнберг.

Гэтыя словы пра „натаўскі легіён”, пра варожыя сілы, пра спрадвечна расейскія землі і права Масквы на іх, цытую як ілюстрацыю поглядаў і стану духа расейскага кіраўніка. Некалі нямецкая канцлер Ангела Меркель заявіла, што не пазнае Пуціна, што з ім немагчыма дамовіцца. Да яго не трапляюць ніякія рацыянальныя аргументы. Ён жыве у нейкім сваім, нерэальным свеце. Адкуль ва Украіне „натаўскі легіён”, калі НАТА баіцца паставіць Украіне хаця б трохі зброі? Калі сам Пуцін кажа пра „добраахвотніцкія нацыяналістычныя батальёны”, дык гэта ўкраінскія жаўнеры, хай сабе і нацыяналісты.

У той самы вечар 26 студзеня я яшчэ паглядзеў у інтэрнэце дакументальны фільм пра Івана Жахлівага. У момант каранацыі ён таксама на поўным сур’ёзе гаворыць пра знешніх ворагаў, пра законнае права Масквы на землі ад Балтыкі па Сібіры. Садыстычны тыран, уладалюбны параноік, размілаваны ў лютасці і катаваннях. Тэрор з дапамогай апрычнікаў і хлусню ды маніпуляцыю ён абраў за метад кіравання краінай. Яму увесь час трэба з кімсьці ваяваць, пашыраць межы сваёй дзяржавы, бо нібыта усё на ўсход і на захад, на поўдзень і на поўнач спрадвечна належала Маскве.

Пра гэта сведчыць змешчаны ў сеціве фільм пра здзек з украінскіх ваеннапалонных. Ім загадваюць з’есці нашыўкі з нацыянальным сцягам. „Што вы тут робіце ў Данбасе? Хто вас прыслаў? Колькі табе плацяць, сука?”, – дапытвае палкоўніка бандзюга хутчэй з каўказскай чым славянскай фізіяноміяй і са слабой расейскай мовай. Гледзячы гэтыя сцэны напрошваецца пытанне: „а хто вас сюды прыслаў і дзеля чаго? Фільм, хоць і падрэтушаваны, поўныя сцэны для людзей з моцнымі нервамі. Ён паказвае зверства так званых „апалчэнцаў”, якія нагадваюць лютасць апрычнікаў. Хутчэй за ўсё гэта пераапранутыя вязні – крымінальнікі, якім за гэтую службу абяцалі вызваленне. Толькі ў гэтым змантаваным фільме забылі выразаць адну сцэну. Калі палонных вялі да грузавіка, адна жанчына крычыць па-ўкраінску: „Дапамажыце нам, дапамажыце. Выбаўце нас, выбаўце нас ад гэтага ДНР. Мы не ведаем куды дзецца, што дзецям сказаць”.

Метады Івана Жахлівага пераняў іншы садыст і параноік – Сталін. У яго апрычнікаў замянілі энкавэдысты. Цяпер бачна, што знайшліся і ў іх пераемнікі. Прэзідэнт апантаны ідэяй абсалютнай улады і велічы дзяржавы ў якога таксама свае апрычнікі, але цяпер іх называюць „народнымі апалчэнцамі”. Кажуць, што гісторыя любіць паўтарацца, ды і паўтараецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ