Запэцкаешся — не адмыешся
4 траўня ў Менску, у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адбылася цырымонія, прысвечаная Дню катастрофы і гераізму еўрапейскага габрэйства. Між тым польскі ўрад распусціў Раду ў справах процідзеяння расізму, ксенафобіі і неталерантнасці.
Падчас цырымоніі ў Менску былі ўручаны дыпломы і медалі, «справядлівых сярод народаў свету» нашчадкам тых, хто ратаваў габрэяў ад смерці у час Другой Сусветнай вайны. Тады, на тэрыторыі Еўропы былі забітыя каля 6 мільёнаў габрэяў. На тэрыторыі самой Беларусі існавала каля 200 гета, а нацысцкі рэжым знішчыў больш за 800 тысяч беларускіх габрэяў. Напярэдадні свята часовая павераная ў справах Ізраіля ў Беларусі — Юлія Рачынскі-Співакоу заклікала беларусаў супрацьстаяць праявам ксенафобіі і антысемітызму. Дыпламат адзначыла, што сёлета гэты дзень у Ізраілі прысвечаны «героям таго трагічнага перыяду ў гісторыі чалавецтва». «У Ізраілі ў кожнага чалавека ёсць тая ці іншая нітка, якая трагічна звязвае яго з гэтымі падзеямі. Мая сям’я, на жаль, таксама з’яўляецца ахвярай Халакосту. Сёстры і браты маёй прабабулі пахаваныя ў Бабіным Яры ў Кіеве. Я стаю тут сёння перад вамі толькі таму, што мая прабабуля эвакуавалася і правяла ўсе гады вайны ў Ташкенце», — сказала яна.
Юлія Рачынскі-Співакоу адзначыла, што 70 гадоў пасля вайны многія аспрэваюць сам факт Халакосту і адмаўляюць Ізраілю ў праве на існаванне. Яна заклікала быць пільнымі і не маўчаць перад абліччам рэцыдыву ксенафобіі і антысемітызму. У многіх краінах Еўропы, у прыватнасці ў Францыі, антысемітызм сапраўды актывізуецца. Ён заўважны таксама і ў Польшчы, хоць тут амаль не засталося габрэяў.
Тым часам польскі ўрад зрабіў нешта незразумелае. Сваім распараджэннем ад 27 красавіка прэм’ер Бэата Шыдла распусціла Раду ў справах супрацьдзеяння расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і неталерантнасці. Прэс-сакратар ураду Рафал Бохэнэк заявіў, што Рада не магла пахваліцца ніякімі асаблівымі вынікамі сваёй працы, таму будзе існаваць толькі да паловы чэрвеня. Яе абавязкі пяройме Упаўнаважаны ў справах грамадзянскай Супольнасці і Роунапраў’я, міністр Войцех Качмарчык. Рашэнне асудзілі прадстаўнікі апазіцыйных партыяў: «Грамадзянскай Плятформы» і «Сучаснай» (Nowoczesna). «2 траўня лідар кіруючай партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качынскі заявіў, што Польшча павінна заставацца сябрам еўрапейскай супольнасці, а пару дзён раней прэм’ер робіць нешта процілеглае еўрапейскім прынцыпам і нормам», — заявіў дэпутат ад Грамадзянскай платформы Рафал Групінскі. Абурэнне выказала намесніца старшыні фракцыі «Сучаснай» Катажына Любнаўэр. «У сітуацыі калі ў Польшчы ўзмацняюцца настроі варожасці да людзей з іншым колерам скуры, іншай расы, якія карыстаюцца іншай чым польская мовай, установа такога кшталту як Рада, якая была заснаваная папярэднікам Бэаты Шыдла-Дональдам Тускам у лютым 2013-га года вельмі патрэбная», — заявіла Любнаўэр. Дэпутат афіцыйна звярнулася да прэм’ер з запытам, ці тая плануе стварыць арганізацыю, якая займалася б тэматыкай расавай дыскрымінацыі.
Мне цяжка ацаніць, якія былі вынікі працы Рады ў справах супрацьдзеяння расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і неталерантнасці. Можа і сапраўды мізэрныя, бо расісцкіх, ксенафобсккіх інцыдэнтаў у Польшчы проста безліч. З гэтай прычыны Польшча мае не самую лепшую рэпутацыю ў свеце. Калі б расходзілася толькі пра боязь ісламізацыі Еўропы, дык і я падзяляю гэтую боязь. Аднак, сярод палякаў, якія самі масава з’язджалі і з’язджаюць за працай за мяжу і паўсюль іх прымаюць актывізуюцца нацыяналістычныя сілы, кшталту «белая сіла» ці «Нацыянальна-радыкальны лагер». Яны публічна заяўляюць, што «Польшча для палякаў». Якраз у дачыненні да іх улады надзвычай паблажлівыя, што само па сабе насцярожвае. Думаю, што ў пытанні супрацьдзеяння расізму і ксенафобіі польскія ўлады павінны быць вельмі чуллівыя, бо запэцкаць свой імідж лёгка, але адмыцца будзе цяжэй.