Закон «асноўны», але «не галоўны»



15 сакавіка, у Беларусі — важная дата: Дзень Канстытуцыі. 15-га сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У “Асноўны Закон” двойчы уносіліся змяненні і дапаўненні, якія замацавалі дэ-факта пажыццёвае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі, а сам Канстытуцыя набыла чыста фармальны характар.

Беларуская Канстытуцыя 94-га году была пятай па ліку у гісторыі Беларусі. Чатыры ранейшыя Канстытуцыі БССР прымаліся у гадох: .1919, 1927, 1937 і 1978-м. Яна адрознівался ад ранейшых тым, што пісалася для рэспублікі пасля развалу Савецкага саюзу. Паводле Канстытуцыі Беларусь гэта:унітарная, дэмакратычная, сацыяльная, прававая дзяржава, якая ….самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы…За ім прызнаныя правы і свабоды…права на працу, адпачынак, адукацыю, бяспеку… Дзяржава грунтуецца на прынцыпе трохпадзелу ўладаў: заканадаўчай, выканаўчай і судовай…Усе грамадзяне роўныя перад законам…. дзяржава ставіць перад сабою мэту стаць  нейтральнай. Дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і расейская…. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, чые паўнамоцтвы былі значна пашыраныя у 96-м і 2004-м гадох…Ён падпісвае законы, выдае дэкрэты, якія маюць сілу закону…валодае правам распускаць абедзве палаты Нацыянальнага Сходу. Канстытуцыя засноўваецца на прынцыпах: дэмакратызму і  гуманізму, пераемнасці і стабільнасці, легітымнасці, рэальнасці і гарантаванасці, законнасці, вяршэнстве закону.

Бадай самае істотнае тое, што з 96-га году Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай, што у прынцыпе не зь’яўляецца нічым заганным, але супер- прэзідэнцкай краінай, з адзіным, усеўладным кіраўніком. 9 кастрычніка 96-га году,  Лукашэнка гэтак сфармуляваў сваю праграму: «Спробы наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з Вярхоўным Саветам аказаліся дарэмнымі…толькі у выніку канстытуцыйнай рэформы мы зможам урэшце адыйсці ад безупынных, бессэнсоўных палітычных баталій у вярхах і засяродзіцца на праблемах, якія найболей хвалююць нашых людзей…Менавіта у моцнай уладзе сёння выратаванне для нашай дзяржавы і эканомікі…Пры слабым прэзідэнце нашы дамарослыя лібералы і дзермакраты , пад размовы пра усеагульнае дабро, усіх нас пакінуць без штаноў ва уласнай краіне».

Дык вось заканадаўчая і судовая галіны улады маюць чыста фармальны і дэкаратыўны характар.  Скажыце самі: які сэнс мае Вярхоўны Савет, калі паводле артыкулу 101-га,  «Прэзідэнт выдае указы і распараджэнні, арганізуе і кантралюе іх выкананне». Дык навошта заканадаўчы орган? Якая карысць з таго, што паводле 35 36 артыкулаў «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацыяў і пікетавання…гарантуецца дзяржавай», аднак пры гэтым адна агаворка скасоўвае гэтае права, бо гаворыцца, што усё гэта так, але калі «не парушае правапарадак і правы іншых грамадзян і абумоўлена дадатковымі законамі».

У сэнсе літары, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь сфармуляваная гладка: чытаецца лёгка і з прыемнасцю. Яна не лепшая і не горшая за асноўныя законы іншых краін. Усе асноўныя законы пішуцца расплывіста, неадназначна. Гэта і пакідае поле дзейнасці для паправак і для Канстытуцыйных судоў, якія пакліканыя ацэньваць парламенцкія законы і прэзідэнцкія указы на іх адпаведнасць з асноўным законам. Калі паралізаваць альбо маргіналізаваць Канстытуцыйны Суд, гэта вядзе да дыктатуры. Невялікая карысць ад таго, што «я маю на нешта права, калі гэта не пярэчыць іншым законам». Калі Канстытуцыйны Суд не можа вырашаць адносна згоднасці любога іншага закону ці прысуду з асноўным законам, калі нас судзяць паводле нейкіх іншых кодэксаў, дык Канстытуцыя — гэта фікцыя. У Беларусі яна не выконваецца у сваіх асноўных палажэннях: Можа варта пайсці за прыкладам Вялікай Брытаніі і цалкам абысціся без Канстытуцыі. Гэта было б нашмат больш сумленна.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ